– Адразу заўважу, што наш лясгас штогод накіроўвае значныя сілы і сродкі на навядзенне парадку ў лясным фондзе, – расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Крупскага лясгаса Наталля Камовіч. – Разам з тым, праблема несанкцыянаваных звалак будаўнічых і бытавых адходаў, іншых пабочных прадметаў у лясах, якія прымыкаюць да аўтамабільных дарог і чыгункі, вакол населеных пунктаў, садаводчых таварыстваў, на пляцоўках адпачынку і аўтастаянках па-ранейшаму застаецца актуальнай. Работнікі лясной гаспадаркі заклікаюць нераўнадушных жыхароў раёна аб’яднаць намаганні і ўнесці свой уклад у навядзенне парадку: добраўпарадкаваць прылеглую да сваіх населеных пунктаў тэрыторыю ляснога фонду. Стаць удзельнікам акцыі зможа кожны жадаючы. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў любое лясніцтва і заявіць аб сваім жаданні дапамагчы ў навядзенні парадку ў лесе. Лясгас забяспечыць усіх удзельнікаў акцыі «Чысты лес» неабходным інвентаром.
Падчас правядзення акцыі будуць задзейнічаны 23 аб’екты. На 15-гектарнай плошчы будзе пасаджана 12 000 дрэў. Плануецца, што наводзіць парадак у лясных масівах і рабіць новыя пасадкі выйдуць звыш пяцісот чалавек.