І вось свята пачалося. Першым на сцэну запрашаюць старшыню Крупскага раённага Савета дэпутатаў Дзмітрыя Клімянкова, які павіншаваў прысутных з 500-годдзем іх роднага пасёлка, зазначыў, што не кожны населены пункт раёна можа пахваліцца такім багатым мінулым, нагадаў, што ў 1762 годзе Бобр атрымаў Магдэбургскае права і свой уласны герб, адзначыў працавітасць мясцовых жыхароў, пажадаў ім здароўя, бадзёрасці, стваральнай працы, поспехаў і ўдачы.
Далей вядучыя зазірнулі ў гісторыю заснавання мястэчка, расказалі аб найбольш значных гадах яго развіцця і станаўлення. Праходзяць гады, стагоддзі, і сёння ўжо гісторыю сваёй малой Радзімы робіць новае пакаленне. Падчас свайго выступлення старшыня Бобрскага сельскага выканаўчага камітэта Уладзімір Загорскі гаварыў аб сённяшнім пасёлка, аб яго вуліцах і домаўладаннях, аб шчырых працаўніках арганізацый і ўстаноў, старэйшых жыхарах. Напрыклад, Марыі Фядотаўне Варанковай у мінулым годзе споўнілася 100 гадоў. Свае 90-гадовыя юбілеі з дня нараджэння сёлета адзначаюць Юлія Сцяпанаўна Арцёменка і Ніна Міхайлаўна Салаўёва. Старажылы пасёлка атрымалі ў свой адрас сардэчныя віншаванні, пажаданні, сувеніры і музычны падарунак.
Навукоўцы сцвярджаюць, што мястэчка атрымала сваю назву ад звера бабра. У нашых продкаў бобр сімвалізаваў дабрабыт, багацце і здароўе. Побач з мястэчкам працякае рака Бобр. На гэтай рацэ былі бабровыя гоны, за якімі глядзелі спецыяльныя сяляне, якіх называлі баброўнікамі. Каля рэчкі і бабровых гонаў было невялікае сяло, якое называлася Забаброўе. Магчыма, тут і жылі гэтыя баброўнікі.
Усе ўважліва слухалі, як пранікнёна гаварыла пра Бобр Тамара Мікалаеўна Суша, якая прыехала сюды разам з бацькамі ў 1955 годзе, і з гэтага часу ён стаў для яе роднай зямлёй. Яна нагадала бобрскія лясы, багатыя на грыбы і ягады, раку, якая вабіць да сябе прахалодай, многіх людзей, з якімі і цяпер падтрымлівае сувязі. Тамара Мікалаеўна – выпускніца Бобрскай сярэдняй школы. У 1963 годзе скончыла інстытут замежных моў. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта.
На свяце віталі самага маленькага жыхара Бабра – Алёшу Кейзу, якому ў гэты дзень споўнілася два месяцы і тры дні. На сцэну запрашаліся бацькі малога – Крысціна і Іван Кейзы. Не была пакінута без увагі і мнагадзетная маці – Лідзія Вішнеўская. Пасля атрымання падарунка жанчына зазначыла, што ў яе пяць дзяцей, дзевяць унукаў і яна мяркуе, што гэта не мяжа, заклікала ўсіх усміхацца, радавацца жыццю і ўсім людзям, якія нас акружаюць.
Затым вядучымі была зроблена завочная вандроўка па вуліцах Бабра, падчас якой вызначыліся дагледжаныя падвор’і і квітнеючыя сядзібы, названы прозвішчы іх гаспадароў. Вуліца Зарэчча: падвор’і Вольгі і Васіля Бярозка, Валянціны і Пятра Палкавенка; вуліца Чабатарова: сядзібы Валянціны і Міхаіла Карнейка, Клаўдзіі і Уладзіміра Конышавых, Інэсы Сухадолавай, Ірыны і Анатоля Ярмоленка; вуліца Талачынская: сядзіба Марыны і Георгія Марцынкевічаў; вуліца Магістральная: падвор’е Аліны і Уладзіміра Залеўскіх; вуліца Казаноўка: сядзібы Марыны і Мікалая Тышкевічаў, Галіны і Юрыя Кейзы; вуліца Конанава: падвор’і Тамары Шэрманавай, Ірыны і Аляксандра Арловых; 2-гі завулак Пушкіна: сядзіба Валянціны Дамбоўскай; вуліца Падольская: падворак Людмілы Швед. Усе яны атрымалі падарункі.
Сувеніры ад арганізацый, у якіх у свой час працавалі і працуюць зараз, былі ўручаны ад Бобрскага сельвыканкама – Міхаілу Карнейку, Юрыю Барысаву, Тамары Мядзведзевай і Марыі Абашынай; ад раённага спажывецкага таварыства – Зоі Жоравай, ад райкама прафсаюза работнікаў АПК – Ілью Леановічу, Канстанціну Раманюку, Людміле Гіро, ад філіяла КУП «Мінскаблдарбуд»- «ДРБУ № 164» – Мікалаю Бялаўскаму і Марыі Князевай; ад Крупскага РКБА – Ганне Ляўшун; ад раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму – Людміле Ерамянок і Юліі Арцёменка; ад Крупскага цэха паштовай сувязі – Любові Кузюва і Наталлі Лазарэвіч; ад Крупскай ЦРБ – Людміле Леановіч і Лідзіі Вінцарэвіч; ад ААТ «Кляновічы» – Мікалаю Сманцару, Мікалаю Грахольскаму і Васілю Бярловічу і іншым.
І вось надыходзіць хвалюючае незабыўнае імгненне: у сонечнае блакітнае неба, як сімвал міру і шчасця, выпускаюцца рознакаляровыя паветраныя шарыкі. Усе прысутныя на плошчы ўзнялі галовы ўверх і назіралі за іх палётам.
Дададзім, што весці ўрачыстую частку праграмы было даручана Ірыне Ярмоленка і Юрыю Еўсявіцкаму. Артысты народнага ансамбля народнай песні – Ірына Ганц, Алена Жызнеўская, Антаніна Драніца, Ганна Клімковіч, Надзея Дзенісенка, а таксама самадзейныя артысты Бобрскага ГпДК, Бобрскай і Каласоўскай сярэдніх школ падрыхтавалі цудоўны рэпертуар песень. Шчырыя апладысменты гучалі пасля выканання кожнага нумара. Больш дзвюх гадзін артысты спявалі, кіраўніцтва мясцовага сельвыканкама жыхароў Бабра ўслаўляла, віншавала, уручала падарункі і кветкі. Урачыстасці закончыліся, але пасялкоўцы яшчэ доўга не разыходзіліся, ізноў падыходзілі да фотавыставы «Бобр у мінулым», узіраліся ў здымкі 1904 года «Бобрская валасная земская ўправа», 1905 года «Будынак школы», 1910 года «Панарама Бабра», шукалі знаёмыя твары былых настаўнікаў і выпускнікоў даваенных гадоў.
Наогул жа, свята сабрала многіх, хто тут нарадзіўся, вучыўся, але па волі лёсу жыве ў іншым месцы. І яны сустракаліся, абдымаліся адзін з адным, успаміналі...