У чарговы раз урачыстае мерапрыемства парадуе прысутных насычанай праграмай на працягу 7 – 8 чэрвеня. На галоўных гарадскіх пляцоўках адбудуцца шматлікія творчыя сустрэчы, цікавыя выставы, тэатральныя пастановы і самае галоўнае – конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.
Прысвечана будзе сёлетняя маштабная падзея 75-годдзю з дня вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама Году малой радзімы.
7 чэрвеня
У першы дзень канцэртная зала Палаца культуры запрашае гасцей фестывалю на ІІ тур рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, які пройдзе ў 10.30 пад фанаграму “-1”. Пачынаючыя артысты прадставяць усе вобласці краіны і горад Мінск.
А ўжо III тур рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні распачнецца на сцэне Палаца культуры ў 15.00 у суправаджэнні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.
Паэтычная пляцоўка “Мой родны кут, як ты мне мілы” з удзелам беларускіх паэтаў будзе сустракаць фестывальнае Маладзечна ў канцэртнай зале Маладзечанскай ДШМ. Імпрэза пачнецца ў 15 гадзін.
Не прапусціце магчымасць сустрэцца з беларускімі творцамі, пабываць там, дзе валадарыць Паэзія.
У зале ўрачыстасцей Палаца культуры ў 16.00 адбудзецца інтэрв’ю з вядомымі асобамі ў рамках аўтарскай праграмы “Суразмоўцы” пісьменніка Навума Гальпяровіча. У бяседзе са знакамітымі гасцямі Навум Якаўлевіч закранае актуальныя праблемы сучаснасці, развіцця беларускай літаратуры, ролі роднай мовы ў фарміраванні грамадскай свядомасці і культуры.
Дакрануцца да гісторыі можна будзе падчас выставы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, прысвечанай 75-годдзю з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Другая сусветная вайна стала цяжкім трагічным выпрабаваннем для ўсіх народаў былога Савецкага Саюза. Гісторыя вызвалення Беларусі будзе прадстаўлена ў гістарычных дакументах, франтавым жывапісе, графіцы, ваенных здымках і газетах. Экспазіцыя пройдзе ў выставачнай зале Палаца культуры ў 17 гадзін.
У 17.30 запрашаем аматараў літаратурнага і музычнага мастацтва сустрэцца з вядомымі паэтамі, кампазітарамі, дзеячамі культуры Беларусі. У канцэртнай зале Палаца культуры адбудзецца музычна-паэтычная гасцёўня “Пад небам бацькаўшчыны роднай”.
Падчас мерапрыемства можна будзе далучыцца да чароўнага свету паэзіі, сустрэцца і пазнаёміцца з сучаснымі беларускімі творцамі, пачуць у іх выкананні лепшыя творы.
На сцэне летняга Амфітэатра ў 21.30 пройдзе ўрачыстае адкрыццё фестывалю. Жыхары і госці Маладзечна змогуць пабачыць прэм’еру канцэрта “Песні вайны”. Музычнае мерапрыемства прысвечана 75-годдзю з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Праграму прадставяць салісты Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – Міхаіл Фінберг. Падчас канцэрта адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.
Святочны феерверк стане яркай кропкай першага фестывальнага дню.
8 чэрвеня
Другі дзень музычнага свята адкрые канцэрт акадэмічнай музыкі творчых калектываў Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесар Міхаіл Фінберг. Выступленне артыстаў адбудзецца ў канцэртнай зале Маладзечанскай школы мастацтваў у 11.00.
Працягне насычаную праграму культурнага дня гала-канцэрт “Маладзічок” запальвае зоркі” лаўрэатаў VІІІ Адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок – 2019”, які пачнецца ў 12.00 на сцэне канцэртнай залы Палаца культуры.
Мінскі абласны краязнаўчы музей запрашае ў 13 гадзін на выставу мастацкіх вырабаў са шкла “Гармонія шкла”. Аўтары выставы Таццяна і Пётр Арцёмавы прадставяць незвычайныя работы, якія акунуць вас у чароўны свет шкла, дзе вы ўбачыце звычайную рэч у незвычайным афармленні.
Для тых, хто любіць цёплыя сустрэчы і душэўныя размовы, трэці год запар праходзіць праект “Асоба эпохі”, дзе героямі становяцца жанчыны-легенды. Тут можна паслухаць цікавыя гісторыі з іх жыцця, задаць пытанні і вынесці для сябе сакрэты поспеху.
У гэтым годзе гераіняй праекта стане заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, вядомая спявачка Надзея Мікуліч. Сустрэча з яркай і цікавай асобай эпохі адбудзецца ў 16.00 у малой зале Палаца культуры.
Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр прадставіць спектакль “Янка Купала: жыццё ў свеце маланак”. Музычная драма-версія, заснаваная на свабоднай трактоўцы падзей з жыцця класіка беларускай літаратуры.
Гэта гісторыя адной няпростай любові – народнага паэта Беларусі Янкі Купалы і Паўліны Мядзёлкі. Тут і закаханасць, і запал, і смутак.
Рэжысёр-пастаноўшчык – Міхаіл Кавальчык.
У Год малой радзімы гэты спектакль з’яўляецца данінай павагі вялікаму беларускаму паэту.
Спектакль адбудзецца на сцэне Палаца культуры ў 18.00.
Яскравым завяршэннем фестывалю ў Маладзечне стане канцэрт-закрыццё ХІХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2019”, які пройдзе на галоўнай пляцоўцы – летнім Амфітэатры ў 21.30. Жыхары і госці горада змогуць атрымаць асалоду ад юбілейнай канцэртнай праграмы “Зорны карагод” Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі з удзелам артыстаў беларускай эстрады. Галоўны матыў канцэртнай праграмы “Зорны карагод” – творчая садружнасць ансамбля з лепшымі выканаўцамі краіны, якая складаецца ў зорную повязь рухаў, мелодый і жанраў.
Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны Валянціна Дудкевіча 60 гадоў з’яўляецца лепшым калектывам краіны. Ён абавязковы ўдзельнік Міжнародных фестываляў мастацтваў у Беларусі і за яе межамі, прадстаўнік культуры Беларусі ў розных краінах свету, зорка святочных і знакавых мерапрыемстваў краіны.
Акрамя асноўных мерапрыемстваў фестывальная праграма прапаноўвае гледачам і ўдзельнікам музычна-паэтычнага свята шэраг цікавых мерапрыемстваў:
- спектакль “Не пакідай мяне” – драматычная балада ў дзвюх дзеях (7 чэрвеня, 00, ДУ “Мінскі абласны драматычны тэатр”);
- канцэрт акадэмічнай музыкі творчых калектываў Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” (8 чэрвеня, 00, канцэртная зала ДУА “Маладзечанская дзіцячая школа мастацтваў”);
- канцэрт джазавай песні ў выкананні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” (8 чэрвеня, 00, Чысцінскі сельскі Дом культуры).
На працягу двух фестывальных дзён разгорнуць працу адкрытыя пляцоўкі, якія размесцяцца на Цэнтральнай плошчы, вуліцы Прытыцкага, у гарадскім парку культуры і адпачынку імя Перамогі. Так, “Фестывальная талака” прапануе гараджанам і гасцям горада выступленні творчых калектываў Маладзечанскага рэгіёна. Выстава дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва будзе прадстаўлена на пляцоўцы “Фестывальная сядзіба”. Народныя майстры, умельцы горада і раёна, майстры-госці фестывалю змогуць прыняць удзел у раённым конкурсе па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву “Вытокі майстэрства”.
Пачне сваю работу АРТ-ФЭСТ “ЛянОК”. Работа пляцоўкі будзе прысвечана аднаму з сімвалаў нашай краіны, адзінай прадзільнай культуры ў рэспубліцы – льну. Многія айчынныя дызайнеры і рамеснікі актыўна ўвасабляюць у жыццё свае ідэі, выкарыстоўваючы нацыянальную культуру. У рамках арт-фэсту пройдзе канцэртная праграма.
Запрашаем наведаць выставу-продаж “Льняныя дзівосы” вырабаў з ільну тэкстыльных і швейных прадпрыемстваў, дызайнераў, самабытных майстроў і ўмельцаў Беларусі, удзельнікаў АРТ-ФЭСТу “ЛянОК”, у рамках якога адбудзецца творчая дэманстрацыя “ЭкаСтыль”. Так, кожны зможа назіраць і ацаніць прамысловыя і дызайнерскія калекцыі мадэляў жаночага, мужчынскага, маладзёжнага, дзіцячага адзення і аксесуараў з ільну. Стыльным і цікавым будзе дэфіле льяной вопраткі.
Магчымасць набыць тавары народнага спажывання з’явіцца на выставе-продажу “Беларускі пачастунак”.
Пабачыць беларускія краявіды, каларытнае багацце краіны, рэалістычныя і сімвалічныя рысы, уласцівыя беларускай прыродзе, атрымаць асалоду ад беларускіх пейзажаў можна будзе падчас “Мастацкага пленэру”. Для аматараў мастацтва адбудзецца майстар-клас па кітайскім жывапісе мастакоў з Кітая.
Знойдуць сабе занятак у святочныя дні дзеці і моладзь фестывальнага Маладзечна, наведаўшы творчыя пляцоўкі “Тэрыторыя дзяцінства” і “Арт-старт”.
Падрабязную праграму ХІХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2019” можна знайсці на сайце http://festyval.by/.