krupki.by

ru RU be BE en EN


Мастак Сяргей Варламаў: «Любая карціна па-асобаму гучыць пад музыку»

Автор / Фарбы и рыфмы души / Вторник, 14 июня 2016 14:44 / Просмотров: 2569

У месяцовай поўні таямніц поўна... Вялікі яркі дыск гэтай загадкавай планеты пануе на цёмным небе. Ён лье сваё прыцягальнае святло, ад серабрыстага бляску якога, здаецца, застылі свет, прырода на зямлі, у захапленні застылі людзі. Мільёны людзей мільёны разоў узіраліся ў гэтае цуда, але містычны ўплыў месяца, напэўна, так і застанецца неразгаданым.

Сябры-вандроўнікі чарговым разам сабраліся ў воднае падарожжа. Маршрут звычайна, улюбёны, адзін: па Бабры ад Крупак і да Чарняўкі, да таго месца, дзе рака ўпадае ў Бярэзіну. Дзесьці ля Шырневічаў прысталі. Месца таямнічае – некалі тут была вёска, а зараз куток некранутай прыроды. Вечарэла. Размясціліся, паставілі палаткі, распалілі вогнішча… Чым больш гусцела змярканне, тым больш уражлівым рабіўся месяц. І вось ужо ад яго немагчыма адвесці вачэй. Згіб ракі, берагі, усё наваколле зрабілася чароўным ад яго містычнага дотыку. Вандроўнікі замёрлі ў сузіранні. Тым часам у душы аднаго з іх гучала рамантычная, пяшчотная і сумная саната вялікага Бетховена. Памяць спрацавала як фота – усё да драбніц, кожнае адценне, кожны штрых. І ўжо не было моцы пераадолець жаданне хутчэй пакласці гэта хараство на палатно, каб занатаваць шэдэўральны сюжэт самай віртуознай мастачкі – прыроды. 

Заўзяты ван-дроўнік і жывапісец Сяргей Варламаў прызнаўся, што ўпершыню яму захацелася, каб паход скончыўся хутчэй:

– Можа, зараз прагучыць неверагодна, але я не мог дачакацца, пакуль вернемся дадому, каб хутчэй узяцца за палатно і фарбы. Хоць эцюднік заўсёды са мной, але часу на яго не было, трэба ж веславаць – у паходзе лайдакоў не пацерпяць. 

Магічны ўплыў месяца, лірычная мелодыя Бетховена, уласныя мары і творчыя памкненні – усё сплялося ў адно ў творчай душы мастака. І з’явілася карціна, напісаная адным подыхам, адным натхнёным парывам. Хоць Сяргей сам сабе і надзвычай строгі крытык, але відавочна, што вынік яму спадабаўся. І на гэта ёсць усе падставы. Калі глядзіш на гэты цудоўны пейзаж, то здаецца, што ён заварожвае, прыцягвае да сябе. Што ж, мастаку ўдалося перадаць загадкавасць планеты.

– Карціна здорава кладзецца на Месяцовую санату. Праўда, такую назву гэты музычны шэдэўр атрымаў пасля смерці кампазітара, які, дарэчы, назваў яго «санатай у духу фантазіі». Мяркую, што мая карціна атрымалася і рэалістычна, і крыху фантазійна. Па маім перакананні, усякая карціна па-асобаму гучыць пад музыку. Я заўсёды свае выставы праводжу ў музычным суправаджэнні, якое выбіраю вельмі прыдзірліва.

Цёплым вечарам мы размаўляем з Сяргеем пра мастацтва. Паветра пахне раннімі летнімі кветкамі, а з неба на нас кідае свой таямнічы позірк месяц. 

– Сяргей, у цябе такія прафесійныя карціны, раскажы, калі ласка, як ты прыйшоў у жывапіс? Хто быў тваім настаўнікам?

– О, гэта было азарэнне! Хоць, па маім меркаванні, даволі позняе. Зараз не магу без усмешкі ўспамінаць свой першы вопыт жывапісца. Уяві сабе: студэнт Калінінградскага тэхнічнага інстытута, які вось-вось меў стаць інжынерам-суднамеханікам, раптам ідзе ў магазін і накупляе пэндзляў, алоўкаў, палотнаў. Мяркую, такі паварот стаўся не без уплыву магіі мора! Прыйшоў на ўзбярэжжа, сеў, пачаў тварыць і… нічога не атрымалася. Першая карціна маслам не ўдалася. Закінуў гэтую справу, а праз месяц вырашыў: дай-ка яшчэ раз паспрабую. Але найперш пайшоў у бібліятэку, літаральна не вылазіў адтуль, вывучаў літаратуру па тэхніцы жывапісу, чытаў пра мастацкія жанры, творчасць знакамітых жывапісцаў. Так што, можна лічыць, што сам сабе стаў настаўнікам.

– Відавочна, што натхніла цябе на творчасць дасканаласць прыроды, хоць зараз у мастацкім асяроддзі Сяргей Варламаў больш вядомы як баталіст?

– Так-так. Але пейзажны жывапіс не пакідаю. Тым больш, што ўсе ваенныя, гістарычныя падзеі і накладваюцца на пейзаж, які, дарэчы, у батальнай карціне мае вельмі важнае значэнне. Ніколі не забуду маю першую батальную сцэну, напісаную яшчэ ў Калінінградскім інстытуце. І зараз гляджу на яе і здзіўляюся, што яна такая ўдалая атрымалася. Тады ўсе студэнты з маёй групы прыехалі на прэзентацыю. Здаецца, што і цяпер адчуваю, як калацілася сэрца, калі здымаў з карціны покрыва, хваляваўся, як ацэняць хлопцы і дзяўчаты? У выніку прайшло на «ўра». А для мастака станоўчая ацэнка – не самая апошняя рэч!

– Атрымліваецца, з тае пары для цябе, чалавека, ўвесь час прафесійна звязанага з тэхнічнымі спецыяльнасцямі (Сяргей зараз працуе ў філіяле «Крупскае УМГ» ААТ «Газпрамтрансгаз Беларусь»), мастацтва стала другой часткай жыцця, у якой творчая душа набывае сваю рэалізацыю?

– Напэўна, што і першай. Відаць, калі чалавеку наканавана пісаць карціны, музыку ці спяваць, то ён будзе гэта рабіць, якія б павароты не рабіў лёс.

– Сяргей, не магу не спытаць, чаму менавіта батальны жанр захапіў цябе найбольш?

– Я вельмі цікаўлюся гісторыяй. Галоўнае месца ў батальным жанры займаюць сцэны бітваў і ваенных паходаў, таму неабходна захоўваць гістарычную дакладнасць. Напрыклад, Барадзінская бітва або бітва пад Оршай. Трэба зрабіць так, каб адлюстраваць самы важны, напружаны момант. Неабходна паказаць людзей у дынаміцы, таму вялікая ўвага заўсёды надаецца дэталям. Батальны жывапіс прыцягвае мяне і тым, што ён спалучае ў сабе элементы іншых жанраў, напрыклад, партрэт, пейзаж, без якіх немагчыма стварыць сапраўды рэалістычную, яркую сцэну, якая б не толькі сведчыла пра падзеі, але і абуджала эмоцыі і пачуцці. Тут няма другасных элементаў, важна ўсё: ад выразу твараў да святла і ценяў, злучэння колераў і фактуры навакольнага асяроддзя.

Дома ў Сяргея Варламава – частка яго калекцыі карцін. Усяго ж ён напісаў больш паўсотні палотнаў, пераважна ў батальным жанры. Каля кожнай карціны можна прастаяць доўга – чапляе літаральна кожны штрых. Нельга не адзначыць багацце дэталяў, якія дапаўняюць і раскрываюць агульную задуму, сутнаць таго гістарычнага моманту, што занатаваў мастак.

– Сяргей, скажы, калі ласка, пісаць батальную сцэну чалавеку, які не бачыў падзей, напэўна, складана? Жывапісцы, якія стаялі ля вытокаў жанру, былі відавочцамі таго, што затым клалася на палатно.

– Безумоўна. Перш, чым узяцца за работу, я грунтоўна вывучаю дакументы, літаратуру, па магчымасці фотаздымкі. Як мага больш падрабязна, пакуль, як кажуць, не ўжывуся ў той час. І толькі тады, калі ўжо аснова сюжэта перад вачыма, падыходжу да мальберта.

– А хто з класікаў табе бліжэй?

– Напэўна, легендарны чалавек і мастак Васіль Верашчагін. Блізкі тым, што пісаў рэалістычна, натуральна, праўдзіва, без непатрэбнага пафасу. На яго палотнах – не пампезныя сцэны, а праўда вайны. Дарэчы, сам Верашчагін, як ваенны, удзельнічаў у войнах і ваенных паходах Расіі таго часу, а гэта канец 19 – пачатак 20 стагоддзя. Загінуў ён у 1904 годзе разам з адміралам Сцяпанам Макаравым, калі падарваўся на міне браняносец «Петрапаўлаўск» на знешнім рэйдзе Порт-Артура.

Зараз Сяргей Варламаў заняты стварэннем чарговага палатна. У яго майстэрні распачатая работа знаходзіцца за шырмай і да пары схаваная ад старонніх вачэй. Дапытвацца таямніцы не сталі, а вось на экскурсію па майстэрні напрасіліся. Там, як і належыць, пануе сапраўдная творчая абстаноўка. Акрамя фарбаў, мальбертаў, багетаў для карцін – яшчэ шмат чаго цікавага. Да прыкладу, калекцыя ваеннага абмундзіравання і амуніцыі часоў некалькіх войнаў. З рэдкіх і самых каштоўных для Сяргея экспанатаў – армейскі шлем узору 1936 года, фуражка яго дзядзькі – лётчыка дальняй авіяцыі, якому давялося бамбіць Берлін, узоры ваеннай формы. Пад столлю вісіць чыгуначны ліхтар пачатку мінулага стагоддзя, якім карысталіся пуцейныя абходчыкі, нават агарак свечкі застаўся з тых часоў. На сцяне – здымак дзеда, што некалі жыў на сядзібе, некалькі філасофскіх чорна-белых фота. А таксама афіша першай выставы маладога мастака Варламава ў Крупках у сярэдзіне 90-х. Любая рэч, на якой спыніцца вока, можа стаць падставай для размовы, нейкай цікавай гісторыі ці нават новай карціны.

Сяргей Варламаў у мастацкім асяроддзі – асоба, знаёмая многім. Вынікам яго творчай дзейнасці стаў шэраг персанальных выстаў: у Оршы некалькі разоў, у Мінску, у Кобрыне ў музеі Суворава. Апошняя адбылася пару гадоў таму ў мастацкай галерэі «З’ява» Барысаўскай цэнтральнай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева. Некалькі яго работ ёсць у экспазіцыі мастацкай галерэі імя Барыса Аракчэева ў Крупках. А кожны, хто прыходзіць у Крупскі гісторыка-краязнаўчы музей, абавязкова затрымліваецца ля дыярамы «Бітва на Бобрскім мосце», якую пры стварэнні экспазіцыі напісалі разам з мастаком Аляксандрам Міхеевым. 

– Хочацца, каб людзі не забываліся пра мастацтва, імкнуліся да яго, бо мастацкі твор – гэта чалавечая душа, – на развітанне сказаў Сяргей, і з ім нельга не пагадзіцца.

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Please publish modules in offcanvas position.