На ўрачыстым адкрыцці 11 мая прысутнічалі член беларускага Саюза мастакоў Аксана Аракчэева, грамадзянін Румыніі, калекцыянер, аматар мастацтва Марыус Фларэску, куратар цыкла мерапрыемстваў і выстаў, прысвечаных юбілею Барыса Аракчэева Ксенія Сяліцкая, а таксама намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Мельнік і дырэктар Крупскага гісторыка-краязнаўчага музея Тамара Бальбот.
Да месца адзначыць, што сяброўства Крупскай мастацкай галерэі з Барысам Уладзіміравічам і яго сям’ёй доўжыцца ўжо больш дзесяці гадоў. У фондзе галерэі знаходзяцца 10 палотнаў мэтра і 4 – Аксаны Аракчэевай. Барыс Уладзіміравіч хаця і нарадзіўся на Яраслаўшчыне, жыў у Мінску, але вельмі любіў наш горад, і гэта любоў з кожным годам праяўлялася ўсё больш і больш. У маляўнічых куточках нашай Крупшчыны ён падмячаў падабенства з яго любімым краем у вярхоўях Волгі.
Супрацоўнік Крупскай мастацкай галерэі Таццяна Каваленка прачытала свой верш, які, па яе словах, нарадзіўся якраз напярэдадні 90-годдзя з дня нараджэння Барыса Аракчэева. Пасля прагляду дакументальнага фільма аб жыцці і творчасці Барыса Уладзіміравіча ўсе выступаючыя гаварылі цёплыя словы ў адрас Аксаны Аракчэевай. У сваю чаргу яна коратка расказала практычна пра кожную з выстаўленых карцін і зазначыла, што да канца юбілейнага года вернісажы Барыса Аракчэева будуць праходзіць адзін за адным. Ужо цяпер, як бачым, з’явіліся новыя работы ў галерэі, затым у Мінску ў будынку былога Музея сучаснага мастацтва будзе прэзентавана вялікая калекцыя пейзажаў пад назвай “Яраславія”, створаных Барысам Уладзіміравічам на радзіме, у Яраслаўскай вобласці. Вось-вось адбудзецца вернісаж у Чашніках. Восенню Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага плануе паказаць мінскія ўражанні Барыса Аракчэева. Пазней адкрыецца выстава трох праслаўленых дынастый беларускіх мастакоў (у тым ліку і Аракчэевых) у Празе, і яшчэ адна – зноў у Мінску, выстава майстра і яго знакамітых вучняў.
На выставе ў мастацкай галерэі горада, якая будзе доўжыцца да 11 чэрвеня, можна ўбачыць такія палотны майстра як “Аўтапартрэт” (1960 г. і 80-я), “Бэз”, “Венера і бэз”, “Беларускія прасторы”, “Пейзаж з серабрыстымі вербамі”, а таксама новыя работы Аксаны Аракчэевай.