krupki.by

ru RU be BE en EN


Сэнс работы скульптара заключаецца ў тым, каб сваімі творамі абуджаць думкі і пачуцці

Автор / Фарбы и рыфмы души / Чацвер, 06 Кастрычнік 2016 09:19 / Просмотров: 2559

Мастацтва гаворыць з намі моваю сімвалаў і вобразаў. Мова гэтая самая незвычайная на свеце. Гледзячы на мастацкі твор, мы не толькі спасцігаем тое, што хацеў сказаць майстар, а будуем ланцужок уласных сэнсавых і эмацыянальных асацыяцый. А яны ужо вядуць у самыя глыбіні душы і закранаюць за жывое, абуджаюць думкі, падводзяць да пэўных высноў.

Чысціня, маральнасць, цнатлівасць, духоўнасць – на гэтых каштоўнасцях зрабіў акцэнт малады беларускі скульптар, член Беларускага саюза мастакоў Алесь Сакалоў сваёй кампазіцыяй у камені і дрэве. Ноеў каўчэг стаў вынікам яго творчых намаганняў падчас абласнога пленэра па вырабу скульптур з каменя.

Як гаворыць нам Біблія, аднойчы Усявышні адчуў, што ўжо не можа трываць паводзіны людзей, якія сталі сквапнымі, жорсткімі, хлуслівымі і разбэшчанымі. І тады ён вырашыў знішчыць іх, пакінуўшы жыццё толькі праведніку Ною і яго сям’і. Бог загадаў яму пабудаваць каўчэг, а калі справа была зроблена – увайсці туды з жонкай, сынамі і іх жонкамі, а таксама ўсімі жывёламі па пары. І здарыўся Сусветны патоп. Загінула ўсё жывое, і толькі каўчэг плыў па паверхні вады. Пра тое, што стыхія ўтаймоўваецца, Ною паведаміў выпушчаны ім голуб, які прынёс у дзюбе галінку аліўкавага дрэва. Каўчэг прыстаў да Арарацкіх гор, Бог загадаў Ною жыць тут, размнажацца і зноў рассяліцца па Зямлі.

– У Ноевым каўчэгу было захавана самае важнае – жыццё, – гаворыць Алесь. – І адбылося гэта дзякуючы чысціні і праведнасці чалавека. У гэтым – глыбокі сэнс. Колькі б ні мінула гадоў, а менавіта гэтыя якасці дазволяць нам зберагаць сваю людскасць.

Апошнім часам малады скульптар пераважна працуе з біблейскімі тэмамі. Як чалавеку веруючаму, яны яму найбольш блізкія, напоўненыя вялікім сэнсам, гучаць шырока і важка. 

– Тэрміны пленэра абмежаваныя, таму мы ішлі непасрэдна ад формы камянёў, – дзеліцца Алесь. – Сімвалічна, што валун вельмі падышоў пад адну з маіх задум. У мяне ёсць станковая работа на гэтую тэму, і, адштурхнуўшыся ад яе, я вырашыў увасобіць у аб’ёме менавіта тэму каўчэга. 

Кампазіцыя складаецца з цэнтральнага каменя, на якім размяшчаецца голуб з аліўкавай галінкай у дзюбе. Вобраз лодкі вырашаны сілуэтам з драўніны дуба. 

– Работа пабудавана на арнаменце, які стварае малюнак вакол валуна, – паказвае свой твор майстар. – Гэта візантыйскія вузлы – вельмі вядомы і досыць старажытны арнаментальны ход. Я паспрабаваў гэтыя вузлы, што выконваліся ў строгай геаметрыі, пакласці на прыродную натуральную форму валуна. Ад пераліку жывёл, які быў у першапачатковай задуме, вырашыў адмовіцца, узяў толькі адзін галоўны элемент – голуба, што прынёс аліўкавую галінку. Гэта сімвал прымірэння стыхій, абнаўлення, Святога Духа. Лаканічна, і ў прынцыпе, дастаткова. Цэнтральны камень з голубам абазначае каштоўнасць, чысціню, якая была ў каўчэгу.

Відавочна, што аўтару ўдалося галоўнае. Ён акцэнтаваў увагу на сімвале, які звяртаецца да розуму і пачуццяў чалавека, яго падсвядомасці, і нараджае свае асацыяцыі. Так, сапраўды, каўчэг – гэта выпраўленне. Ратуючыся ад натоўпу разнастайных жаданняў і спакусаў, кожны чалавек можа пабудаваць для сябе нейкае ўнутранае духоўнае прыстанішча, якое зможа яго абараняць.

– Спадзяюся, што мая скульптура стане своеасаблівым напамінам, – дзеліцца Алесь. – Людзі, калі будуць глядзець на яе, задумаюцца, а праз гэта прыйдзе аднаўленне ў памяць або ўсведамленне пэўных духоўных каштоўнасцяў. 

Увогуле вопыт работы з каменем у маладога мастака толькі пачынае назапашвацца. Але яго ўжо заўважылі.

– Хоць Алесь скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў літаральна некалькі гадоў таму, ён ужо змог атрымаць рэпутацыю профі па каменю. Робіць вельмі цікавыя рэчы, – так сказаў пра яго скульптар Ігар Засімовіч. А адзнака прызнанага майстра каштуе многага. 

– У асноўным працую з гэтым матэрыялам на пленэрах, – расказвае Алесь. – Яшчэ падчас вучобы ў Беларускай акадэміі мастацтваў мне пашчасціла пабыць на некалькіх пленэрах, дзе змог бліжэй пазнаёміцца з каменем. Крыху раней першыя работы спрабаваў рэзаць у каледжы мастацтваў Ахрэмчыка. Кожны скульптар ведае, якая вялікая цана памылкі, трэба добра думаць, каб не сапсаваць работу, адзін няўдалы рух – і ўжо нічога немагчыма выправіць. Памятаю, як на свой першы пленэр у Смаргоні я трапіў разам з вядомым беларускім скульптарам Ігарам Засімовічам. Мне вельмі пашанцавала паглядзець, як працуе вопытны майстар.

Дарэчы, дыпломная работа маладога скульптара ўстаноўлена каля РНПЦ «Кардыялогія». Яна называецца «Сэрца» і выканана ў бронзе. Трэба сказаць, што далёка не кожная дыпломная работа выпускніка акадэміі мае гонар набыць сваю пастаянную прапіску ў сталіцы. Талент Алеся атрымаў годную адзнаку.

Калі глядзіш на гэты твор, то адчуваецца ўплыў майстроў абстрактнай пластыкі, якімі малады чалавек захапляўся ў свой час. У прыватнасці, творчасцю брытанскага скульптара Генры Мура, які імкнуўся, каб яго работы здаваліся творамі самой прыроды, натуральнымі і вечнымі, нібы яны стаялі на сваіх месцах стагоддзямі. 

– У розныя перыяды жыцця былі розныя мастакі, якія натхнялі, вучылі, – распавядае Алесь. – Зараз больш падабаецца антычнасць, старажытнае мастацтва Грэцыі, Егіпта. Яно напоўнена дасканаласцю, і змест, і форма, і падыход да работы – у старых майстроў усё было надзвычай сур’ёзна. Іх мастацтва мае вельмі вялікую вобразную нагрузку. Яно прайшло праз вякі, і зараз да нас звяртаецца, гаворыць. І ў Беларусі таксама ёсць мастакі, якімі можна натхняцца, у якіх вучыцца.

Да месца будзе сказаць, што малады мастак не толькі вучыцца, але і вучыць. Ён выкладае малюнак і скульптуру ў Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя Глебава. Безумоўна, выкладчыцкая дзейнасць забірае час, але, як прызнаецца Алесь, робіць і свой унёсак: «Сам нешта пачынаеш пераасэнсоўваць, бачыць больш ясна, у тым ліку і свае творчыя рэзервы». 

Майстар актыўна займаецца творчасцю, захоўваючы вернасць такім класічным матэрыялам, як камень, бронза і дрэва. Асобныя работы пленэрнага плану можна ўбачыць у Паставах, Смаргоні, Лагойску.

Найбольш яго работ – станковая скульптура. Яе можна ўбачыць на розных выставах, дзе Алесь дэманструе свае здабыткі і ўзбагачаецца вопытам іншых.

– Творчасць – працэс бесперапынны. Ты заўсёды знаходзішся ў яго гушчы. У мастака можа адна работа быць у руках, другая – у галаве, трэцяя – на паперы, – раскрывае сакрэты творчасці Алесь. – Паралельна робяцца нейкія эскізы, задумваюцца праекты і гэтак далей. У мастака заўсёды заняты і вочы, і сэрца, і душа. Я лічу, што гэта і ёсць натхненне. Бывае, знаходжу камень ці драўляны корч, падобныя на нешта. Тады нейкія моманты кладуцца на паперу, робяцца першыя накіды, і ўзнікае вобраз, сімвал. Усё сімвалічна, усё мае сваё значэнне. У гэтым і ёсць сэнс работы творчага чалавека – паказваць гэта значэнне і абуджаць думкі гледача. 

Марыць малады майстра стварыць такую скульптуру, якая б запомнілася і сабе, і людзям. І была да месца. 

– Ёсць работы, якія толькі адлюстроў-ваюць нейкую эпоху, а ёсць работы па-за часам. Трапіць у гэта «па-за часам» – і ёсць самая запаветная мара.

Алесь перакананы, што скульптура – не толькі ўпрыгожване гарадской тэрыторыі. Хутчэй гэта напаўненне, асэнсаванне, акцэнтаванне. Кожная дэталь у ёй павінна стаць пазнаннем глыбіннай існасці мастацкага твора. Калі гэта ўдаецца, то можна лічыць справу зробленай.

Упэўнены, што скульптура Алеся Сакалова «Ноеў каўчэг» дадасць нашаму гораду сваю каларытную нотку. Услед за думкамі майстра мы зноў будзем звяртацца да біблейскага сюжэта, які распавядае нам пра чалавечыя каштоўнасці, здольныя выратаваць жыццё. І кожны чалавек зможа «чытаць» і «перачытваць» гэтую скульптуру бясконцую колькасць разоў.

Барыс МАКАРЭВІЧ                 

Сказанне пра Ноеў каўчэг –

Біблейскі вядомы сюжэт. 

Гасподзь пакараннем за грэх

Вадою заліў цэлы свет… 

 

Каўчэг як спасенне людзей –

Нам майстар стварыў напамін,

І з плыні бязмежнай падзей

Данёс сэнс далёкіх часін.

 

Духоўнасць – каштоўнасць душы,

Сумленне, багацце яе.

Павер, зразумей, не грашы –

І ў сэрцы вясна запяе.

 

Жыве чалавек для таго,

Каб добрыя справы рабіць,

Каб светлае браць з усяго,

Святое цаніць і любіць.

 

Філосаф каўчэг змайстраваў,

Каб сталі мы крышку чысцей,

Тварэннем сваім нагадаў,

Што вера нявер’я мацней.

 

Плыве праз туман карабель, 

Намечаным шляхам сваім.

Абходзячы рыфы і мель,

І голуб з галінкай на ім.

 

Плыве да святых берагоў,

Дзе мудрасці замак стаіць,

Там шчырасць праўдзівасцю слоў,

Як песня анёлаў гучыць.

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Please publish modules in offcanvas position.