Плюс саракахвілінныя стаянкі ў Ротані, Прошыцы, Дубраўцы і Янаўшчыне. І тады мне здавалася, што гэта вельмі многа. Але на гэты раз маршрут пралягаў зусім у процілеглы бок – на Ухвальшчыну, і, як аказалася ў далейшым, ён быў, як бы мовіць, намнога даўжэй і цяжэй. Але ўсё па парадку.
У адзін з восеньскіх дзён разам з начальнікам ПАСП № 3 Таццянай Мікалаеўнай Петрыкавай і вадзіцелем Міхаілам Уладзіміравічам Грыдзюшка мы ехалі па зададзенаму маршруту. Калі селі ў машыну, мне расказалі, што ён будзе доўжыцца цэлы рабочы дзень і то наўрад ці ўкладзёмся. Але мяне гэтым не спалохалі, бо і першы маршрут закончыўся запозна. Ды і з мотадастаўкай пошты разам са Святланай Рабавай мы пераадолелі дзесьці 250 кіламетраў, наведаўшы 48 населеных пунктаў і прыехалі ў Крупкі амаль цёмным. І на гэты раз настрой быў аптымістычны.
– Нам давядзецца наведаць 15 населеных пунктаў і пераадолець 189 кіламетраў, – гаварыў на пачатку паездкі вадзіцель Міхаіл Уладзіміравіч. – Я ўжо звыкся з тым, што маршрут наш не зусім і лёгкі. Ужо чатыры гады, як асвоіў яго, ды і мой непасрэдны начальнік Таццяна Мікалаеўна са мной працуе ўжо трэці год.
Па дарозе мы гаварылі аб тым, што ў вёсках застаецца ўсё менш і менш людзей. І тыя, хто падыходзяць да паштовай машыны, цікавяцца навінамі раёна, вобласці, рэспублікі, купляюць прадукты, якія тут заўсёды ёсць.
ПЕРШЫ прыпынак – вёска Дзянісавічы. Стаянка – адна гадзіна – з 9.10 да 10.10. Час ад часу прыходзяць вяскоўцы, купляюць патрэбныя прадукты, плацяць за паслугі, кладуць грошы на мабільны тэлефон, цікавяцца многімі іншымі справамі. Да машыны для абмену пошты падыходзіць паштальён Ала Драніца. Пры размове высветлілася, што паштальёнам яна працуе ўжо 17 гадоў. Абслугоўвала жыхароў вёсак Старыя і Новыя Дзянісавічы.
– Цяпер у паштовыя скрынкі раскідваю 167 газет і часопісаў, з іх 44-46 экзэмпляраў раёнкі, – гаварыла Ала Уладзіміраўна. – А ў свой час было ўдвая больш. Тады і людзей было шмат, а зараз многіх пажылых на зіму забіраюць дзеці, таму і газеты яны не выпісваюць месяцаў пяць. За гады сваёй працы вывучыла ўсіх патэнцыяльных падпісчыкаў, ведаю, якую газету альбо часопіс трэба прапанаваць, заўсёды напамінаю, што трэба падоўжыць падпіску. Пагадзіцеся, што пажылым людзям патрэбны і цёплае слова, і ўвага.
І сапраўды. Паштальён, як, дарэчы, і прадавец магазіна – першая асоба на сяле. Менавіта ён даносіць самыя свежыя навіны, расказвае аб падзеях у жыцці краіны і раёна. І ў гэтым мы пераканаліся ўвачавідкі. Да паштальёна падыходзілі падпісчыкі, не чакаючы, калі ён данясе газету, каб пачытаць яе як мага раней. Наогул, машыну сустракалі з радасцю, вяскоўцы расказвалі, дзе растуць грыбы, а дачнікі пыталіся ў вадзіцеля, дзе на Крупшчыне можна парыбачыць.
– За гэтыя гады, што я езджу па маршруту, у мяне з’явілася шмат знаёмых, – гаварыў Міхаіл Уладзіміравіч. – І я заўсёды падкажу, дзе можна злавіць рыбу або назбіраць грыбоў і ягад. І ім цікава пагутарыць, ды я і заўсёды рады сустрэчы.
НАСТУПНЫ прыпынак – 1 гадзіна – Выдрыца. Гэты край, як вядома, славіцца грыбамі і ягадамі. І зноў жа такой восеньскай парой давялося пераканацца ў тым, што людзі не губляюць дарэмна часу – у лясах, якія акружаюць вёску, яны збіраюць грыбы, якіх сёлета ўрадзіла на славу, ідуць у балота за журавінамі.
Паштальён Таісія Казачонак ужо чакае машыну. Хуценька забірае карэспандэнцыю і расказвае:
– Паштальёнам працую тры гады, а па Выдрыцы разношу 70 экзэмпляраў газет і часопісаў. Адразу заўважу, што большасць жыхароў аддае перавагу раённай газеце, таму стабільна яна ідзе ў дамы дзесьці трыццаці вяскоўцаў. З пастаянных падпісчыкаў хачу адзначыць Таісію Мельнік, Сяргея Міронава, Мікалая Мельніка, Таццяну Дзівін і многіх іншых.
За гадзіну, што мы стаялі ў Выдрыцы, давялося пагутарыць і з некаторымі вяскоўцамі, і з загадчыцай мясцовага магазіна Галінай Мельнік. З іх вуснаў давялося пачуць добрыя словы ў адрас вадзіцеля і начальніка паштовай машыны, у адрас раённай газеты.
– Сваю раёнку выпісваю ўжо не адзін дзясятак гадоў, – гаварыў Анатоль Міронаў, які, па ўсім было бачна, чакаў машыну. – Ведаю, што так званы «поштамабіль» прыязджае да магазіна ў строга вызначаны час, я абавязкова, калі нічым не заняты, стараюся падысці. І газеты забяру, і пакупкі зраблю, ды і са знаёмымі тут сустрэнуся.
НЕЗАЎВАЖНА праляцеў час, і мы рухаемся ў вёску Вялікае Горадна. І варта заўважыць, вадзіцелем выверана кожная хвіліна. Машына прыпыняецца каля чарговага дома з паштовай скрынкай, Таццяна Мікалаеўна хуценька ўкідвае газету і паштовы аўтамабіль рухаецца да наступнага дома. Калі атрымліваецца, што карэспандэнцыю трэба апусціць у скрынкі дамоў, што стаяць побач, Таццяне дапамагае і вадзіцель.
А вось насустрач ідзе жанчына, якая просіць адправіць заказное пісьмо. І просьба гэта ў абавязковым выпадку выконваецца.
Час ад часу ўкідваючы карэспандэнцыю, мы праязджаем вёскі Прудок і Малое Горадна. І зноў стаянка адна гадзіна ў вёсцы Старая Слабада. Падчас размовы з паштальёнам Марыяй Парнюшка, якая цяпер абслугоўвае толькі адзін гэты населены пункт, высветлілася, што жанчына на гэтай пасадзе працуе ўжо 20 гадоў. Раней насіла пошту і ў вёску Пышачы. Цяпер жа туды заязджае аўтамабіль. Жыхары Старой Слабады выпісваюць 16 экзэмпляраў «Советской Белоруссии», 34 экзэмпляры раённай газеты, іншую карэспандэнцыю. І тут ужо нас чакалі. Пажылы чалавек з іншага населенага пункта прыехаў на сваёй уласнай машыне за грашовым пераводам, мясцовыя жанчыны жадалі купіць цукар, многія клалі грошы на мабільныя тэлефоны. І ўсіх іх Таццяна адпускала ўмомант.
Наш маршрут ляжаў далей: вёскі Новая Слабада, Матошка, Трудавік, Машчаніца, Бярозка, Мажаны, Свірыдаўка, Сомры... Да машыны падыходзяць людзі, забіраюць газеты і часопісы, купляюць неабходныя тавары, робяць аплату за тэлефон...
І тут нельга не прывесці словы Лідзіі Федарцовай з вёскі Матошка:
– Са з’яўленнем мабільнай пошты і жыць стала весялей. Тут можна заплаціць і за электрычнасць, і на мабільны тэлефон грошы пакласці, і перавод адправіць – наогул, зрабіць усё, што трэба сельскаму жыхару. А што датычыць тавараў штодзённага попыту, то тут і слоў няма. Выбар вельмі і вельмі багаты: макароны, крупы, мука, цукар, сокі, чай, пячэнне, вафлі, цукеркі, безалкагольныя напіткі, алей і шмат чаго іншага. І ўсё гэта можна набыць прама каля свайго дома.
І сапраўды, мне неаднойчы давялося пераконвацца, што паштовы экіпаж добра вывучыў спажывецкія інтарэсы людзей, з якімі ён працуе: каму на якое выданне падоўжыць падпіску, які тавар патрэбен таму ці іншаму кліенту, а хтосьці проста мае патрэбу ў добрым слове. І працуюць яны з улікам запытаў насельніцтва і сезоннасці попыту тавараў.
ЦЭЛУЮ гадзіну мы стаялі ў вёсцы Сомры. Быў час, і мы доўга размаўлялі з Анатолем Казачонкам, які раней працаваў лесніком. Даведаўшыся, што я з рэдакцыі раённай газеты, Анатоль Міхайлавіч адзначыў:
– Усё сваё свядомае жыццё я выпісваю мясцовую газету. Цікаўлюся ўсімі навінамі, якія яна змяшчае. Такая вёска вялікая была – да вайны ў ёй пражывала дзесьці 330 чалавек, налічвалася 65 двароў. Праўда, у лістападзе 1942 года гітлераўцы поўнасцю спалілі Сомры, загубілі 132 жыхары. Але ж пасля вайны яна зноў была адбудавана. Цяпер жа засталося толькі 9 карэнных жыхароў, а так дачнікі на лета прыязджаюць. Нічога няма ўжо ў нас – ні магазіна, ні клуба. Добра, што хоць паштовая машына прыязджае. Яна і газеты прывозіць, і самыя розныя прадукты.
Затым на нашым шляху былі вёскі Новая Ніва, Новыя Пышачы, Старыя Пышачы. І ў кожным з гэтых населеных пунктаў даводзілася па некалькі разоў прыпыняцца, раскладваць па паштовых скрынках карэспандэнцыю, пры сустрэчы з жыхарамі – размаўляць, рабіць якія-ніякія заметкі, каб у наступны раз прывезці іх заказ.
ПА ДАРОЗЕ на зваротным шляху Таццяна Мікалаеўна гаварыла, што на суправаджэнні яна працавала ўжо гадоў 14, а апошнім часам узначальвае поштамабіль. Усяго ёй даводзіцца раскладваць у паштовыя скрынкі 110 экзэмпляраў газет і часопісаў, з іх у сераду і суботу – 69 раёнак. Раней было больш населеных пунктаў, якія даводзілася аб’язджаць. Паштовая машына з Барысава цяпер дастаўляе карэспандэнцыю ў Гумны, Забалоцце, Захараўку, Забянькова, Яджар, Папарнае, Скакоўку, Чарнавосава і іншыя.
– Вы і самі пераканаліся, што ў некаторых населеных пунктах паштовыя скрынкі аб’яднаныя, – працягвала Таццяна Мікалаеўна. – Па-першае, гэта зручна для нас, па-другое, вяскоўцы ўсё роўна атрымліваюць сваю прэсу ў крокавай даступнасці ад дома. Аднак часта надараецца не пакідаць газету або ліст у скрынцы, а наведаць чалавека асабіста. І нагода таму – выдача пенсіі, падпіска, дастаўка заказаных тавараў або проста просьба. І вадзіцеля, і мяне ведаюць у твар усе жыхары вёсак, якія мы абслугоўваем, усе вітаюцца пры сустрэчы. Мы таксама ў сваю чаргу на памяць ведаем іх імёны, прозвішчы, адрасы і нават тое, якую перыёдыку кожны чытае. І нам прыемна прыносіць у дамы не толькі пошту, але і радасць, пазітыўны настрой.
І гэта сапраўды так. Праехаўшы разам амаль 200 кіламетраў дарог па восеньскай калатусе мы сышліся на тым, што, як бы цяжка не прыходзілася, усё кампенсуе своечасова дастаўленая карэспандэнцыя і адчуванне таго, што ў кожным населеным пункце поштамабіль – жаданы госць.