Выстава прысвечана 90-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага мастака, таленавітага педагога, сябры Беларускага саюза мастакоў, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, узнагароджанага ордэнам Францыска Скарыны за заслугі ў развіцці адукацыі і культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Аракчэева.
Палотны, якія будуць прадстаўлены на выставе, дэманструюць майстэрства мастака ў жанры пейзажу. Многія са сваіх вядомых карцін ён ствараў на аснове раней напісаных пленэрных эцюдаў. Работы навучэнцаў каледжа таксама адлюстроўваюць здольнасць перадаваць сродкамі жывапісу няўлоўныя змены ў стане прыроды, раскрываючы яе веліч і хараство. Такім чынам, можна гаварыць пра творчую пераемнасць пакаленняў, у якой спалучаюцца традыцыя, наватарства і сучаснасць.
Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца ў пятніцу, 8 красавіка, у 13.30. Аматары жывапісу змогуць убачыць не толькі творы аднаго з заснавальнікаў сучаснай школы жывапісу Барыса Аракчэева, але і пленэрныя эцюды навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава.
Выстава будзе працаваць да 4 мая.