Канцэпцыя свята паказвае адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа.
А сапраўдным месцам, дзе яднаецца культура, літаратура і мастацтва Крупшчыны, з’яўляецца Цэнтр дзіцячай творчасці. Улюбёныя ў сваю справу педагогі разам з дзецьмі ствараюць унікальныя і непаўторныя шэдэўры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. За кожным творам – вялікая праца. Тэмы і ідэі падказваюць асабістыя ўражанні, народныя і дзяржаўныя святы. 140-годдзе класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа – асаблівая тэма, такая родная і цёплая, як і самі словы паэтаў. Вершы настолькі ўразілі педагога Аксану Коваль, што яна стварыла калекцыю мужчынскага і жаночага адзення з радкамі вершаў і ілюстрацыямі да іх.
Калекцыю адзення прадстаўляюць педагогі Аксана КОВАЛЬ і Алена ШНЫРКО. «Беларускія матывы – гэта наша, роднае», – упэўнены яны.
– Неяк на стале ў сваёй калегі ўбачыла кнігу з творамі пісьменнікаў, – расказвае Аксана Коваль. – Прачытала вершы. Яны вярнулі мяне ў дзяцінства – такія мілыя і родныя вобразы. Толькі паслухайце радкі з Янкі Купалы: «Музыка зычная ў свеце, моўкнуць нягоды-напасці… Хочацца думаць, як дзеці. Верыць, як дзеці, у шчасце». Здаецца, простыя словы, а які глыбокі сэнс. Гэтыя радкі дапамагаюць пераасэнсаваць многія жыццёвыя моманты. І вось я, натхнёная вершамі класікаў, стварыла калекцыю з пяці футболак. На майку нашыты лапік з махрой. Вышыты радкі вершаў на машынцы. Дарэчы, у кнізе былі малюнкі да твораў. Іх я таксама адлюстравала разам з радкамі. Выкананы яны ў тэхніцы роспіс па тканіне. Адзеннем можна карыстацца ў паўсядзённым жыцці, прасаваць.
Прыцягнула ўвагу вокладка раскрытай кнігі з сумесным партрэтам Янкі Купалы і Якуба Коласа на адной старонцы, а на другой – выказванне Віктара Любецкага аб асобах пісьменніках, аздобленае беларускім арнаментам – яшчэ адна праца педагога.
– Вокладка кнігі выканана ў выглядзе фотарамкі, – тлумачыць Аксана Аляксандраўна. – Тэхніка – вышыўка і дэкаратыўны дызайн.
Прыемна тое, што такі таленавіты педагог, як Аксана Аляксандраўна, перадае сваё майстэрства нашым дзецям. Яны з задавальненнем ідуць на яе заняткі, бо кожны раз іх чакае нешта новае.
Дарэчы, не так даўно прайшоў конкурс «Пад небам сінім». Работы навучэнцаў пад кіраўніцтвам педагогаў Цэнтра сталі пераможцамі абласнога этапа і будуць прымаць удзел у рэспубліканскім. Сярод іх – пано «Рак-вусач» па матывах верша Якуба Коласа. Выканаў Яраслаў Ганчароў, кіраўнік – педагог Марына Патапчык. А таксама вокладка кнігі «Паўлінка» Янкі Купалы ў выкананні Варвары Сямёнавай пад кіраўніцтвам Аксаны Коваль.
Жадаем педагогам і навучэнцам творчых поспехаў у новым навучальным годзе.
Іна ГАРА.