krupki.by

ru RU be BE en EN

Калі пачалася вайна, Васілю Дзеравянку не было яшчэ і 14-ці



Калі пачалася вайна, Васілю Дзеравянку не было яшчэ і 14-ці

Автор / Главные новости / Панядзелак, 06 Май 2019 10:35 / Просмотров: 1557

 

Васіль ДзеравянкаПерамога! З геніяльнай дакладнасцю аб ёй спяваюць як аб «свяце са слязамі на вачах». Сапраўды, гэта слова ўвабрала ў сябе слёзы горычы, болю, пакут і слёзы шчасця, радасці вызвалення і перамогі над лютым ворагам. 9 Мая – урачыстая дата, дарагая кожнаму з нас. 1 418 дзён і начэй доўжылася для нашага народа Вялікая Айчынная вайна. Гэта быў час цяжкіх выпрабаванняў, нябачнага гераізму і мужнасці. Таму Дзень Перамогі заўсёды быў і застаецца галоўным святам усіх брацкіх народаў, што змагаліся з агульным ворагам.

У памяці новых і новых пакаленняў нашых людзей не згаснуць суровыя і слаўныя гады Вялікай Айчыннай вайны. Мы з гонарам і прызнаннем схіляем галовы перад тымі, хто, не думаючы аб смерці, ішоў у бой дзеля таго, каб выстаяць і перамагчы. Шаноўныя ветэраны, прыміце ўдзячнасці паклон!

Калі вайна віхурай уварвалася ў мірнае жыццё нашай Радзімы, Васілю Дзеравянку са Старых Пышачаў не было яшчэ і 14-ці. Гэта ўзрост, калі ты ўжо не дзіця, але яшчэ і не дарослы. Не па сваёй волі вельмі хутка пасталелі Васіль і яго равеснікі. Яшчэ падлеткамі яны засталіся гаспадарамі і апорай для сем’яў. У іх сэрцах кіпела лютая нянавісць да ворага. Яны імкнуліся разам з салдатамі біць праклятага акупанта і, нягледзячы на свой узрост, стараліся стаць у строй змагароў. Васіль Антонавіч неаднаразова падкрэсліваў, што ніколі не сцяруцца з памяці тыя далёкія жахлівыя дні, калі войскі акупантаў усё тапталі і тапталі родную зямлю. Дні спляталіся ў месяцы, месяцы ў гады, але ўрэшце надышоў выратавальны 1944-ы.

Менавіта ў 1944 годзе, калі савецкія войскі вызвалілі Беларусь, Васіль Дзеравянка змог трапіць у армію. Сумленна служыў з 10 снежня 1944 года і па 27 сакавіка 1951 года, у тым ліку ў дзеючай арміі па 9 мая 1945-га. Вось яго паслужны спіс: курсант 44-га запаснога стралковага палка, стралок 438-га стралковага палка і зброевы камандзір 457-га стралковага палка. Далей Васіль Дзеравянка ў званні старшага сяржанта працягваў службу камандзірам аддзялення ў розных воінскіх часцях.

– Тата заўсёды неахвотна ўспамінае вайну, – гаварыла дачка Ніна Васільеўна, якая пераехала да бацькі з Мінска. – І мы гэта добра разумеем, бо для яго тыя часіны – самыя балючыя перажыванні. Час ад часу нагадваў, як яны, яшчэ хлапчукамі, уцякалі з вёскі, каб іх не забралі ў Нямеччыну, як хаваліся ў лясах. Пасля прызыву ў армію тату давялося служыць амаль сем гадоў. І рабіў ён гэта з вялікай адказнасцю, ведаю, што шмат давялося спазнаць, шмат пабачыць гора.

– Чалавечая памяць... У ёй зафіксавана ўсё: радасці і беды, поспехі і паражэнні, нават самыя дробязі, якія адбываліся шмат дзесяцігоддзяў таму, – уступіла ў размову інспектар па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Крупскага ТЦСАН Наталля Французёнак. – Засталося не так і шмат людзей, убеленых сівізной, зведаўшых ваеннае ліхалецце. Мы помнім тых, хто каваў Перамогу ў гады вайны і жыве побач з намі. Мы аддаем ім даніну павагі і ўдзячнасці, імкнемся рабіць усё, каб яны адчувалі сябе камфортна. Уважлівымі клопатамі акружыць ветэранаў Вялікай Айчыннай – наш святы абавязак. Я пераканалася ў тым, што нашы ветэраны – людзі не надта патрабавальныя. Але мы разумеем іх сціпласць, і стараемся самі бачыць іх праблемы, патрэбы і заўсёды ахіляць сваім клопатам.

І гэта сапраўды так. Падчас нашай сустрэчы з удзельнікам вайны Васілём Антонавічам у адрас сацыяльных работнікаў мы пачулі толькі самыя шчырыя словы.

– Як добра, што ёсць такая служба, – гаварыла Ніна Васільеўна. – З дапамогай добрых, нераўнадушных людзей у доме бацькі заменена электраправодка і перароблена печ. Я вельмі і вельмі ўдзячная сацыяльнаму работніку Ларысе Леановіч, якая аказвае дапамогу ў хатніх справах. Увішная, уважлівая, яна заўсёды знойдзе ласкавае слова, каб прыдаць дзядулю бадзёрасці і ўзняць яго настрой.

…Пасля вяртання на малую радзіму і заканчэння аддзялення механікаў-камбайнераў Смалявіцкай школы механізацыі сельскай гаспадаркі Васіль Антонавіч шчыраваў у мясцовым калгасе і маладому механізатару не было роўных. Змяняліся назвы гаспадарак – «Чырвоная Слабада», «Ухвала», «Новая Ніва», а ён аддаваў усяго сябе зямлі-карміцельцы. Працоўны стаж – амаль 40 гадоў – гаворыць сам за сябе.

Не злічыць, колькі Ганаровых грамат, Падзяк, Дыпломаў атрымаў трактарыст за час работы. З гонарам паказаў ён і сваю галоўную ўзнагароду – ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, атрыманы ў 1973 годзе. 

– Помню, што тату заўсёды запрашалі на розныя ўрачыстыя мерапрыемствы ў Крупкі і нават у Мінск, – расказвала дачка. – Ён і сёння выйдзе на вуліцу і па гуку трактара, які праязджае па дарозе, адразу вызначае яго марку. Хаця тады і не было такой магутнай тэхнікі. Дзясяткі гадоў падчас жніва тата садзіўся за штурвал камбайна. У кнізе «Памяць. Крупскі раён» ёсць здымак яго і памочніка камбайнера, зроблены ў 1962 годзе. Успамінае ён і былых кіраўнікоў саўгаса «Новая Ніва». А вось аб навінах Крупшчыны даведваецца з раённай газеты, якую чытае, дарэчы, без акуляраў, глядзіць тэлевізар, штодзень раніцай і ўвечары мы выходзім на прагулку.

За гэтыя гады набралася сіл і сямейнае дрэва Васіля Дзеравянкі. Разам з жонкай Таццянай Іванаўнай яны выхавалі траіх дзяцей – Ніну, Мікалая і Васіля. Выраслі ўжо і 5 унукаў, два з якіх падарылі тры праўнукі. Вось-вось прыедзе ў Старыя Пышачы ўнук Аляксандр, у сям’і якога паўгода назад нарадзіліся двайняты. Вось ужо будзе прадзядулю радасці!

...У гэтыя веснавыя дні пад вокнамі дома з чырвонай зоркай расцвіла чаромха, патанаюць у белай квецені пладовыя дрэвы. Успамінаецца Васілю Антонавічу квітнеючы май 1945-га. І ў гэты час ён часта гаворыць: «Галоўнае, дзеткі, каб ніколі-ніколі не было вайны!»

Автор

Татьяна Толкачева

Татьяна Толкачева

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.