Адразу варта зазначыць, што перад пачаткам свята адбылася адметная падзея – асвячэнне крыжа, які па просьбе жыхароў быў устаноўлены на ўездзе ў Клішана яшчэ напярэдадні. Малебен з гэтай нагоды правёў святар Халопеніцкай царквы айцец Аляксандр.
Вітаючы ўсіх прысутных, старшыня Халопеніцкага сельскага выканаўчага камiтэта Андрэй Вакулаў зазначыў:
– Свята вёскі – компас, які вядзе ўсіх да каранёў сваіх продкаў, вяртае да вытокаў, яднае мінулае з будучым, дае надзею на шчаслівы лёс вёскі. У кожнага чалавека ёсць свой родны кут, дзе ён нарадзіўся, вырас. Ёсць зямля, якая яго ўскарміла, ёсць калодзеж, вада з якога найсмачнейшая ў свеце. І менавіта сюды імкнецца стомленая рознымі нягодамі душа. Бо тут заўсёды светла і добра, ёсць вера і надзея, падтрымка і дапамога. Я вельмі рады і задаволены, што сёння Клішана бачыць мноства людзей, якія прыбылі з розных канцоў краіны на сваю малую радзіму. Дзякуй вам усім!
І адразу пасля выступлення кіраўніка сельсавета жыхароў вёскі Клішана і гасцей свята песняй «Зямля мая» вітала фіналістка рэспубліканскага конкурсу юных вакалістаў «Звонкая раніца-4» Іна Логіс.
Затым вядучыя нагадалі мiнулае гэтага населенага пункта. Па афіцыйных звестках, вёска заснавана каля 1770 года на месцы старадаўняга гарадзішча, тут налічвалася ўсяго 6 двароў, мела назву Клічанцы і адносілася да Чарэйскага маёнтка князёў Сапегаў. У Паўночную вайну 1703–1708 гадоў вёска была разрабавана рускімі войскамі, і ў выніку гэтага амаль апусцела. У першай палове XIX стагоддзя Клішана належала панам Рашкоўскім і адносілася да маёнтка Старожышча. У той час гэта была каталіцкая вёска, жыхары якой – засцянковая шляхта і адначасова парафіяне Халопеніцкага касцёла – горача падтрымалі антырасейскае паўстанне 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
На пачатку XX стагоддзя Клішана – шляхецкі засценак Лісічанскай воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні, налічвала 12 двароў і 100 жыхароў. У 1912 годзе было адкрыта народнае вучылішча. У калектывізацыю ўсю вёску раскулачылі і выслалі ў Сібір і Паўночную Расію, а яе засялілі жыхары навакольных паселішчаў. У 1930 годзе быў створаны калгас «Шлях Леніна».
У 1941 годзе тут налічвалася 26 двароў і 122 жыхары. У самыя цяжкія гады ліхалецця, у гады Вялікай Айчыннай вайны жыхары населенага пункта змагаліся разам з усімі народамі за вызваленне ад фашысцкіх супастатаў. З вайны не вярнулася 13 аднавяскоўцаў.Сёння Клішана налічвае 16 двароў і 46 жыхароў, якія пастаянна пражываюць тут. На жаль, з часам карэнных жыхароў становіцца ўсё менш, але дзякуючы таму, што вёска размяшчаецца на прыгожым беразе возера Сялява, яна прываблівае шмат людзей з гарадоў, якія ўносяць свой уклад у яе станаўленне і развіццё.
Свята сабрала людзей працавітых, людзей цікавых, людзей прыгожых. Прыгожых сваімі думкамі і сваімі справамі, натхнёных, неспакойных. Для многіх і многіх Клішана – райскі, мілы сэрцу куточак. Таму ў гэты святочны дзень шмат гаварылася аб старажылах вёскі, аб яе заслужаных людзях, якіх з днём вёскі віншавалі і падарункі ім уручалі.
Яшчэ пяць гадоў таму вёска ўваходзіла ў склад Янаўшчынскага сельсавета, старшынёй якога амаль 20 гадоў быў Мікалай Аксёнаў – адказны, добрасумленны кіраўнік, які з павагай адносіўся да людзей, да іх праблем і пытанняў. І зараз Мікалай Яфімавіч прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, з’яўляецца дэпутатам Янаўшчынскай выбарчай акругі. Каля 35-ці гадоў сакратаром гэтага ж сельсавета адпрацавала Сафія Гарбузава. Ветэран працы, добразычлівая, ветлівая, яна і сёння аказвае пасільную дапамогу работнікам сельсавета і жыхарам па ўсіх хвалюючых іх пытаннях, з’яўляецца ўпаўнаважаным вёскі Янаўшчына. Мікалай Яфімавіч і Сафія Дзмітрыеўна запрашаліся на сцэну, ім былі ўручаны сувеніры, для іх гучала музычнае віншаванне.
Затым на сцэну ўзнімаліся старэйшыя жыхары вёскі – Зінаіда Герасімаўна Марозава і Міхаіл Фядотавіч Федасенка. Старажылы выказалі шмат цёплых слоў у адрас сваіх аднавяскоўцаў, з якімі пражылі амаль усё жыццё, пажадалі ім здароўя, бадзёрасці, поспехаў ва ўсіх добрых пачынаннях. Са сцэны абодва спускаліся таксама з памятнымі падарункамі.
Далей былі віншаванні самага малодшага жыхара вёскі Клішана – Аляксандра Мачульскага, якому ў верасні споўніцца 12 гадоў. Шчырыя і сардэчныя словы адрасаваліся Уладзіміру і Валянціне Гаргун – яны ў гэтым годзе адзначаць 40 гадоў сумеснага жыцця. Віншаванні прымала і сямейная пара Таццяны і Уладзіміра Баркоўскіх, у якой сёлета фарфоравы – 20-гадовы – юбілей сумеснага жыцця. А музычным падарункам стала песня ў выкананні рубінавых юбiляраў – Уладзіміра Пятровіча і Валянціны Іванаўны.
Жыць у вёсцы – гэта значыць быць кожны дзень на віду ў сваіх сяльчан, якія ведаюць цябе, паважаюць за свае справы, кожны дзень з табой вітаюцца і жадаюць дабра. Гэта значыць, калі ты жывеш на роднай зямлі і ў роднай вёсцы, ты павінен быць адказным за свае паводзіны, за сваю гаспадарку, за парадак вакол цябе, за прыгажосць роднай зямлі. А як прыемна крочыць па чыстай вуліцы, назіраць, як прыгожа цвітуць рознакаляровыя кветкі, як абнаўляюцца і прыгажэюць жылыя дамы вяскоўцаў. Пры вызначэнні пераможцаў конкурсу на лепшае падвор’е перавага была аддадзена Юрыю і Алене Прадко. Як адзначалася раней, у вёсцы шмат людзей, якія не пражываюць тут пастаянна, але неабыякавыя да лёсу вёскі, яе падзей і ўносяць значны ўклад у яе добраўпарадкаванне. І адзін з такіх – Васіль Мардачоў і сам прымаў віншаванні і разам з сынам Мікалаем дарыў усім прысутным песні пад баян.
Прыемнае супадзенне: разам з 245-годдзем вёскі адзначаў дзень нараджэння і старшыня Халопеніцкага сельвыканкама. Андрэй Леанідавіч з гэтай нагоды таксама прымаў віншаванні і самыя найлепшыя пажаданні.
Падчас правядзення свята дзейнічалі дзіцячыя атракцыёны, працаваў выязны гандаль. На імправізаваным падворку «Халопеніцкая сяліба» ўсіх жадаючых частавалі смачнай юшкай, выпечкай, іншымі прысмакамі, прыгатаванымі мясцовымі жыхарамі. Для ўсіх прысутных самыя розныя музычныя нумары дарылі танцавальны калектыў аздараўленчага лагера «Янаўшчына», Настасся Сяліцкая, Іна Логіс, былі прадстаўлены акрабатычныя эцюды.Да позняга вечара луналі музыка і песні над возерам Сялява. Жыхароў вёскі Клішана і гасцей свята віталі народны ансамбль народнай песні «Жывіца» і ансамбль цыганскай песні «Талісман» Крупскага раённага цэнтра культуры.