Прыгожае ў прыродзе бязмежнае і невычарпальнае. Яна – сама дасканаласць і гармонія. У прыродзе існуе надзвычайная сіла, што кранае сэрца і напаўняе душу яркімі пачуццямі і жаданнем тварыць. І ты адчуваеш, як затрапятала сэрца, як заззяла ў душы нейкае асаблівае святло, абудзіла ў думках і рыфмы, і фарбы, і вобразы… А гэта значыць, зноў адбылася чаканая сустрэча з ёй, чароўнай і загадкавай паннай, імя якой – Натхненне.
Калі я гляджу на творы Алега Пручкоўскага, то адчуваю позірк яе аксамітна-зялёных вачэй. І ў цудоўных пейзажах, напоўненых свежасцю вясны і густым водарам лета, і ў скульптурах, што выпраменьваюць цяпло дрэва і цяпло чалавечых рук. Мастак, разьбяр, канструктар па прызванні і сталяр па прафесіі Алег Пручкоўскі – асоба вельмі цікавая. Унікум – так называюць яго калегі і знаёмыя. І яны, бясспрэчна, маюць рацыю.
Ён ніколі не піша з натуры, а бярэ толькі ўласныя сюжэты, усе аперацыі з дрэвам, за выключэннем самых дробных, выконвае не разцамі, а на сталярным станку і бензапілой, для таго, каб зрабіць аэрасані – досыць звычайных спадручных прылад.
– Так прасцей, – адзначае Алег.
Зразумела, гэта гаворыць не ён, а яго сціпласць. Але яе мы слухаць не будзем.
«Само сэрца ляжыць да прыроды, я з дзяцінства блізкі да яе» – напэўна, у гэтым і ёсць сакрэт яго мастацтва. Дрэва, яго прыгажосць, магічная сіла. Насамрэч гэта цудоўнае стварэнне прыроды здольнае на многае. Але далёка не кожнаму яно дасць адказ. А яму, майстру, адказвае – сваёй энергетыкай і сваім незвычайным суаўтарствам. У цэнтры творчасці Алега Пручкоўскага – дрэва ва ўсіх яго праявах. І як матэрыял, і як крыніца для натхнення.
Карціну «Дубы» я ўбачыла ў мастацкай галерэі імя Барыса Аракчэева ў Крупках. Давайце ўгледземся ў гэты пейзаж. У цэнтры кампазіцыі – некалькі дубоў, сапраўды, магутныя постаці беларускага лесу. Іх галіны з буйным лісцем распасцёрліся над зямлёй, нібы абярэгі. Нават адчуваецца, што пад імі цёпла, духмяна-ўтульна, спакойна і надзейна. Так і хочацца апынуцца пад гэтымі дрэвамі, атрымаць асалоду ад цудоўнага дня позняга лета, памарыць у цішыні пра нешта прыемнае.
Карціна напоўнена сонцам і шматлікім багаццем адценняў зялёнага – колеру самога жыцця. Свая роля належыць асобным дэталям – адзінокаму старому дрэву на дальнім плане, пары камянёў, драўлянаму мастку праз невялікую рачулку.
Алег Пручкоўскі – перакананы пейзажыст. Цікава, што толькі дзве ці тры карціны ён напісаў з натуры. Але пры гэтым яго пейзажы надзвычай пазнавальныя, угадваецца адметнасць нашых крупскіх краявідаў. І гэта зразумела – прыроджаная назіральнасць, паважлівыя адносіны да прыроды занатоўваюць у памяці нюансы сюжэтаў і адценні колераў. Затым гэта крыху інтэрпрытуе творчая фантазія, і ў выніку атрымліваецца вельмі арыгінальна.
Цікава, што знакаміты расійскі мастак Іван Шышкін лічыў, што толькі працяглае напружанае вывучэнне натуры можа з часам адкрыць пейзажысту шлях для самастойнай творчасці. Разам з тым, ён адзначаў, што толькі бяздарны будзе яе па-рабску капіраваць, у той час як «чалавек з чуццём возьме тое, што яму патрэбна».
Нездарма такія творчыя перакананні прызнанага мэтра вельмі блізкія нашаму мастаку. І не дзіўна, што палотны менавіта Шышкіна знаходзяць у яго душы найбольшы водгук.
– Яго работы прыцягальныя, уражваючыя, вельмі натуральныя, – гаворыць Алег.
Нельга не адзначыць адметную творчую манеру і нашага майстра. У ёй заўважная манументальнасць, капітальнасць.
– Мне падабаюцца моцныя, магутныя дрэвы. Яны сапраўдныя, напоўнены жыццёвай сілай, праўдай, вопытам, – расказвае Алег. – Напрыклад, сцяна лесу – там няма індывідуальнасці. А адно ці некалькі асобных дрэў на яе фоне – гэта ўжо амаль асобы.
Уласна мне ў карцінах Алега бачыцца і асоба самога мастака, чалавека дакладнага, надзейнага, чалавека слова і справы.
Давялося ўбачыць і адну з карцін, напісаных з натуры. Гэтыя загадкавыя мясціны, дзе некалі была вёска Шырневічы, і зараз прыцягваюць да сябе падарожнікаў.
– Гадоў 12 таму мы былі там – на Бабры за старыкам масток, – паказвае палатно Алег. – Праўда, цяпер гэтыя мясціны пазнаць цяжка – зараз там ужо лес.
І зноў жа ўлюбёны зялёны, насычаны, сакавіты, ва ўсім багацці яго адценняў, нібы зіхаціць пад сонцам. Вельмі прыгожае неба. Хочацца пайсці туды, паваліцца ў траву і глядзець увышыню на чароўнае неба.
Увогуле, колькасць карцін мастака набліжаецца да дзвюх соцень. Але на сёння ў дамашняй калекцыі – толькі пяць.
– Пайшлі ў вольнае жыццё, – вобразна гаворыць ён. – Няхай радуюць іншых людзей.
Таццяна КАВАЛЕНКА
Растуць за вёскай нашаю дубы.
Асілкі! Ім гадоў ужо нямала.
Непераможных волатаў такіх
Ні ветрам, ні віхурай не зламала.
Стаяць на варце волаты даўно.
Іх сэрца ні хвіліны не драмала.
Галоўнае, што за зямлю яно,
Надзейнае карэнне, іх трымала.
Магутныя! Пачую гоман ваш.
Лістотай летняй скажаце пра тое,
Што родную зямлю аберагаць
Патрэбна ўсім. І затуляць сабою.
Растуць за вёскай нашаю дубы
Як сімвал моцы, стойкасці, цярпення.
Калі напіша іх мастак, тады
Пейзаж удалы будзе. На здзіўленне!
Нельга не заўважыць, што Алег – прафесійны мастак. Праўда, сталася так, што яго амаль і не вучылі тонкасцям і дэталям, а вось адзнаку работам давалі сапраўдныя майстры. Справа ў тым, што ў свой час юнак паступіў у Маскоўскі завочны ўніверсітэт мастацтваў па класе жывапісу. Дзе Масква, а дзе Крупкі, ездзіць даводзілася рэдка. Карціны пісаў так, як уяўляў сам, адпраўляў па пошце, атрымліваў рэцэнзіі, аналізаваў станоўчае і крытыку. Неўзабаве пайшоў у армію, трапіў служыць у Германію. Адтуль, зразумела, штомесяц свае работы ва ўніверсітэт не нашлешся. Натуральна, што адлічылі. Але затым таленавітага студэнта лёгка аднавілі. Ён прайшоў асноўнае навучанне і два курсы павышанага. Прапаноўвалі яшчэ два гады для набыцця спецыяльнасці настаўніка малявання, але ўжо не стаў. Адзін час Алег быў мастаком на дрэваапрацоўчым камбінаце, і ўжо шмат гадоў працуе сталяром у Крупскім ваенным лясгасе.
А калі я спытала пра першую творчую спробу, то ён з усмешкай узгадаў дзіцячы малюнак на матывы казкі пра рэпку, які беражліва захоўвае мама:
– Здаецца, для дзіцяці тых гадоў і няблага.
Дарэчы, гэта, бадай, адзіная станоўчая характарыстыка, якую ён даў да свайго твора. Да астатніх жа ставіцца досыць крытычна. Асабліва падчас работы і пасля яе. І толькі праз нейкі час робіцца больш лаяльным. Але, як правіла, карціна тады ўжо ідзе ў сваё жыццё, захапляючы хараством і натхненнем новага ўладальніка.
Ці можна спасцігнуць таямніцы творчага працэсу майстра? Як узнікаюць вобразы, як кладуцца на палатно?
– Я і зараз не разумею, адкуль бярэцца і жаданне, і бачанне. Неяк само сабой атрымліваецца. Проста я ў гэтым жыву, – адказвае Алег.
А мне думаецца, што гэта апекаванне той самай загадкавай панны Натхненне. Гэта яна то больш гучна і адкрыта, то крыху цішэй напявае яму сюжэты. І нават калі здаецца, што яна зусім маўчыць, насамрэч гэта не так. Наравістая панна проста чакае першага кроку ад самога майстра, каб потым падхапіць яго адмысловую задуму.
Увогуле эксперыментатарская натура Алега Пручкоўскага ніколі не дае сумаваць. Ён адмысловы разьбяр. І падуладна яго рукам дрэва, і любая нарыхтоўка гатова пераўтварыцца ў аб’ёмную скульптуру, контурны, рэльефны або ажурны твор. Вачэй адвесці нельга! Асобныя яго работы ўпрыгожваюць двор ваеннага лясгаса. На зялёнай траве пад дрэвамі размясціліся глушэц, цецярук, казуля. Пад ёлкай прымасціўся мядзведзь з бочкай мёду. У ажурных альтанках прыемна крыху адпачыць. Зусім нядаўна тут з’явіліся дзве гарматы – на некалькі крокаў адыдзеш, і здаецца, што гэта сапраўдная літая зброя.
Дарэчы, усе аперацыі з дрэвам, за выключэннем самых дробных, выконвае не разцамі, а на сталярным станку.
– Так прасцей, – зноў жа заўважае Алег.
Але нават недасведчанаму зразумела, што гэта не так, бо адзін недакладны рух у момант сапсуе ўсю работу. А мядзведзя і ўвогуле зрабіў бензапілой. Толькі вочы крыху падправіў стамескай.
– У нейкай тэлеперадачы ўбачыў. Думаю, дай паспрабую, – гаворыць ён.
Ну, хіба ж гэта не цуд!
А вось я трымаю ў руках шаблю. Каб не цяпло і мяккасць матэрыялу, то цяжка было б уявіць, што яна з дрэва. Амаль як сапраўдная, з бліскучым лязом і каліграфічным надпісам: «Ложных друзей берегись сам, от недругов спасу тебя я». Ручка і ножны ўпрыгожаны багатым узорам.
Уражвае дакладнасцю дэталяў і драўляная мадэль лесавоза – амаль адзін у адзін з яго магутным арыгіналам. Праз гэта аказалася, што Алег не супраць паэксперыментаваць і з тэхнікай.
– Некалі зрабіў усюдыход на пнеўматыцы і аэрасані, – расказвае ён. – Праўда, аэрасані аказаліся вельмі затратнымі. Там ад вінта цяга – як у самалёта, шмат бензіну трэба. А на ўсюдыходзе крыху паездзіў – па гразі, па балоце. Аднойчы з прыяцелем зімой на рыбалку паехалі, нас абганяў УАЗік і рэзка затармазіў – відаць, не чакаў убачыць на дарозе такое цуда тэхнікі. Ну, мы і сустрэліся… Нічога сур’ёзнага, але ў маёй машыне пашкодзілі пярэдні мост. Аднаўляць ужо не стаў – работы шмат, і разабраў.
Мы яшчэ доўга размаўлялі і пра тэхніку, і пра жывапіс, і пра разьбу. Пра выставы і конкурсы, дзе творчасць Алега атрымлівае высокую адзнаку і прафесіяналаў, і гледачоў. Мне падумалася: «Якая ж яна бязмежная, чалавечая фантазія. І як добра, калі яна ўвасабляецца ў мастакіх творах, што робяць наша жыццё прыгажэйшым!».