Галоўнай пляцоўкай святкавання ХХV Дня беларускага пісьменства стане гарадскі парк Іванава, дзе створана інфраструктура, ёсць амфітэатр. Непадалёку ад яго будзе ўстаноўлена сцэна, створаны ўмовы для размяшчэння вялікай колькасці людзей. Парк горада значна пераўтворыцца. У прыватнасці, на яго тэрыторыі ўстановяць дзве дзіцячыя гульнёвыя пляцоўкі, уладкуюць больш тратуараў, мадэрнізуюць сістэму асвятлення. У распараджэнні гараджан будуць футбольная, валейбольная, тэнісная і варкаут-пляцоўкі. Яшчэ адна навінка – першая ў Іванава веласіпедная дарожка. Яна будзе перасякаць парк па перыметры. Дадатковым упрыгажэннем парка стануць арыгінальны падсвет і малыя архітэктурныя формы.
Змены тычацца і цэнтра Іванава – частка вуліцы 17 верасня стане пешаходнай. Цяпер працягваюцца работы па яе рэканструкцыі. На гэтай вуліцы плануецца ўстанавіць памятны знак у гонар Дня беларускай пісьменнасці «Янава слова». Аўтарскі калектыў прапанаваў выкарыстаць у кампазіцыі сонечны гадзіннік. Яе цэнтральным элементам стане замацаванае ў мармуровай чары пяро – сімвал рукапісаў, ад якіх бяруць пачатак друкаваныя тэксты.
Праграма Дня пісьменства дастаткова насычаная. Нягледзячы на тое, што адкрыццё будзе непасрэдна другога верасня, у нядзелю, мерапрыемствы запланаваны і на першае чысло, на суботу. Так, на плошчы будзе арганізаваны фестываль кнігі і прэсы. Павіншаваць жыхароў горада і яго гасцей прыедуць зоркі беларускай эстрады. Сімвалічна, што адным з першых да свята расчыніў дзверы кніжны магазін «Верасень». 15% з некалькіх тысяч найменняў прадстаўленай у ім літаратуры – кнігі беларускіх выдавецтваў.
Іванава невыпадкова выбрана месцам правядзення юбілейнага Дня пісьменства. Старажытны Янаў багаты сваёй гістарычнай спадчынай і традыцыямі. Адсюль карані знакамітага класіка рускай літаратуры Фёдара Дастаеўскага; кампазітара, музыканта і мастака Напалеона Орды. Сучасныя літаратары сваёй творчасцю праслаўляюць малую Радзіму ў краіне і за мяжой.