Яшчэ задоўга да пачатку ў фае Цэнтра культуры канкурсанты паўтаралі свой рэпертуар, найграючы асобныя мелодыі. Відавочна, што яны вельмі і вельмі хваляваліся. І вось усе запрашаюцца ў залу. Вядучая Святлана Захар’ева нагадала прысутным, што сустрэча з народным мастацтвам становіцца сапраўдным святам. Адметны той факт, што ў бязмежным акіяне разнастайных музычных плыняў жыватворнымі ключамі прабіваюцца галасы народных інструментаў.
– «Отчего гармонь поет?» «Оттого, что кто-кто любит гармониста» – адказваюць нам словы вядомай песні, – працягвала вядучая. – І, пагадзіцеся, як было не закахацца ў заўзятага хлопца-гарманіста, які па-заліхвацку выконваў «плясовую» ці зацягваў «страдания». Ды так, што ўсе дзяўчаты заміралі ад захаплення! Гармонь і да гэтага часу хвалюе і заваёўвае сэрцы сваім гучаннем. І калі вам хаця б раз давялося пачуць, як іграе сапраўдны гармонік, лічыце сябе шчаслівым чалавекам.
Тут жа былі названы прозвішчы тых, хто ўвайшоў у склад журы. А гэта – старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Кушнер, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Мельнік, намеснік дырэктара Крупскага ТЦСАН Аксана Клімянкова, дырэктар раённага Цэнтра культуры Галіна Бандарык, дырэктар Крупскай дзіцячай школы мастацтваў Надзея Дзенісенка.
Старшыня журы Уладзімір Кушнер прадставіў канкурсантаў, расказаў, што іх выступленні ацэньваюцца па 10-бальнай сістэме, пры вызначэнні пераможцаў будуць улічвацца ўзровень выканаўчага майстэрства, складанасць твора, рэжысура нумара, артыстычнасць і сцэнічная культура, арыгінальнасць. Адзначалася таксама, што пераможца прыме ўдзел у абласным фестывалі-конкурсе.
...На сцэну запрашаецца першы ўдзельнік конкурсу Аляксандр Дзем’яновіч, які прадстаўляў Бобрскі сельсавет. Спявала, залівалася ў яго руках гармонь. Яшчэ б! Зараз жыхар аграгарадка Замкі ён вельмі актыўны ўдзельнік самых розных мерапрыемстваў, праводзімых Каласоўскім СДК. Аляксандра Пятровіча з гармонікам можна сустрэць на святах вёскі, падчас выязных канцэртаў, на конкурсе «Властелин села», які традыцыйна праводзіцца ў г.п. Бобр. І тут ён таксама паказаў клас!
Апладысментамі сустракалі гледачы самага старэйшага канкурсанта, 76-гадовага жыхара вёскі Вялікі Камянец Акцябрскага сельсавета Мікалая Андрэйчыка. Мікалай Іванавіч навучыўся граць на гармоніку яшчэ хлапчуком. Самавучка, ён у дасканаласці авалодаў гэтым музычным інструментам. І сёння многія вяскоўцы і жыхары бліжэйшых населеных пунктаў успамінаюць, як гарманіст граў на вяселлях, народзінах, провадах у армію. Не забываюць гэтага чалавека і сёння. І ён, дарэчы, ахвотна адклікаецца на запрашэнні проста пайграць, як кажуць, для душы.
Трэці канкурсант – ураджэнец вёскі Вялікае Горадна Ухвальскага сельсавета Іван Хвашчэўскі – грае з 5-гадовага ўзросту. Адразу спрабаваў граць на гармоніку, але затым аддаў перавагу баяну. І хаця Іван Міхайлавіч жыве ў суседніх Вяляцічах, ён прымае самы непасрэдны ўдзел у рабоце Выдрыцкага сельскага клуба-бібліятэкі, тым самым разнастайвае культурнае жыццё землякоў. На сцэну Іван Хвашчэўскі выйшаў са сваёй аднавяскоўкай Ганнай Барковай. Песні і прыпеўкі, што выконвала Ганна Іванаўна, прыйшліся даспадобы ўсім. Сваё віртуёзнае валоданне інструментам паказаў і гарманіст.
Пакуль журы падводзіла вынікі фестывалю-конкурсу, для прысутных у зале спяваў народны ансамбль народнай песні «Жывіца».
Для цырымоніі ўзнагароджання на сцэну запрашаюцца ўдзельнікі і члены журы. Пераможцай фестывалю-конкурсу «Ветэранскі гармонік» стаў Іван Хвашчэўскі. Другое месца за Мікалаем Андрэйчыкам і трэцяе месца прысуджана Аляксандру Дзем’яновічу. Усе ўдзельнікі ўзнагароджаны Дыпломамі раённай ветэранскай арганізацыі, ім таксама ўручаны падарункі.