– Імя народнага паэта Янкі Купалы прысвоена нашай бібліятэцы ў 1965 годзе Пастановай Савета Міністраў Беларускай ССР, – расказвае дырэктар Наталля Купрыянава. – Прапанова зыходзіла ад Мінскага аблвыканкама і Міністэрства культуры БССР. Падзея прымеркавана да 60-годдзя пачатку творчай дзейнасці паэта. Менавіта ў 1905 годзе быў упершыню апублікаваны твор Купалы – верш «Мужык». Гэты верш сцвярджаў аўтара як песняра працоўнага беларуса, селяніна-мужыка. Гэта і гімн высокай чалавечай годнасці, нацыянальнаму характару.
На працягу года ва ўсіх бібліятэках раёна праходзяць імпрэзы для дзяцей і дарослых, прысвечаныя гадавіне паэта. Супрацоўнікі раённай бібліятэкі склалі зборнік «І сёння з намі Колас і Купала». Сюды ўвайшлі вершы паэтаў Крупшчыны, прысвечаныя Янку Купалу, – Васіля Зуёнка, Таццяны Каваленка, Міхася Калачынскага, Змітрака Марозава і Васіля Макарэвіча. У бібліятэцы пастаянна дзейнічае выстава «Ён і сёння з намі, наш Купала». Дарэчы, тут змешчана энцыклапедыя ў трох тамах «Янка Купала», якая шырока і разнастайна адлюстроўвае яскравы жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Карыстаецца папулярнасцю сярод наведвальнікаў набор з 16-ці паштовак з партрэтамі Янкі Купалы розных гадоў. Тут жа змешчаны драўляны барэльеф з выявай паэта.
– Гэты барэльеф прэзентаваў нам Крупскі гісторыка-краязнаўчы музей у 2005 годзе з нагоды 75-гадовага юбілею бібліятэкі, – патлумачыла Наталля Міхайлаўна.
Гэтымі днямі выставу наведалі школьнікі аздараўляльнага летніка СШ № 3 г. Крупкі. Для іх праведзены экскурс па жыццёвых і творчых вехах паэта, прапанавана інтэрактыўная гульня.
Іна ГАРА.
Фота Святланы ГРЫНЬ.