У наваколлі вёсак Радзіца, Стараселле, Ігрушка самадзейнага мастака Аляксея Іванавіча Гаміна ведаў амаль кожны. Просты, светлы, душэўны чалавек з вельмі добрымі вачыма і шчырай усмешкай.
А я скажу, што Аляксей Іванавіч быў з кагорты апантаных. За памяркоўнасцю і разважлівасцю хавалася нешта іншае, большае, асаблівая энергія – яго вечная спадарожніца. Бываць у гасцях у мастака заўсёды цікава, бо гэта рэдкая магчымасць дакрануцца да таямніц творчасці. Я і зараз памятаю, хоць прайшло больш за 10 гадоў, як мы размаўлялі пра жывапіс. І гэта была размова пра яго жыццё.
Асабліва свяціліся вочы, калі звярталіся да ўлюбёнай яго тэмы – водныя прасторы. Была ў гэтым настальгія па роднай Волзе, дзе прайшло дзяцінства Аляксея Іванавіча і на чыіх берагах ён зрабіў свае першыя накіды. Колькі ў яго карцін, дзе рэкі, рачулкі, азёры? Ён і сам адказаць не мог, як, дарэчы, і назваць дакладную колькасць палотнаў, якія напісаў за доўгае творчае жыццё. Можа, больш за тысячу.
Карціна «Рэчка Нача восенню», напрыклад, зараз знаходзіцца ў фондах мастацкай галерэі Крупскага гісторыка-краязнаўчага музея. Здаецца, вельмі простая ў выкананні, але на яе хочацца глядзець і глядзець. Плаўныя лініі, памяркоўныя фарбы восені незаўважна ахопліваюць цябе. І ты ўжо думкамі недзе там, усё далей і далей, услед за адлятаючымі ў вырай птушкамі.
– Яго карціны адметныя сваёй прастатой, якая пранікае адразу ў душу, – падзяліўся крупскі мастак Уладзімір Салавей, калі мы размаўлялі на вечары памяці, што ладзіла дачка Аляксея Іванавіча Наталля. – І гэта не столькі датычыць тэхнікі выканання, колькі шчырасці ўспрыняцця. Але яна як раз і прыцягвае, выяўляе чалавека з чыстым сэрцам.
Сапраўды, у сваіх карцінах Гамін не імкнуўся да мудрагелістага, лішніх дэталяў, што гублялі ці аддалялі сэнс. Нішто не перашкаджае сузіраць і адчуваць прыгажосць прыроды. А калі проста, то і людзьмі яна ўспрымаецца лёгка і зразумела. Асабліва тымі, для каго гэты пейзаж родны.
У кожнага мастака ёсць адметны шлях, якім праходзіць яго творчая ідэя, перш чым стаць карцінай. Памятаю, як Аляксей Іванавіч дзяліўся:
– У мяне свая схема, згодна з якой ствараецца карціна, і свая тэорыя. Схема такая: усё, што я бачу навокал, што кранае маю душу, я занатоўваю ў спецыяльным блакноце, які заўсёды пры мне. Затым з гэтага накіду раблю малюнак у алоўку, а такіх ужо больш за 4 тысячы. Адны з іх адразу пераўтвараюцца ў эскіз, затым у вялікую карціну, а іншыя чакаюць свайго часу, пакуль не адчую пэўны імпульс, які падштурхне ўзяцца за пэндзаль.
А тэорыя ў Аляксея Гаміна аптымістычная і рамантычная – чалавек, лічыць ён, нара-джаецца для радасці, і таму мастак адчувае сябе абавязаным дарыць гэтую радасць людзям. Менавіта таму яго карціны заўсёды напоўненыя сонцам.
Амаль паўстагоддзя Аляксей Іванавіч пражыў на Крупшчыне. Браў сваё натхненне ў самой прыроды: на беразе ракі, на ўзлеску, на ўскрайку поля. І амаль кожны вечар ён ішоў у майстэрню, спачатку ў Крупках, потым у Радзіцы, Стараселлі, уключаў музыку, сугучную прыродзе – і ўжо нічога навокал не існавала, толькі палатно, фарбы і ажываючыя літаральна на вачах маляўнічыя краявіды. Ужо пяць гадоў, як мастака няма. Але шчырая і сціплая прыгажосць яго пейзажаў засталася ў тых, каму ён іх дарыў. І рабіў гэта надзвычай шчодра і з адкрытай душой.
Яшчэ цвітуць у небе фарбы лета,
А верасень парадак свой наводзіць.
Іду і бачу восені прыкметы:
У яркіх строях дрэвы карагодзяць.
Глядзіцца лес ў люстэрка рэчкі Начы,
Любуецца сваёю прыгажосцю.
На поўдзень птушкі адлятаюць – плачуць,
Бо тут іх дом, а там яны – як госці.
І гэта урачыстае імгненне
Спынілася на палатне. І падалося:
Знаёмае тут кожнае адценне,
Якое на карціне засталося.
Мастак знайшоў сваё натхненне блізка.
Ці ж трэба нам шукаць яго далёка?
Радзіма – гэта творчасці калыска.
І толькі тут так дыхаецца лёгка.
Таццяна КАВАЛЕНКА