– Упэўнена, што многія пажылыя людзі, якія пражываюць у населеных пунктах Крупшчыны, не зважаюць, якая прыгажосць знаходзіцца вакол іх, што ў раёне шмат помнікаў гісторыі і культуры, маляўнічых месц.
Сапраўдную прыгажосць можна пабачыць на тэрыторыі заказніка рэспубліканскага значэння «Сялява», дзе знаходзяцца тры возеры – Сялява, Абіда, Худавец. Бясспрэчна, што сапраўднай жамчужынай з’яўляецца возера Сялява. Плошча воднага люстэрка яго складае 1 500 гектараў, даўжыня – 14 кіламетраў, максімальная глыбіня – 17 метраў. Возера акружаюць векавыя сосны вышынёй 6-8 метраў, схілы, якія паката спускаюцца прама да вады. Па берагах растуць чарот і аер.
Праўленне нашай раённай арганізацыі ў планы работы на бягучы год уключыла экскурсію членаў арганізацыі па заказніку «Сялява», каб паглядзець гэту невыказную прыгажосць прыроды. Нашу ідэю падтрымалі адміністрацыя Крупскага УМГ, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама дырэкцыя заказніка «Сялява». Нам дазволілі заезд на тэрыторыю заказніка, адкуль мы накіраваліся па маршруту.
Паездка была прызначана на 9.00. Ад Крупскага ТЦСАН аўтобус адправіўся своечасова, і ўжо праз 30 хвілін мы аказаліся на Сяляве. На паляне, адкуль пачынаецца экалагічная сцяжына «Прошыцкія балоты», мы азнаёміліся са стэндамі, якія расказваюць аб дзікіх жывёлах і раслінах, што пражываюць на тэрыторыі заказніка і занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Па шляху экалагічнай сцяжыны, якая выкладзена драўлянымі круглякамі, мы ўбачылі бабровую хатку, пачаставаліся вадой са спецыяльна абсталяванага калодзежа, пабачылі 5-метровую назіральную вышку, што знаходзіцца на беразе возера. З яе вышыні адкрываюцца дзіўныя пейзажы, тут ёсць пірс і альтанка на 20 чалавек для правядзення пазнавальных заняткаў і пікнікоў.
Экскурсаводам для нас стала дырэктар Крупскага гісторыка-краязнаўчага музея Тамара Бальбот. Яна расказала аб значэнні возера Сялява і яго шматлікіх балотаў, аб тутэйшай прыродзе, раслінным і жывёльным свеце.
Далей мы пазнаёміліся з зонай адпачынку «Гузовіна», а затым накіраваліся на востраў «Выспа». Па дарозе даведаліся аб тым, што гэта археалагічны помнік і тут знаходзілася старажытнае пасяленне чалавека. Да Выспы можна дабрацца ў брод па пясчанай касе даўжынёй 200 метраў. Некалькі дзясяткаў гадоў тут вяліся раскопкі, а археалагічныя знаходкі, аб якіх нам цікава расказвала Тамара Уладзіміраўна, можна пабачыць у Крупскім гісторыка-краязнаўчым музеі.
Далей мы наведалі зоны адпачынку «Камсамольскі бераг» і «Панская купальня», дзе таксама пачулі шмат цікавага і адметнага. Згодна легенды, пясок на пляж сучаснай «Панскай купальні» граф Красніцкі прывозіў з Рыжскага заліву. Цяпер гэта адна з найбольш добраўпарадкаваных і папулярных зон адпачынку, дзе ўзведзены альтанкі, абсталяваны месцы для палатак, ёсць валейбольная пляцоўка, аўтамабільная стаянка і гандлёвы вагончык.
Стомленыя, але поўныя энергіі і незабыўных уражанняў, мы вярнуліся ў Крупкі. Выказваем шчырую ўдзячнасць усім, хто пасадзейнічаў нашаму падарожжу і праявіў увагу да людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Наперадзе ў нас новыя падарожжы.