Упэўнена, што памяць аб гэтым шчырым і добразычлівым чалавеку назаўсёды застанецца ў тых, хто яго ведаў. І аб гэтым яшчэ раз восеньскім днём нагадаў тэлефонны званок у рэдакцыю: «Чытаю ў раённай газеце, як вы час ад часу нагадваеце аб жыцці і лёсе Віктара Міхайлавіча Каніўчанкі. Хацелася б, каб якая-небудзь грамадская арганізацыя ўзяла шэфства над магілай яго і жонкі. Менавіта Крупкі сталі іх, як кажуць, апошнім прыстанішчам».
І адразу адзначым, што цяпер магілы Віктара Міхайлавіча і Ніны Сямёнаўны Каніўчанкаў, якія знаходзяцца на гарадскіх могілках, даглядаюць выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба «Рубеж». А зараз хочацца яшчэ раз нагадаць аб юнацтве і маладосці Віктара Каніўчанкі.
Нарадзіўся ён у 1923 годзе ў вялікім украінскім сяле Нова-Белае тагачаснага Данецкага краю. Вучыўся ў мясцовай дзесяцігодцы.
– І так цягнуліся мы, яшчэ будучы хлапчукамі, да тэхнікі, цяпер і перадаць цяжка, – успамінаў падчас сустрэчы больш за 30 гадоў таму наш суразмоўца. – Ну, а мне рабіць гэта, як кажуць, сам Бог наканаваў: бацька – вядомы на сяле механік, сястра маці – адна з першых у нашай мясцовасці трактарыстак. Цяпер гэта, вядома, не здаецца нікому вялікім дасягненнем, бо амаль у кожнай сям’і – машына, а ў той час навучыцца кіраваць тэхнікай – самае запаветнае, аб чым мы маглі марыць. А яшчэ пагалоўным было ў нас захапленне фізкультурай і ваеннай падрыхтоўкай.
Усё гэта, у пэўнай ступені, і прадвырашыла далейшы жыццёвы шлях хлопца пасля заканчэння школы. «Пайду ў армію, і толькі ў танкісты», – цвёрда вырашыў ён тады. Аднак да прызыву ў армію юнаку заставалася яшчэ каля двух гадоў. І выйсце знайшлося. Адразу ж пасля дзясятага класа, летам 1940 года, паехаў да дзядзькі, які быў кадравым ваенным і служыў у адной з часцей Кіеўскай асобай ваеннай акругі. Часць дыслацыравалася на Львоўшчыне, у некалькіх кіламетрах ад дзяржаўнай граніцы.
Не, ён не стаў адразу салдатам-танкістам. Не дазваляў узрост. Але жывучы ў дзядзькі, прывыкаў да ваеннай службы. Так было да канца 1940 года. А з першых дзён года 1941 года, не дачакаўшыся патрэбнага тэрміну, ён становіцца салдатам (паспрыяў усё ж такі пляменніку дзядзька).
Ішла мірная служба. Здзейснілася мара – ён механік-вадзіцель танка. Так, яны вучыліся ваяваць, бо былі салдатамі, аднак ніхто з іх – маладых і жыццярадасных – не хацеў паміраць, а значыць, не хацеў вайны. Ды яна непазбежна насоўвалася ўсё часцейшымі правакацыйнымі парушэннямі дзяржаўнай граніцы і ў паветры, і на сушы. А раніцай, 22 чэрвеня, фашысцкія орды нізрынуліся на нашу краіну па ўсёй заходняй граніцы.
У першы ж дзень вайны прынялі бой і танкісты падраздзялення, дзе служыў 18-гадовы Віктар Каніўчанка. Ён расказваў:
– Падрыхтаваныя да маючых адбыцца стрэльбаў, з поўным баявым камплектам наша часць своечасова і ўмела выйшла з-пад бомбавага ўдару праціўніка на запасныя пазіцыі, і вораг на працягу трох сутак не мог нас выбіць з іх. Паспрабаваўшы гэта зрабіць некалькі разоў і не дабіўшыся поспеху, фашысты сталі абцякаць часць з намерам акружыць. Быў атрыманы загад адступаць...
Цяжкі быў гэты час. Крыўдна было адступаць тым, хто верыў у магутнасць нашай арміі, верыў у наш народ. І ўсё ж адступаць даводзілася. Прычын на тое было шмат і сказана аб іх таксама шмат. Ды толькі памяць аб загінуўшых маладых сябрах-аднапалчанах не давала ветэрану пакою ніколі.
Упарта змагаліся ў раёне Львова часці 6-й арміі, у склад якіх уваходзіла і падраздзяленне, дзе служыў Віктар Каніўчанка. Гітлераўскаму камандаванню так і не ўдалося акружыць 6-ю армію, вырвацца на шырокі аператыўны прастор, паскорыць рух да Кіева. У зрыве гэтых планаў вялікую ролю адыгралі танкавыя часці. У значнай ступені таму паспрыяла тое, што на ўзбраенне паступілі новыя танкі «КВ» і «Т-34». Давала знаць і добрая баявая падрыхтоўка.
– Памятаю псіхічную атаку эсэсаўцаў, – успамінаў Віктар Міхайлавіч. – Ніхто з нас не адступіў. У тым баі толькі наш экіпаж падавіў дзве агнявыя кропкі фашыстаў, пасля чаго падбілі і нас. Танк загарэўся. Пакуль выскоквалі з яго, двое з экіпажа былі забіты, а мяне параніла. Праўда, няцяжка – абышоўся медсанбатам.
За той бой танкіст атрымаў першую сваю ўзнагароду – медаль «За баявыя заслугі». Было гэта ў пачатку жніўня 1941 года, а 20 жніўня іх полк вывелі з баёў пад Харкавам для даўкамплектавання. У гэты ж час, згодна загаду Вярхоўнага галоўнакамандуючага, усіх тых, хто меў сярэднюю адукацыю, накіроўвалі ў ваенныя вучылішчы. Так сяржант Каніўчанка трапіў у Саратаўскае танкавае вучылішча.
Заканчваецца вучоба, і ўжо лейтэнантам ён зноў на франтах спачатку на Волхаўскім, потым на Ленінградскім. Тут да яго першай баявой узнагароды дадаюцца яшчэ адзін медаль «За баявыя заслугі», медаль «За адвагу», ордэн Чырвонай Зоркі. Усяго ж на грудзях ветэрана было 18 урадавых узнагарод.
Дзень Перамогі ён сустрэў ва Усходняй Прусіі. А да гэтага былі наступальныя баі. Баі за вызваленне гарадоў Дно, Ноўгарад, Пскоў, многіх іншых населеных пунктаў. У Эстоніі старшы лейтэнант Віктар Каніўчанка атрымлівае цяжкае раненне. Пасля шпіталю, па рашэнні медкамісіі, ён развітаўся з танкавай часцю (на левай руцэ засталося толькі два пальцы). І ўсё ж тэхніцы не здрадзіў – служыў у аўтамабільных часцях.
Не здрадзіў і сваёй юначай мары – быць ваенным. Заставаўся на службе і пасля вайны. Шмат гадоў служыў у Германіі і ў нас, у Беларусі. Па заканчэнні вайны яшчэ амаль 31 год насіў Віктар Міхайлавіч Каніўчанка ваенную форму ў імя мірнага жыцця людзей. Заканчваў службу ў званні падпалкоўніка.
І знаходзячыся на заслужаным адпачынку, няўрымслівае сэрца салдата не дазваляла яму адыходзіць ад штодзённых спраў жыцця. Віктара Міхайлавіча выбіралі старшынёй пярвічнай арганізацыі гарадскога савета ветэранаў вайны і працы, з’яўляўся ён і народным засядацелем Крупскага раённага суда. І тут, да месца адзначыць, ён зноў змагаўся за перамогу дабра і справядлівасці над злом, якое яшчэ жыве сярод асобных людзей. Аднак салдат заўсёды верыў і ў гэтую перамогу, як верыў у тую, да якой ішоў ад першага да апошняга залпа Вялікай Айчыннай вайны.