У экспазіцыі — работы ветэранаў, класікаў беларускага мастацтва з калекцыі Беларускага саюза мастакоў. Кожны твор — пранізлівы аўтарскі погляд у мінулае, аб’яднаны вялікай любоўю да сваёй краіны і народа. У эпічных жывапісных палотнах краявіды, партрэты, моманты значных падзей беларускай гісторыі.
— Гледзячы на гэтыя цудоўныя карціны, можна любавацца пейзажамі і адначасова чуць музыку нашай цудоўнай радзімы, успамінаць любімыя куточкі роднай зямлі, — сказала, адкрываючы святочную імпрэзу, начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Ала Шахоцька. — Прыемна, што наш Нацыянальны фестываль пашырае свае межы. У праграме сёлетнега мерапрыемства не толькі канцэрты, выступленні народных калектываў, сустрэчы з паэтамі і кампазітарамі, але і тэатральныя пастаноўкі, спектаклі, выставы, што ў Год гістарычнай памяці асабліва каштоўна.
«Партрэт калгасніцы» Пятра Крахалёва, «Калодзеж» Сяргея Каткова, «Супакаенне» прызнанага майстра пейзажнага жывапісу і тэатральна-дэкаратыўнага мастацтва Паўла Масленікава, які лічыў, што «Чалавеку патрэбен адпачынак, духоўнае абнаўленне, ачышчэнне… патрэбен ціхі, прывабны куточак прыроды…»
— У Год гістарычнай памяці Беларускі саюз мастакоў ладзіць выставы па ўсёй краіне, — расказвае яго старшыня Глеб Отчык. — Перавагу аддаём нашым мастакам-ветэранам, якія ў нялёгкі пасляваенны час паказвалі гераізм і патрыятызм людзей, а таксама іх павагу адно да аднаго, любоў да Айчыны. Вельмі хочацца, каб маладзечанцы і госці не міналі гэту залу. І атрымлівалі ад сустрэчы з мастацтвам толькі добрыя і светлыя ўражанні.