Літаральна крыху больш месяца таму, 1 снежня, на 17-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў Марока прынята рашэнне аб уключэнні беларускай намінацыі «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні» ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Такім чынам было прызнана, што беларускія саламяныя творы не маюць аналагаў у свеце. Як вядома, на Міншчыне, а таксама і ў Крупскім раёне, ёсць свае здабыткі ў такім відзе старажытнай творчасці. Гэта пяты аб’ект.
Святочны калядны абрад у Семежава – сапраўды відовішчная падзея.
Бравыя салдаты
А вось першым беларускім аб’ектам у Спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў 2009 г. стаў унікальны зімовы віншавальны абыходны абрад «Калядныя цары», які ладзіцца штогод у Шчодры вечар з 13 на 14 студзеня ў вёсцы Семежава на Капыльшчыне. Ён з’яўляецца своеасаблівай праявай лакальнай культурнай традыцыі вёскі, і такога больш няма нідзе. У абрада даволі цікавая гісторыя. Мая мама родам якраз з Капыльскага раёна і якраз з вёскі Пацейкі, што недалека ад Семежава. У дзяцінстве, калі гасцявалі ў бабулі і дзядулі, даводзілася чуць, як кажуць, краем вуха пра семежаўскіх цароў ад мясцовых жыхароў. Сумна, але тады гэты абрад быў у заняпадзе і толькі на словах. І вось, на шчасце, у 1996 годзе, дзякуючы намаганням работнікаў культуры і мясцовых актывістаў, ён быў адноўлены, ды на такім узроўні, што «Калядныя цары» здолелі стаць першымі, хто трапіў у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
І цяпер штогод абрад збірае шматлікіх гледачоў – не толькі навакольных, але і сталічных, і нават з іншых краін.
Азірнемся ў мінулае. Лічыцца, што абрад з’явіўся ў XVIII стагоддзі, калі недалёка ад вёскі стаялі раскватараваныя часці царскай расійскай арміі. Паводле мясцовага падання, у дні святкавання Новага года па старым стылі (Юліянскім календары) доўгімі зімовымі вечарамі рабіць салдатам і афіцэрам не было чаго, вось яны і прыдумалі сабе забаўку: прыбіраліся ў касцюмы, хадзілі па хатах, спявалі, ладзілі вясёлыя паказы, за што гаспадары адорвалі іх пачастункамі. З часам салдаты з’ехалі, а абрад застаўся. Ён так спадабаўся мясцовым жыхарам, што яны развілі яго ва ўнікальную калядную дзею. Цудоўна, што знайшліся нераўнадушныя, апантаныя сваёй гістарычнай спадчынай людзі, што паспелі ў свой час адрадзіць абрад з заняпаду.
І цяпер у Шчодры вечар юнакі і мужчыны вёскі Семежава пераўвасабляюцца ў бравых воінаў. Яны апранаюцца ў белыя штаны і кашулі, на грудзях крыж-накрыж завязваюць тры чырвоныя семежаўскія паясы з традыцыйным арнаментам. На шыі – яркія хусткі. На галаве – высокія шапкі, упрыгожаныя аплікацыяй і рознакаляровымі стужкамі.
Удзельнікі абраду выстройваюцца па росце. Наперадзе ідзе галоўны «цар» – самы вясёлы і прыгожы хлопец. Апошнім ідзе барабаншчык. Камандзірам абраднага атрада з’яўляецца лекар. Калі ён скажа «налева», усе ідуць у хату, якая стаіць па леваму боку, калі «направа» – у тую, што справа.
Сярод персанажаў – галоўны герой цар Максімільян, цар Мамай, Дзед і Баба. Перамяшчаючыся па вясковай вуліцы, удзельнікі гучнай святочнай працэсіі ўваходзяць у хаты і разыгрываюць самабытны спектакль. Ён вельмі падобны на традыцыйную для Беларусі народную драму «Цар Максімільян», якую звычайна паказвалі на Калядныя святы скамарохі і батлеечнікі. П’еса суправаджаецца батальнымі сцэнамі, жартоўнымі сакрэтамі народнага лекавання. У кожнай хаце прадстаўленне доўжыцца каля 15 хвілін, завяршэннем становіцца калядаванне – для ўсякіх прысмакаў прызапашаны вялікі мяшок.
Уначы шэсце выглядае асабліва чароўна, таму што «цары» бяруць у рукі падпаленыя факелы. Даўней гэты абрад доўжыўся ўсю ноч.
Цікава, што абрад аб’яднаў элементы карнавалу і народнай драмы. Яго здабыткам стаў самабытны фальклор, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ў выглядзе касцюмаў і прадметаў побыту, а таксама асаблівыя калядныя стравы.
У народзе і цяпер вераць, што ў хаце, дзе пабывалі «цары», увесь год будзе мір, згода і багацце.
Дарэчы, навукоўцы, якія вывучаюць культуру значна глыбей, сцвярджаюць, што семежаўскія «цары» з’явіліся задоўга да атрада рускай арміі. Справа ў тым, што вёска ляжыць у геаграфічным арэале найбольшага распаўсюджання народнай драмы «Цар Максімільян» і лялечнага тэатра «Батлейка». Для гэтай вёскі, якая ў XVII–XVIII ст.ст. належала роду Радзівілаў і была мястэчкам (у пісьмовых крыніцах узгадваецца з 1582 г.), было ўласціва правядзенне некалькіх кірмашоў у год. У падатковым рэестры г. Слуцка за 1648 г. сярод прафесій, што існавалі ў мястэчку Семежава ў той перыяд, узгадваюцца скамарохі, дудары і штукары (жанглёры). У ХIХ ст. тут, як сведчаць пісьмовыя крыніцы, дзейнічала школа «вяровачных скакуноў (канатаходцаў) і штукароў (жанглёраў)».
Так што, абрад сапраўды старажытны і сапраўды ўнікальны. Даследчыкі не выключаюць, што на яго аказаў уплыў радзівілаўскі тэатр, які нараджаўся як раз у гэты перыяд.
Абраз Маці Божай Будслаўскай вядомы шматлікімі цудамі.
Святыня-апякунка
У 2018 г. у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА быў уключаны найбуйнейшы ў краіне фестываль пілігрымаў – «Будслаўскі фэст», які праходзіць на Мядзельшчыне. Заснаваны ён у гонар старажытнага свята шанавання цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай.
Пры падрыхтоўцы намінацыйных дакументаў сваю падтрымку засведчылі больш за сотню жыхароў пасёлка і яшчэ больш удзельнікаў пілігрымак. Жыхары Будслава падчас сустрэч з супрацоўнікамі Інстытута культуры Беларусі дзяліліся яркімі ўражаннямі ад фэсту, узгадвалі свой удзел у прыёме пілігрымаў, адзначалі высокі ўзровнь арганізацыі свята і яго важную ролю для культурнага жыцця сваёй мясцовасці.
Будслаўскі абраз напісаны ў ХVI стагоддзі невядомым майстрам, ён з’яўляецца аб’ектам пакланення. Больш за чатыры стагоддзі пілігрымы з розных гарадоў і краін прыходзяць у Будслаў, каб пакланіцца цудатворнай святыні – абразу Маці Божай Будслаўскай. Штогадовая ўрачыстасць шанавання стала прыгожым духоўным святам, якое збірае тысячы пілігрымаў. Многія з іх ідуць пешшу.
Абраз Апякункі Беларусі вядомы шматлікімі цудамі, а Будслаў лічыццца месцам, дзе, паводле падання, Маці Божая з’явілася вернікам у ліпені 1588 г. Святкаванне ўключае ў сябе прыём і прывітанне пілігрымаў святарамі, святыя Імшы, начную працэсію з іконай пры святле свечак, малітоўнае чуванне моладзі і гадзіны малітвы да Маці Божай.
Гэтая традыцыя з’яўляецца неад’емнай часткай гісторыі і культуры мясцовай супольнасці Будслава. Звязаныя з ёй веды захоўваюцца і перадаюцца мясцовымі жыхарамі, якія вельмі ганарацца святыняй. Яны цёпла прымаюць пілігрымаў і запрашаюць іх пачаставацца ў сваіх дамах.
Велічны касцёл у стылі позняга барока, дзе знаходзіцца ікона, – адзін з трох у Беларусі, які носіць тытул малой базілікі.
Абраз Маці Божай Будслаўскай стаў для беларусаў нацыянальным здабыткам. У 1998 годзе 2 ліпеня адбылася каранацыя абраза-легенды. Гэтая падзея надала Будслаўскаму касцёлу новы ганаровы статус Нацыянальнага санктуарыя – сховішчы святыні-апякункі краіны.
Цудам вернікі лічаць і тое, што праз 400 гадоў фарбы на абразе не пацьмянелі, а колькасць пілігрымаў да яе з кожным годам расце.
Летам 2021 года ў Будслаўскім касцёле здарыўся вялікі пажар, абвалілася частка даху. Валанцёры з першых гадзін разбіралі наступствы, у кароткі тэрмін на аднаўленне святога месца сабралі вялікія грошы. І ў 2022-м, паспеўшы да свайго галоўнага свята, Будслаўскі касцёл зноў адкрыўся.
Пілігрымы, якія накіроўваюцца ў Будслаў, шмат даведваюцца пра традыцыйную мясцовую культуру, народныя рамёствы, звычаі і кухню.
Саламяныя вырабы майстроў Крупскага Дома рамёстваў.
Феномен нашай культуры
Не маюць аналагаў у свеце Беларускія творы з саломкі, якія з’яўляюцца адной з найбольш нацыянальна адметных форм выяўлення нашых духоўных каштоўнасцяў і мастацкіх традыцый. Не будзе перабольшаннем сказаць, што ў Беларусі гэты від рамяства набыў новае жыццё, узбагаціў арсенал народнага мастацтва новымі знаходкамі, стаў масавым відам сучаснай мастацкай творчасці. Вызначэнне «беларуская саломка» набыло значэнне нацыянальнага брэнда. Мастацкія вырабы і сувеніры з саломкі беспамылкова асацыіруюцца з Беларуссю, сведчаць аб творчых здольнасцях і працавітасці беларусаў.
Пляценнем саломкі займаліся здаўна. За плячыма гэтага рамяства не адна тысяча гадоў, бярэ свае вытокі яно ад старадаўніх абрадаў, звязаных з культам хлеба і ўрадлівасці.
У канцы ХХ стагоддзя адбыўся сапраўдны росквіт беларускага саломапляцення, змяніліся яе характар і стылістыка. У 2003 і 2005 гадах праведзены міжнародныя фестывалі мастацтва саломкі ў Мінску.
Для сваіх мэт майстры выкарыстоўваюць выключна прыродны матэрыял, які здабываецца традыцыйнымі метадамі. Доўгія сцяблы жыта ці пшаніцы выразаюць уручную, сярпом, каб захаваць іх якасць і эластычнасць, а таксама каларыстычныя асаблівасці.
Культурная каштоўнасць характарызуецца разнастайнасцю відаў прымянення матэрыялу і прыёмаў рамяства, формаў вырабаў. Адрозніваюць чатыры асноўныя віды мастацкай апрацоўкі саломкі: спіральнае пляценне, пляценне прамых і аб’ёмных пляцёнак, саламяная пластыка (аплікацыя), канструяванне з саломін («павукі»). У мастацкім саломапляценні выкарыстоўваецца шырокі дыяпазон тэхналагічных прыёмаў.
Саломапляценне – выразны феномен беларускай культуры, а яго захаванне і развіццё – адно з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці па ахове спадчыны.
Мастацкія практыкі саломапляцення з’яўляюцца жывой традыцыяй, якая бесперапынна ўзбагачаецца. У краіне нават наладжана сістэма навучання рамяству і перадачы ведаў.
З творчым натхненнем спасцігаюць іх і крупскія майстры. Можна лічыць, што ўласныя традыцыі з’явіліся у Крупскім Доме рамёстваў. Дарэчы, зусім нядаўна мы пісалі пра апошнія творы, вырабленыя нашымі ўмельцамі. Гэта і саламяныя павукі, і цэлыя скульптурныя кампазіцыі, якія нават маюць свой сюжэт.
Дарэчы, на Міншчыне традыцыйна, раз у тры гады, ладзіцца свята-конкурс «Саламяны павук». І ўдзельнікі ад Крупскага раёна ніколі не вярнуліся адтуль без дыпломаў.
Да слова, разам з абрадам «Калядныя цары» ў Семежава, урачыстасцю ў гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай у Будславе і беларускай саломкай у спіс Сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ўнесены веснавы абрад «Юр’еўскі карагод» у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна і культура ляснога бортніцтва Беларусі на прыкладзе Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці.