На ваеннае ліхалецце прыпала маленства Аляксандры Міхайлаўны Шуцько з Ухвалы. І хоць мінула шмат гадоў з той пары, памяць часам ускалыхнецца болем з глыбінь душэўных. І гэта зразумела – такія раны не загойваюцца.
Разам з мачахай маленькая Саша аповяду была сагнана ў Германію.
– Маці мая памерла пры родах, – распавядае Аляксандра Міхайлаўна. – Яе бацькі, мае бабуля і дзядуля, забралі мяне жыць да сябе. Бацька ажаніўся з другой жанчынай. Як я апынулася з ёй у Германіі, не ведаю. Ды і не ўсведамляла яшчэ, што адбываецца вакол. Памятаю толькі, як увесь час кудысьці ўцякала, а мяне зноў вярталі. Мы былі не ў канцлагеры, мачаха працавала ў баўэра. Пра гэта я слаба памятаю. А вось вяртанне дадому памяць захавала назаўжды. Ды і ўзрост ужо больш свядомы – усё ж такі сем гадоў мне было. Доўга ехалі ў дзіравых эшалонах – холад, голад, смага, хваробы, цесната ад вялікай колькасці людзей. Праз дзіркі бачна было, якая разруха вакол. Адна радасць сагравала душу, што Беларусь ужо вызвалілі і ўрэшце рэшт доўгая дарога скончыцца, і мы вернемся у родную вёску.
Расказвала Аляксандра Міхайлаўна са слязьмі на вачах. На ўсё жыццё трагічная старонка біяграфіі працятым болем адгукаецца ў сэрцы жанчыны.
– Даехалі да станцыі Крупкі, – працягвае аповяд Аляксандра Міхайлаўна. – Нейкі мужчына давёз нас на кані да Дзянісавіч. А ўжо адтуль да Ухвалы ішлі пешшу. Дома сустрэў дзядуля, бабулі ўжо не было. Мы былі такія кволыя, абяссіленыя. Сын мачахі, крыху малодшы за мяне, хутка памёр. А мяне дзядуля выхадзіў, я з ім так і жыла. Як дзядулі не стала, мне прыйшлося ісці ў калгас працаваць. А што рабіць? Трэба было неяк жыць. А мне ўсяго трынаццаць гадоў. Хапіла гора, што казаць!
Як наказ сучаснікам і наступным пакаленням прагучалі словы жанчыны:
– Ой, дзеткі, крый, Божа, ўсіх людзей ад вайны! Гэта самае жудаснае і страшэннае, што ёсць на свеце. Хай заўсёды будзе мір! Беражыце і захоўвайце яго – самы дарагі і бясцэнны скарб.
Ужо 23 гады, як пайшоў з жыцця муж Аляксандры Міхайлаўны. Вялікая радасць – дзеці і ўнукі. Наведвае жанчыну сацыяльны работнік, аказвае дапамогу па гаспадарцы. Не забываюць прадстаўнікі мясцовай улады – на кожнае свята сталі прывычнымі візіты спецыялістаў і старшыні сельвыканкама.
– Цяпер жыць добра, – кажа Аляксандра Міхайлаўна. – Ёсць усе ўмовы – і для нас, старэйшага пакалення, і для моладзі. Толькі трэба цаніць, што маем.
Іна ГАРА.
Фота
Ухвальскага сельвыканкама.