Ураджэнка Матошкі Марыя Федарцова (у дзявоцтве Глінская) прыгадвае гісторыю нараджэння ідэі так:
– Вясной 2008 года мы, як звычайна, сабраліся на Радуніцу. Наведалі магілкі продкаў і многія сем’і пачалі раз’язджацца. А так хацелася пагутарыць аб жыцці, проста пасядзець увечары на лавачцы, як некалькі дзясяткаў гадоў таму. Хаця б на адзін дзень вярнуцца ў мінулае, дзе ўсе аднавяскоўцы – зноў адна вялікая сям’я. І тады мая сястра Ніна прапанавала: а давайце арганізуем асобную сустрэчу, на якую запросім цяперашніх вяскоўцаў і з розных куткоў свету на добрую і цёплую бяседу. Я, работнік культуры са стажам, узяла на сябе арганізацыйныя моманты. Вызначылі дату, напісалі сцэнарый, запрасілі ўсіх, з кім падтрымлівалі сувязі. Пазначу, што на той час Дні вёскі нідзе яшчэ не святкавалі, а ў нас атрымалася сабрацца і някепска культурна правесці час разам.
Наша суразмоўца – бібліятэкар па прафесіі і спявачка народнага хора народнай песні «Жыцень» ДК «Інтэграл» – мела вопыт правядзення святаў, а таму ведала: каб традыцыя ўкаранілася і атрымала слаўны працяг – першая сустрэча павінна быць цёплай, душэўнай. Такой, каб яшчэ і яшчэ хацелася яе паўтарыць. Так і сталася…
Кожны раз да свята жыхары вёскі рыхтуюцца адказна: пішуць сцэнарый, прыдумляюць дэкарацыі, прывозяць пачастункі і запрашаюць артыстаў. У гасцях не аднойчы былі творчыя калектывы з Ухвалы, народны ансамбль народнай песні «Крупчанка». А ў 2019 годзе на імправізаванай сцэне вяскоўцаў віталі «Песняры». Так, сапраўдны легендарны вакальна-інструментальны ансамбль, стваральнікам якога быў Уладзімір Мулявін. І які прыехаў у Матошку па запрашэнні «сясцёр-масквічак» (так іх называюць зараз аднасяльчане) Тамары і Раісы Дайнека.
І кожны стараецца да гэтага дня падрыхтаваць свой падарунак. Такі, каб ад усёй душы. Марыя Федарцова штогод прысвячае вёсцы ўласны верш. У сёлетнім яе творы кранаюць такія радкі: «Жыццё і радасць, праца і любоў, На ўсё тут сэрца песняй адгукнецца. Сюды прыедзем зноў і зноў, Малітва ў душы – Матошкаю завецца».
А Ніна Федорцова, якая зараз пастаянна жыве ў Жодзіна, напярэдадні свята абавязкова вяртаецца ў Матошку, каб прыбрацца ў бацькоўскім доме і печ пратапіць, пірагоў напекчы. Дазваляе падключыць музычную апаратуру да сваёй сядзібы і пагасціць у хаце знаёмым, у якіх дамоў у роднай вёсцы не засталося.
Штогод на свята прыязджае і сям’я Івана Юбко з Крупак. Хата іх бацькоў – адзін са знакавых аб’ектаў фотазоны. Справа ў тым, што сяльчане вядуць агульны фотаальбом з памятнымі здымкамі, на якіх можна пабачыць тых, каго даўно няма. Дык вось, на адным з такіх «гістарычных» здымкаў – выява трох жанчын ва ўзросце. Сфатаграфаваны яны ля сядзібы Юбко ў 70-я гады. А крыху пазней на тым жа месцы на лавачцы зрабілі здымак прадстаўніцы маладзейшага пакалення – іх дочкі. На старонцы альбома гэта выглядае вельмі сімвалічна і кранальна. І вось сёлета на той жа лавачцы былі зроблены яшчэ два здымкі – іх унучак і праўнукаў.
На 15 гадавіну вясковага свята Матошку віталі 64 удзельнікі. Гэта разам з артыстамі і гасцямі з суседніх вёсак. Шмат было дзяцей. Спявалі, праводзілі віктарыны, ладзілі гульні, традыцыйна загадвалі жаданні вакол волата-дуба ў цэнтры населенага пункта.
Старшыня Ухвальскага сельвыканкама Святлана Гатчэня адзначае:
– Працую з вяскоўцамі не першы год. І ведаю, якія шчырыя людзі жывуць у гэтых мясцінах. І тым не менш, была прыемна ўраджана, наколькі цёплай і прадуманай да дробязяў была сустрэча. Яны самастойна арганізавалі свята і запрасілі нас – у якасці гасцей. Віталі караваем і хлебам-соллю, што было вельмі прыемна. І канцэрт быў з вершамі і спевамі, выступленне артыстаў Ухвальскага цэнтра культуры і вольнага часу. Адчувалася, што людзі ў гэтай вёсцы добрыя, душэўныя. А прыехалі і прыйшлі ў Матошку ў гэты дзень не толькі карэнныя жыхары, але і прадстаўнікі з Машчаніцы, Мажан, Старой Слабады, пасёлкаў і нават Новага і Старога Сокала.
– Сапраўды, гасцям мы шчыра рады, – працягвае размову Марыя Федарцова. – І цяпер у нас нарадзілася яшчэ адна задума: арганізаваць агульнае свята землякоў. І запрасіць на бяседу не толькі ўраджэнцаў Матошкі, а і бліжэйшых населеных пунктаў. Хочацца больш новых сустрэч. Я памятаю часы, калі толькі ў Матошцы жылі каля 160 чалавек. У нашай вёсцы была школа, фельчарска-акушэрскі пункт, клуб і бібліятэка, магазін, ферма. Аўтобусы хадзілі – чатыры рэйсы ў дзень з Барысава і Крупак. А ў выхадныя дадаткова – з Мінску. Цяпер у Матошцы пастаянна жыве адзін жыхар – дзядзька майго мужа Фёдар Кірылавіч Федарцоў. І на лета ў свае хаты прыязджаюць дзве жанчыны. А хочацца, каб тут ізноў быў цэнтр прыцягнення. Каб была нагода землякам прыязджаць у родныя вёскі. Нават калі на радзіме блізкіх людзей не засталося.
І яшчэ нам жыхары Матошкі рассказалі некалькі цікавых фактаў. Адзначылі, что хаты ў іх ваколіцы ніколі не ведалі замкоў. Зачынялі дом на клямку і ішлі ў лес, поле, кароў сустракаць і пасвіць. Свабодна заходзь – хто пажадае. Але не было выпадкаў, каб з хаты нешта вынеслі. Давяралі людзі суседзям, як сабе. І за дзецьмі прыглядалі гуртам. Усе былі сапраўды, як родныя.
А калі ў адзін дзень рабілі провады ў армію двух стрыечных братоў Генадзя і Валерыя Глінскіх, і бацькі ім ладзілі вечары, то вяскоўцы дамовіліся так: адна палова вёскі пайшла да Генадзя (бліжэйшыя дамы), другая – да Валеры. Каб у кожнага з хлопцаў была свая шумная святочная вечарына.
– І наогул у Матошцы ўсе значныя падзеі раней адзначалі сумесна, – падкрэслівае Марыя Дзянісаўна. – Вяселлі былі, як паказваюць у фільмах, дзе гуляе ўся вёска. І сем’і былі вялікія. Толькі ў маіх бацькоў дзевяць дзяцей, я малодшая. Усіх выхавалі працалюбівымі. І ніхто не сумаваў – нам было цудоўна. Цяпер толькі ўспамінаць тыя шчаслівыя імгненні. Ведаеце, мы нават фізічна адчуваем сілу, што дае зямля продкаў. Прыязджаем на свята – і ёю наталяемся. Нездарма кажуць, чалавеку неабходна адчуваць карані, каб быць моцным і ўпэўненым, рашучым, смелым. Я заўсёды на свята вёскі бяру дзяцей-унукаў. І ім такія сустрэчы карысныя. Унучок Саша, якому пяць з паловай гадоў, на свяце быў малодшым сярод землякоў. А самай старэйшай з аднавяскоўцаў – Зінаіда Панкевіч, ёй 80 гадоў. Адзінаму пастаяннаму жыхару Матошкі Фёдару Федарцову – 78. Маё галоўнае пажаданне – жыві родная старонка! Аднавяскоўцам, жывіце доўга і актыўна далучайцеся да добрай традыцыі.