Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Гэтым пасхальным заклікам вітаю ўсіх вас у радаснае і збаўчае свята Уваскрасення Езуса Хрыста, калі мы адзначаем перамогу нашага Збаўцы над грахом, смерцю і злым духам. Сёння ва ўсіх каталіцкіх святынях гучыць радаснае Аллелюя. Пасхальная радасць пранікае нас да глыбіні сэрцаў, бо таямніца Уваскрасення з’яўляецца самай вялікай праўдай нашай веры і вакол яе канцэнтруецца як жыццё Касцёла, так і нашае асабістае. Пасха абвяшчае нам вельмі важнае пасланне, што ў Хрысце Укрыжаваным і Уваскрослым, любячы нас Бог прыносіць нам збаўленне і дае новую надзею. Уваскрослы Езус не вызваляе нас ад зла павярхоўна і часова, але радыкальна. Мы ўсе, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную хрысціліся, каб, так як Ён уваскрос з памерлых, так і нам увайсці ў новае жыццё, – кажа святы апостал Павел. Пасха – гэта захапленне Богам, які бязмежна любіць чалавека аж да такой ступені, што паслаў свайго адзінароднага Сына на крыжовую смерць, каб яго збавіць. Пасха – гэта гісторыя ўкрыжаванага і ўваскрослага Хрыста, які запэўнівае нас
у тым, што Бог не перастае нас любіць, нават тады, калі мы Яго прыбіваем да крыжа. Пасха – гэта магчымасць спаткацца з Хрыстом, які прыходзіць да нас, каб упэўніць нас у сваёй любові, якая ратуе перад кожным відам смерці – фізічнай, духоўнай, маральнай, грамадскай і г.д. Падчас пасхальнай Вігіліі вернікі аднаўляюць абяцанні хросту, што мае сваё вельмі вялікае сімвалічнае значэнне. Святы апостал Павел вучыць, што ў сакрамэнце хросту мы былі пагружаныя ў таямніцу цярпенняў, смерці і ўваскрасення Езуса. Кажучы іншымі словамі, у сакрамэнце хросту мы былі ўключаны ў пасхальную таямніцу Хрыста, дзякуючы якой Ён ёсць з намі ў радасці і смутку, у хвіліны поспеху і паразаў.
Сапраўды, у сакрамэнце хросту мы разам з Хрыстом паміраем для граху і разам з Ім уваскрасаем для новага жыцця і такім чынам становімся Божымі дзяцьмі. Дзякуючы хросту мы атрымліваем новы хрысціянскі стыль жыцця, пакідаем грэх, каб жыць Божым жыццём.
Таму нам неабходна заўсёды ісці на спатканне з уваскрослым Хрыстом, з якога нараджаецца вера. Чалавек павінен адкрыцца на Бога і Яго заўсёды жывое і дзейснае слова. Жыццё чалавека толькі тады мае сэнс, калі ён з дзіцячым даверам прыходзіць да Бога і ў Яго шукае сілы для таго, каб чыніць дабро і ўдасканальвацца, і такім чынам дасягнуць мэту свайго жыцця.
Святло вялікоднай раніцы асвятліла цемру смерці, радасць замяніла смутак, усмешка – цярпенне. Занепакоенасць будучым уступіла месца ўпэўненасці і веры ў дзеянне Божай любові.
У касцёлах сёння гучыць радаснае «Аллелюя!» Узвесялімся і мы! Праславім уваскрослага Пана радаснымі спевамі ў нашых святынях, актамі любові – у сем’ях і ў нашай Айчыне. Абдымем нашымі малітвамі як веручых, так і няверуючых, бо любоў Божая вылілася на ўсіх людзей. Хрыстус Уваскрос, каб усе мелі доступ да нябеснага Айца. У духу веры падзелімся велікоднай радасцю з усімі.
Дарагія браты і сёстры, усе людзі добрай волі!
Сардэчна віншую вас з радасным і збаўчым святам Уваскрасення Хрыста! Няхай велікодная праўда ўмацоўвае, каб мы жылі згодна з абяцаннямі хросту і з духам Евангелля. Няхай яе перамяняючая радасць, благаславенне і навізна дасягне нашых дамоў, сем’яў, месцаў працы і вучобы, і ўсёй нашай Бацькаўшчыны!
Ксёндз Віталій ДРАЗДОЎСКІ, пробашч парафіі Святога Юзафа, г. Крупкі.