krupki.by

ru RU be BE en EN


Не даюць яму вобразы сну і спакою

Автор / Фарбы и рыфмы души / Панядзелак, 16 Май 2016 11:25 / Просмотров: 2216

Само жыццё і ўспрыняцце свету ёсць творчасць. Чым больш знаёмлюся з мастакамі, тым больш пераконваюся, што гэта менавіта так. Мне давялося бачыць некалькі карцін, дзе намалявана наша возера ля ўрочышча Лебартова. Здаецца, адзін і той жа пейзаж, аднае пары. Але наколькі рознае ўспрыняцце, настрой, фарбы.

Найпрыгажэйшыя крупскія пейзажы раз і назаўсёды ўразілі маладога ваеннага Уладзіміра Салаўя, калі ён некалькі дзесяцігоддзяў таму прыехаў служыць у адну з воінскіх часцей, што размяшчалася ў Крупскім раёне:

–  Я ішоў па лясной дарозе і захапляўся прыродай, якую бачыў наўкол. Якая асалода, які шыкоўны яловы лес, такая прыгажосць!

Сапраўды, чалавек творчы, багаты на эмоцыі, больш абвострана ўспрымае акаляючы свет. А затым занатоўвае яго на сваіх карцінах. І мы глядзім на іх, адкрываем нешта новае. Вось так і я па-новаму ўбачыла знаёмы пейзаж на адной з карцін Уладзіміра Салаўя ў мастацкай галерэі імя Барыса Аракчэева ў Крупках. І гэта стала падставай для нашай сустрэчы.

Мы ехалі да Уладзіміра Паўлавіча, які гасцінна запрасіў нас дадому. А там трапілі ў сапраўднае мастацкае асяроддзе. Дабротная дагледжаная сядзіба, дзве маляўнічыя бярозы пад вакном, у палісадніку вялізныя кусты руж – так і просіцца на палатно.

–  Калі ласка, заходзьце! – гасцінна запрасілі гаспадары Уладзімір Паўлавіч і Галіна Пятроўна. 

…І мы апынуліся ў сапраўднай мастацкай галерэі. У доме пануе нейкая асаблівая атмасфера. Здаецца, усё проста, але вельмі светла, утульна, з густам, у сваім адметным стылі. Крыху пазней мы зразумелі, што стыль гэты задаюць аўтарскія багеты – белыя, з пазалочанымі ўзорамі, якія Уладзімір Паўлавіч робіць сам і ў якія абрамляе свае карціны.

Спачатку была экскурсія. З пакою ў пакой мы пераходзілі, нібы з залы з залу галерэі. Вось тут пейзажы – любімы жанр мастака. На іх знаёмыя нам крупскія краявіды, мясціны на Гомельшчыне, дзе Уладзімір Паўлавіч правёў сваё дзяцінства, хвалі акіяна на ўзбярэжжы Камчаткі, дзе ён пэўны час служыў, лірычныя фантазіі, якія пісаў не з натуры, а са сваіх творчых уяўленняў. 

–  А гэта копія карціны Станіслава Жукоўскага «Іней». Мне так спадабалася, што я зрабіў аж тры копіі: для сябе, а таксама падарыў сыну і свайму сябру. Гэта мой кумір у жывапісе.

Жукоўскі – адзін з самых вядомых пейзажыстаў у Расіі на пачатку XX стагоддзя. Дарэчы, вучань самога Левітана. Улюбёнасць у жыццё і прыгажосць свету, імкненне занатаваць непаўторнае хараство кожнага імгнення, кожнага прыроднага стану – яго творчая адметнасць. І гэтая асаблівасць куміра, як убачылі мы, зрабіла заўважны адбітак на мастацкай манеры Уладзіміра Паўлавіча.   

А вось нацюрморты – на іх кветкі, яркія, прыгожыя, якія сваім рознакаляроўем узнімаюць настрой. 

Асабіста мяне вельмі ўразіў пакой, дзе размяшчалася цэлая серыя партрэтаў. Мастак расказаў пра кожны:

–  Вось гэта – Ісус Хрыстос. А гэта маё сямейства: родны дзядзька, мамін брат, гэта я, мая бабуля. А гэта мой бацька. Цяжкі лёс яго напаткаў, на пачатку вайны трапіў у палон, уцёк, быў у партызанах, затым пайшоў у дзеючую армію. Загінуў на тэрыторыі Латвіі ў 1944 годзе. Мы туды з Галінай Пятроўнай ездзілі на брацкую магілу. А гэта мама мая, мой унук, а гэта маладая прыгажуня Галіна Пятроўна. 

З партрэтаў пазіралі на нас людзі, пра якіх Уладзімір Паўлавіч расказваў з вялікай любоўю. Адразу відаць, што сямейнасць для яго – паняцце святое. Дарэчы, завіталі мы ў госці якраз у дзень, калі яны з жонкай адзначалі 54 гады сумеснага жыцця.    

Мы вярнуліся ў вялікую залу, каб пагаварыць пра жыццё і пра мастацтва. 

–  Колькі памятаю сябе, столькі малюю, – распавядаў Уладзімір Паўлавіч. – Нарадзіўся я ў 1938 годзе ў вёсцы Карпа-вічы ў Светлагорскім раёне. Ранняе дзяцінства прыпала на гады вайны. Мама расказвала, што калі бацька пайшоў у партызаны, у вёску заявіліся паліцаі, сталі выбіваць вокны з нашай хаты. Яна нешта ім сказала і адразу атрымала моцны ўдар прыкладам у твар. Схапіла мяне на рукі і пабегла ў вёску, дзе жыла мая бабуля. А гэта 15 кіламетраў. Затым мы жылі ў лесе, у шалашы, што збудаваў бабулін брат, з восені і да самай вясны.

Падаецца, што і прафесію ваеннага Уладзімір Паўлавіч абраў невыпадкова. У памяць пра бацьку, з імкненнем абараняць Айчыну, каб не паўтарыліся жахі вайны. Пасля Ленінградскага ваеннага вучылішча маладога афіцэра накіравалі ў беларускую ваенную акругу, і ён трапіў на артбазу, што ў Крупскім раёне. Так і праслужыў там, за выключэннем трох гадоў, калі давялося несці вахту на Камчатцы. У запас пайшоў у 1985 годзе.

–  Практычна ўсё жыццё з 1960 года прайшло на Крупшчыне, яна для мяне стала роднай. Стварылася мая сям’я, гадаваліся дзеці. Аднак вельмі цягне на Светлагоршчыну, дзе нарадзіўся. Часцяком туды ездзім. Але вось што такое сапраўдная настальгія – востра адчуў на далёкай Камчатцы. Тады хацелася на крылах ляцець дадому, у родную Беларусь. Бо лепшай і больш любімай зямлі няма, – гаварыў Уладзімір Паўлавіч.

Адкуль жа ўзялося жаданне маляваць? 

–  Напэўна, нарадзілася разам са мной. Памятаю, адразу пасля вайны да нас у вёску прывезлі ўгнаенне – селітру, у папяровых мяшках. Склалі ў калгасным хлеве. А я нарваў паперы з тых мяшкоў. Грубая, рудая, але для мяне гэты «холст» быў найвялікшай каштоўнасцю. Намаляваў Крэмль і паказваў усім знаёмым. Мне было прыемна, што ім падабалася, – з усмешкай успомніў свой першы малюнак мастак.

З тае пары непераадольная патрэба да мастацтва стала спадарожнікам яго жыцця. І, як прызнаецца Уладзімір Паўлавіч, з цягам часу робіцца ўсё мацнейшай. 

Яго палотны былі на выставах, у тым ліку на Міжнароднай выставе «Гагарынская вясна» ў горадзе-пабраціме Крупак. Тады, як рыхтаваліся, за зіму, мабыць, 40 карцін напісаў. Ён заўсёды ў рабоце, і, хаця зараз магчымасцяў і часу менш, але палітру і пэндзаль не пакідае. Працуе ў сваёй майстэрні, што абсталяваў недалёка ад дома.

Мы гутарым і працягваем глядзець карціны. Вось так, збіраліся пагаварыць пра адну, а атрымалася, што пра ўсё, нібы старонкі творчай і жыццёвай гісторыі перагарталі. Я дастаю фотаздымак карціны «Возера. Крупкі», што зрабілі ў галерэі, і распытваю пра яе.

–  Некалі натхніў напісаць менавіта гэты краявід мой добры прыяцель мастак Аляксей Гамін. Па яго прыкладу я і ўзяўся за пэндзаль.

І тут мы робім акцэнт на яшчэ адной рабоце, якую бачым на сцяне. Там гэтыя самыя мясціны, толькі яшчэ да таго, як звілісты Бобр быў пашыраны і набыў у гэтай частцы выгляд возера. Цікава! Аказалася, што пісаў яе Уладзімір Паўлавіч з фотаздымка – тады мала часу было ў ваеннага, каб маляваць з натуры, і ён рабіў фота. Праз гэта выявілася і даволі цікавая калекцыя фатаграфій, чорна-белых, каляровых і цэлая фотагалерэя, што захоўваецца ў электронным выглядзе ў яго планшэце. Асабліва ўразілі чорна-белыя здымкі. На іх – нашы крупскія краявіды некалькі дзесяцігоддзяў таму. І ўжо самі гэтыя фота – эксклюзіўны матэрыял для асобнай выставы.

Заўважаю, што ў пейзажах фарбы мяккія, пастэльныя, больш асеннія.

–  Відаць, таму, што нарадзіўся я восенню, – тлумачыць мастак.

–  А якая з вашых работ самая любімая?

–  А самую любімую я вам зараз пакажу, – з хітрынкай у вачах адказаў Уладзімір Паўлавіч. 

Вось, аказваецца, ён які – падрыхтаваў сюрпрыз. З іншага пакою адну за другой пачаў выносіць карціны. І рабіў гэта з нейкім асаблівам пачуццём. Толькі калі расставілі, прызнаўся: 

–  Гэта новыя работы, а вось гэтую і гэтую яшчэ ўвогуле ніхто не бачыў. 

Мы таксама хваляваліся разам з мастаком, было прыемна, што ён даверыў нам стаць першымі гледачамі яго новых карцін. У тым ліку і самай любімай, дзе ў фантазійным паклоне схіліліся адно да аднаго дрэвы, нібы аберагаючы невялічкае азярцо з ціхай вадой.

У гэты час падумалася, што як было б цудоўна, каб работы нашых мясцовых мастакоў часцей выстаўляліся, і людзі мелі магчымасць пабачыць гэты рукатворны цуд, пасузіраць, пафіласофстваваць, падумаць аб прыгожым, паглядзець на, здаецца, звыклае, вачыма мастакоў. 

 

 

 

 

 

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Please publish modules in offcanvas position.