Уяўляецца, як клапатлівыя гаспадыні завіхаліся ля печы, гатуючы смачныя стравы. А доўгімі зімовымі вечарамі садзіліся за ткацкі станок, калаўрот, плялі саламяныя абярэгі і спявалі народныя песні. А мужчыны тым часам займаліся разьбой па дрэве – майстравалі калыскі, прылады працы і рознае начынне.
Час ідзе, у кожным доме сучасная тэхніка, у продажы – вялікае мноства тавараў на любы густ. Але ўсё роўна каштоўнымі застаюцца рэчы, створаныя рукамі чалавека.
У Доме рамёстваў працуе клуб майстроў «Таленты Крупшчыны» – 28 чалавек займаюцца разнастайнымі відамі дзейнасці. Кожны месяц яны збіраюцца, каб падзяліцца новымі ідэямі, паказаць свае тварэнні і паглядзець на тое, што прыдумалі іншыя. На выставе – вязаныя капялюшыкі і пальчаткі, тканыя і плеценыя паясы, драўляныя падсвечнікі і вазы, саламяныя вырабы, размаляваныя велікодныя яйкі і анёлы. На адно з такіх творчых паседжанняў трапілі і мы. Дарэчы, у гэтым годзе аднавіўся склад клуба. Загадчык Дома рамёстваў Таццяна Сухаплюева абмеркавала з майстрамі план работы на бягучы год, правяла анкетаванне. А затым – майстар-класы ад умельцаў.
Жанчыны захапляліся вязанымі каўнерыкамі і капялюшыкамі.
– Гэта ірландскія карункі, – тлумачыць майстар Людміла Уладзіміраўна Дойлід. – Спачатку вяжуцца матывы, затым яны аб’ядноўваюцца паміж сабой ажурнай сетачкай. Дарэчы, сетачка – самае складанае ў гэтай тэхналогіі. Бо плесці трэба на плоскасці. Хутка пачынаюць балець рукі, спіна, шыя. Не раз чула, як майстрыхі жаліліся, што навязалі мноства матываў, а як дайшла чарга да сетачкі, кідалі гэта рамяство. Прызнацца, я і сама разоў пяць кідала. А ўжо ноччу думкі ў галаве – прыдумвала розныя зручныя спосабы для свайго захаплення. Бо так хацелася ствараць прыгажосць. І гэта прага перамагла. Цяпер размяшчаю звязаныя матывы на паралонавай падушачцы, замацоўваю іх булаўкамі. Набыла акуляры-лінзы і налобны ліхтарык – стварыла ўмовы. І вось я ўжо трынаццаты год займаюся ірландскімі карункамі, вяжу адзенне і аксэсуары, галаўныя ўборы, пальчаткі.
Людміла Уладзіміраўна прадэманстравала прысутным сваё майстэрства. А затым усе перайшлі да ткацкага станка.
Майстар са званнем «народны» Яніна Паўлаўна Мікульчык тчэ пояс.
– Каб атрымаўся малюнак, трэба браць розныя ніткі – фонавую і ўзорную, – тлумачыць Яніна Паўлаўна. – Вось у мяне жоўтая і чырвоная ніткі. Усяго 29 узорных і 58 фонавых. Усё снуецца. Галоўнае, зразумець, дзе знаходзіцца ўзор – зверху ці знізу.
Яніна Паўлаўна натхнёна тчэ – а на нашых вачах пачынае нараджацца пояс, у які столькі пакладзена сіл і любові.
Нельга было прайсці міма драўляных падсвечнікаў і ваз. Усё гэта зроблена рукамі Уладзіміра Мікалаевіча Саснова. Як прызнаўся майстар, захапіўся рамяством па дрэве, калі выйшаў на пенсію – трэба было заняць чым-небудзь рукі.
– Напэўна, гены, – кажа Уладзімір Мікалаевіч. – Бацька мой, як і я, па прафесіі – ваенны. А па захапленні быў чырвонадраўлянцам. Вось гэты падсвечнік і ваза зроблены па тэхналогіі сегментнага тачэння. Выраб робіцца не з цэльнага куска драўніны, а з асобных сегментаў, якія склейваюцца і абточваюцца.
– Ваза драўляная, але з рознымі колерамі – цёмным і светлым, – заўважаю.
– Каб выраб быў рознакаляровым, прымяняюцца розныя пароды дрэў, – патлумачыў майстар. – У такіх вазах шыкоўна глядзяцца саламяныя кветкі.
Уладзімір Мікалаевіч прызнаўся, што разьба па дрэве – справа захапляльная. І калі па нейкіх прычынах не займаецца ёю, то вельмі сумуе. Асаблівую асалоду атрымоўвае ад выніку сваёй працы. У калекцыі аўтара – цукерніцы, салатнікі, вазы, гарлачыкі, велікодныя яйкі на падстаўках. Без падарункаў сваякі і сябры не застаюцца.
А вырабам Уладзіміра Мікалаевіча мастацкае аздабленне надае Зоя Андрэеўна Ягорава – размалёўвае гуашшу.
– Я вельмі люблю маляваць, – кажа Зоя Андрэеўна. – А гады два назад зацікавілася роспісам па дрэве. Падабаюцца велікодныя матывы. Па маёй просьбе Уладзімір Мікалаевіч зрабіў яйкі на падстаўках, анёлаў, а я іх размалявала. Канешне, са стварэннем карціны не параўнаць – што на плоскасці малюеш, а што на акружнасці. І вочы стамляюцца, і рукі, але справа гэта цікавая. І на радасць іншым. Прыхаджанам храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы спадабаліся сувеніры, ужо заказваюць да свята. Так што, сумаваць няма калі (усміхаецца).
Чарговая паездка ў Дом рамёстваў пакінула прыемныя ўражанні ад новых знаёмстваў і захапленне творчасцю народных умельцаў.
Іна ГАРА.