Гадамі багатыя – душой маладыя. Такія словы зноў і зноў гучалі ў зале раённага Цэнтра культуры падчас услаўлення і ўшанавання ўмудроных жыццёвым вопытам людзей залатога ўзросту.
Забягаючы наперад, адзначым, што ветэраны працы прымалі не толькі шчырыя словы, але і ўзнагароды. І нагода таму – падвядзенне вынікаў раённага агляду-конкурсу «Лепшае ветэранскае падвор’е-2017», які быў аб’яўлены яшчэ летам. Пярвічныя ветэранскія арганізацыі разам з сельвыканкамамі праводзілі такі агляд-конкурс на месцах, вызначалі пераможцаў, а фотаматэрыялы прадастаўлялі ў арганізацыйны камітэт.
І яшчэ. У палажэнні аб правядзенні раённага агляду-конкурсу было занатавана, што падчас правядзення раённага мерапрыемства будзе арганізавана выстава па шасці намінацыях. І ад убачанага ў зале раённага Цэнтра культуры вочы разбягаліся: цыбуля і часнок, таматы і агуркі, ігрушы і яблыкі, журавіны і маліна, перцы, кабачкі і патысоны... І гэта не ўсё. Многія гаспадары-фантазёры з баклажанаў, напрыклад, выразалі туфлі, з зялёнага доўгага агурка – кракадзіла, з гарбуза – вазон, запоўнены разнастайнай гароднінай. На імправізаваных міні-сцэнах стаялі слоікі з нарыхтаванымі на зіму гароднінай і фруктамі, грыбамі, салатамі і кампотамі. Тут можна было паласавацца кабачкамі ў самых розных варыянтах: варэннем, аладкамі, кексамі, кавалачкамі кабачкоў у ананасным соку і інш. Дарэчы, усе гэтыя прысмакі прадставіла Марыя Ганчарова – старшыня ветэранскай арганізацыі Халопеніцкага сельсавета. І да пачатку сустрэчы многія знаёміліся з выставамі, падыходзілі да гаспадароў, запісвалі рэцэпты, прасілі нумары тэлефонаў, каб на месцы ўбачыць тую або іншую кветку або цуда на градцы. Але ж інтрыга была наперадзе.
Вядучыя сустрэчы – Святлана Захар’ева і Юрый Еўсявіцкі – гаварылі аб тым, што Дзень пажылых людзей – гэта не толькі дзень мудрасці, вопыту, ведаў, але і дзень новых надзей:
– Мы жадаем усім прысутным пражыць яшчэ шмат шчаслівых гадоў, поўных любові вашых дзяцей і ўнукаў. Няхай не палохаюць вас маршчынкі – яны, быццам праменьчыкі, саграваюць сэрцы тых, хто вас акружае. Мірнага вам неба, яснага сонца, душэўнага спакою і нязгаснага інтарэсу да жыцця.
У далейшым самыя шчырыя і сардэчныя пажаданні дасылалі ўсім намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Вараб’ёў, старшыня Крупскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Лілія Федзькіна, старшыня Крупскай раённай арганізацыі рэспубліканскага аб’яднання «Белая Русь» Алена Сарокіна. Выступаючыя адзначалі актыўную жыццёвую пазіцыю ветэранаў працы, неацэнны ўклад у эканоміку тых прадпрыемстваў і арганізацый, дзе яны раней працавалі, вялікую ролю, што адыгралі ў жыцці нашага раёна.
Удзельнікаў сустрэчы віталі і выхаванцы дзіцячага сада № 2 г. Крупкі. Пад гучныя апладысменты ў вершаваных радках юныя артысты ўшаноўвалі нялёгкую працу на зямлі, услаўлялі агародніну і тых, хто яе вырасціў і прыйшоў на гэта яркае свята.
Перад падвядзеннем вынікаў конкурсу «Ветэранскае падвор’е» старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Уладзімір Кушнер адзначыў, што ўдзел прынялі ветэранскія арганізацыі ўсіх сельсаветаў, г. Крупкі і ветэранская арганізацыя педагогаў. Усяго было прастаўлена 47 падворкаў. Падчас прэзентацыі на экране дэманстраваліся слайды многіх і многіх з іх. Каменціравала слайды намеснік старшыні раённага савета ветэранаў Алена Іотчанка, а па асобных выклікала да экрана нават саміх гаспадароў.
І вось інтрыга раскрыта. І на сцэну для ўзнагароджвання Граматамі раённага аб’яднання ветэранаў і грашовымі прэміямі выходзяць пераможцы. Першае месца ў аглядзе-конкурсе «Лепшае ветэранскае падвор’е» прысуджана Валянціне Кажаноўскай з вёскі Слабада Акцябрскага сельсавета. Другое – Наталлі Крысянковай з пасёлка Крупскі і трэцяе – Аляксандру Рухлінскаму з вёскі Навахросты Крупскага сельсавета.
У намінацыі «Лепшы кветкавод» такія ж заахвочванні атрымалі тры жыхаркі горада: за першае месца – Тамара Папова, за другое – Таццяна Кухлеўская і за трэцяе – Лілія Глушчанка. Тры прызавыя месцы ў намінацыі «Лепшы куток адпачынку» размеркаваліся наступным чынам: Ніне Навахрост з вёскі Навахросты, Людміле Гайдук з аграгарадка Нача Хацюхоўскага сельсавета і Святлане Алешка з г.п. Халопенічы.
Кампетэнтным журы былі падведзены вынікі і сельскагаспадарчай выставы. У намінацыі «Ад прыроды матэрыял – ад майстроў талент» пераможцамі сталі Наталля Сімановіч і ветэранская арганізацыя педагогаў. У намінацыі «Кветкавая фантазія» першае месца было вырашана не прысуджаць, а другое заняла Валянціна Білецкая. Марыя Ганчарова выйграла намінацыю «Мой чэмпіён». За Валянцінай Кажаноўскай і Тамарай Паповай адпаведна першае і другое месцы ў намінацыі «Цуда заморскае». Самым старэйшым ўдзельнікам выставы прызнана 96-гадовая Надзея Аляксандраўна Лобач. У намінацыі «Смачнае лета» першыя месцы прысуджаны Ліліі Глушчанка і Людміле Барчонак, другія – Ганне Барковай і прадстаўнікам раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» Галіне Сініцынай, Але Кошалевай, Таццяне Жукавай і Вользе Зуёнак. Заахвочванні атрымалі і цуда-гаспадыні – Вольга Мартыненка, Аліна Пасека, Ларыса Астроўская, Галіна Малей, Таццяна Кухлеўская, Ніна Бяліцкая і Людміла Гайдук.
На сустрэчы «Няхай будзе цёплай восень жыцця» выступленні і ўзнагароджванні чаргаваліся музычнымі нумарамі, якія выконвалі Ігар Сініцын, Надзея Салаўёва, Яўгенія Дзем’яновіч. Напрыканцы гаспадары міні-падворкаў шчодра частавалі ўсіх жадаючых сваёй прадукцыяй. Меркаванне аднагалоснае – сустрэча ўдалася!