krupki.by

ru RU be BE en EN


Сурэн Навасардзян: «Чалавек, надзелены талентам, павінен дзяліцца ім са светам

Автор / Фарбы и рыфмы души / Серада, 07 Снежань 2016 10:57 / Просмотров: 1988

Яго прызванне – пісаць карціны, здольныя закрануць лепшыя струны чалавечае душы».

Жыццёвыя дарогі прывялі Сурэна Навасардзяна ў Беларусь 30 гадоў таму. За гэты час яна стала для яго сапраўды роднай. Тут, зараз у Крупках, – яго сям’я, тут – яго карціны. Сонечная Арменія дала мастаку жыццё і натхненне, росквіту якога паспрыяла благадатная беларуская зямля. Дарэчы, Беларусь ніколі не была для яго чужой. Тут падчас Вялікай Айчыннай вайны абараняў Брэсцкую крэпасць яго дзядзька, і мужна загінуў ля сцен велічнай цытадэлі. Імя старшага сяржанта Навасардзяна ўвекавечана на адной з пліт мемарыяльнага комплекса. Ён абараняў ад ворага тую зямлю, дзе потым будзе жыць і тварыць яго блізкі чалавек.

Зусім нядаўна ў мастацкай галерэі імя Барыса Аракчэева ў Крупках прайшла персанальная выстава Сурэна Навасардзяна. Мы сустрэліся з ім надвячоркам, каб ніхто і нішто не перашкаджала любавацца палотнамі і размаўляць пра мастацтва.

Больш як два дзясяткі работ – пейзажы, партрэты, нацюрморты. Духмяныя букеты кветак – півоні, лілеі, ружы… Краявіды натоленага цяплом і настаянага на водары траў позняга лета, снежнай зімы, што бадзёрыць сваім марозцам і слепіць пырскамі яркага сонца. Менавіта так хочацца апісваць уражанні ад убачанага, бо карціны яго – асязальныя, здаецца, ты не толькі бачыш, а ячшэ і адчуваеш пахі, цяпло, чуеш гукі.

– Трэба пісаць так, каб глядач адчуваў, што гэта дрэва, гэта вада, шкло, гэта тканіна, папера, метал, – гаворыць Сурэн. – Каб перадаць не толькі іх вонкавы выгляд, але і асаблівасці фактуры, каб можна было не толькі ўбачыць, але і адчуць карціну. Дарэчы, такому ўменню шмат увагі надавалася ў часы вялікага Рэмбрандта.

Мы размаўляем пра жывапіс, а з вуснаў мастака не зыходзяць такія прозвішчы, як Рэпін, Сурыкаў, Сяроў, Манэ, Каровін, Левітан.

– Гэта вялікія людзі, іх работы – найвышэйшай дасканаласці. І гэтай дасканаласці павінен вучыцца кожны мастак.

Сам Сурэн лічыць сябе іх вучнем. Цікавасць да творчасці ён адчуў яшчэ з ранняга дзяцінства, і ў гэтым у многім паспрыяў яго бацька – педагог і мастак. Дарэчы, прафесійна Сурэн стаў метэаролагам, а вось навуку жывапісу спасцігаў самастойна – акадэмічны курс навучання прайшоў па кнігах, альбомах, падручніках. А таксама па палотнах вялікіх майстроў, якія ў свой час пачаў капіраваць і лічыць гэта найвышэйшай школай для сябе.

І па жыцці ён заўсёды ідзе обруч з жывапісам. У Арменіі, затым у Беларусі. 

У свой час лёс паднёс яму вялікі падарунак, які пакінуў адбітак натхнення назаўсёды. Аднойчы Сурэн разам з жонкай трапіў на адпачынак у знакаміты Плёс – невялікі волжскі гарадок у Іванаўскай вобласці. Там – дом-музей Ісаака Левітана. Менавіта гэтыя мясціны некалі кранулі сэрца вялікага мастака. Разам са сваімі сябрамі ён быў там неаднаразова, нават жыў па паўгода. Натхнёны прыгажосцю мясцовых краявідаў, за гэтыя часы Левітан напісаў каля двух сотняў палотнаў непасрэдна на натуры, а затым і па памяці.

– Апынуцца ў Плёсе было сапраўдным шчасцем, – з бляскам у вачах успамінае Сурэн. – Там незвычайная прыгажосць. Мы трапілі туды і… засталіся. Мне пашанцавала там не толькі адпачываць, але і працаваць, і гэта супрацоўніцтва зацягнулася на паўтара шчаслівыя гады. Мае работы былі змешчаны ў холе дома-музея разам з карцінамі Шышкіна і Саўрасава. Дарэчы, вось гэта невялікая карціна напісана ў Плёсе.

Сурэн паказаў на пейзаж цнатлівай прыгажосці прыроды, дзе занатаваны знаёмы і блізкі яму волжскі пейзаж.

– Тады гэтыя мясціны былі амаль некранутыя цывілізацыяй.., – з настальгіяй дадаў ён. 

Мы пераходзім ад карціны да карціны. Шмат знаёмых краявідаў. Вось рака Бобр, вось мост праз яе, Белякоў хутар, берагі вадасховішча на Лебартова, дарога на вёску Новая Крупка, прасёлак на Крупкі-2…

Пераважна мастак працуе з натуры, але не фатаграфічна, а творча. Яму ўласцівыя свая, унікальная манера стварэння карцін, свой адметны почырк.

Таццяна КАВАЛЕНКА

Боскім дарам пасланы сюжэт:

На карціне – царква. І духоўнасць.

Крупкі. Сонца. Дабра запавет.

А нябёсы – памкненняў высознасць.

 

Квецень яблынь – ў зеніце вясна.

Гэта веры прыйшло адраджэнне.

Плот – як рэшткі мінулага дня…

Травы, кветкі – людзей ўвасабленне.

 

Вера тут! Да Радзімы любоў!

Да сям’і і да продкаў, да хлеба!

І ўладарыць над намі будзе ізноў

Чысты колер блакітнага неба.

– Прырода дасканалая, яе сюжэты і фарбы дасканалыя, – адзначае ён. – Для мяне, як для мастака, важна паспець занатаваць у сваёй памяці гэты дасканалы сюжэт, бо менавіта такім ён больш ніколі не паўторыцца. Важна адчуць колеры, святло, затым усё гэта перажыць, неаднаразова прапусціць праз сябе, пакуль пакласці на палатно.

Звычайна новая карціна спачатку жыве пэўны час ва ўяўленні мастака. А затым з’яўляецца на свет у парыве моцнага эмацыянальнага ўздыму аўтара – павінна літаральна выбухнуць тое, што дагэтуль выспявала.

Спыняемся каля палатна, дзе напісана царква, што ў горадзе Крупкі. Мы бачым яе шмат гадоў таму, блізка да таго, калі была толькі пабудавана: яшчэ былая агароджа, дрэвы, фасад. А якое цудоўнае неба над храмам! Святло грае ў хмарках. Здаецца, вось-вось пойдзе дождж.

– Так яно і было, – успамінае Сурэн. – Мяне так уразіла неба, што я вырашыў зараз жа ўзяцца за пэндзаль. Раптам пачаў накропваць дождж, і я занепакоіўся, каб ён не заліў работу. На нейкі час перапыніўся. Але дождж хутка скончыўся, а неба было такім жа цудоўным. З другога заходу ў той жа дзень я і скончыў карціну.

Сапраўды, цёплая і вельмі душэўная работа.   

– Звычайна ці доўга чакаеце натхнення? – пытаюся.

– Яно амаль што заўсёды са мною, – адказвае Сурэн. – Гэта асаблівае ўнутранае пачуццё, асаблівы настрой, калі хочацца тварыць, калі нехта няўлоўны кіруе тваім сэрцам, тваёй рукой. Тады і нараджаецца карціна.

Пейзаж – толькі частка яго творчасці. Вельмі добра яму ўдаюцца і нацюрморты. Доўга я не магла адарвацца ад партрэта жанчыны. Мяне ўразілі яе вочы. З якога боку не падыходзіш да карціны – яны глядзяць менавіта на цябе.  

– Я не раблю гэта наўмысна з дапамогай нейкіх тэхнік, так атрымліваецца, само сабой, – заўважае маю цікавасць Сурэн.

У яго работах няма рэзкіх кантрастаў: ні ў фарбах, ні ў манеры пісьма. Усё выканана арганічна, натуральна, з дакладным адчуваннем аб’ёму, з выразнымі першымі планамі.

Дарэчы, падчас выставы адбылася сустрэча аўтара з навучэнцамі па класе жывапісу Крупскай дзіцячай школы мастацтваў. Дзеці ахвотна задавалі пытанні – яны размаўлялі на адной мове – мове мастацтва. Несумненна, парады ім пойдуць на карысць.

– Мастацтва павінна быць запатрабаваным, – выказвае сваё меркаванне Сурэн. – Людзі павінны мець магчымасць бачыць карціны. Вельмі добра, што ладзяцца выставы, дзе можна іх і паказаць, і паглядзець. Менавіта мастацтва, жывапіс дазваляе ў наш імклівы час крыху спыніцца, сузіраць прыгожае. Прыгажосць заўсёды звязана з самымі добрымі пачуццямі, думкамі, а, значыць, і з такімі ж добрымі ўчынкамі.

Несумненна, гэта так!

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Please publish modules in offcanvas position.