krupki.by

ru RU be BE en EN


Яўген Марцінкевіч: «Карціна – гэта не толькі занатаваны сюжэт або пейзаж, гэта лагічнае мысленне мастака»

Автор / Фарбы и рыфмы души / Аўторак, 20 Снежань 2016 15:12 / Просмотров: 2926

Падпалкоўнік запасу і ваенны мастак Яўген Марцінкевіч: «Карціна – гэта не толькі занатаваны сюжэт або пейзаж, гэта лагічнае мысленне мастака». Яўген Людзвігавіч Марцінкевіч – асоба вельмі цікавая. Энцыклапедычная памяць, шырокія веды, глыбокія патрыятычныя перакананні і шчырая творчая душа. Яго радзіма – Барысаў. Але сваімі карэннямі зачапіўся яго род і за крупскую зямлю. Праўда, апошні раз Яўген Людзвігавіч быў на Крупшчыне гадоў 50 таму. І зараз наведаў яе з асаблівым пачуццём – персанальная выстава мастака Марцінкевіча прайшла ў галерэі імя Барыса Аракчэева ў нашым горадзе.

І зараз перад яго вачыма той дзень. Гарачае лета 1941 года. У нядаўна акупіраваным родным Барысаве гаспадарыць вораг. У двор, дзе некалі вольна і бесклапотна гулялі дзеці, выйсці страшна. Але малыя яшчэ не навучыліся як след сцерагчыся, ды і ўседзець дапытлівым хлапчукам цяжка… Васьмігадовы Жэня разам з сябрамі моўчкі стаяў і глядзеў на напаўразбураны будынак, дзе зусім нядаўна на праспекце Рэвалюцыі была кнігарня. Там, сярод руінаў, ляжалі кнігі… Стаптаныя салдацкімі ботамі… Хлопчык апусціўся на калені і пачаў выбіраць тое, што яшчэ неяк «дыхала». Дадому прынёс цэлы стос, а потым чытаў нават тое, што яму было незразумела. А вось ілюстрацыі і фотаздымкі! Яны заварожвалі, прыцягвалі, і маленькая рука міжволі цягнулася да алоўка.

– Мая мама нарадзілася ў вёсцы Вялікі Лес, – расказвае ён. – У Крупскім раёне шмат нашых родзічаў, тут павінны быць родныя па прозвішчах Чапянец, Міранюк. На жаль, я іх амаль не ведаю. Пасля школы скончыў Львоўскае агульнавайсковае вучылішча імя Шчорса. Падчас службы ў Чалябінску скончыў гістфак мясцовага ўніверсітэта. Увогуле больш за 30 гадоў праслужыў ва Узброеных Сілах СССР. Быў страявым камандзірам, затым палітработнікам. Звольніўся ў запас з Харкаўскага вышэйшага ваеннага вучылішча тылу і МУС СССР, куды ў свой час прыйшоў падпалкоўнікам з пасады намесніка камандзіра палка.  Працаваў там на кафедры, выкладаў гісторыю, працаваў у палітаддзеле. Дзесяцігоддзе выкладаў у адной з харкаўскіх школ. І – увесь час займаўся жывапісам.

Расказаў па-ваеннаму дакладна. Дзясятак сказаў, а нібы жыццё перагартаў, па многіх далёкіх дарогах былога Саюза праехаў ізноў. А вось свой першы малюнак узгадаць не змог, крыху задумаўся і сказаў:

– Колькі сябе памятаю, столькі і пішу. Гэта ў крыві ўсёй нашай радні. Я ўвесь час меў стасункі з мастакамі. Яшчэ ў юнацтве барысаўскія майстры навучылі мяне, як нацягваць палатно, як яго грунтаваць сталярным клеем. Навучылі, як самому рабіць пэндзлі. Спачатку я займаўся капіраваннем, лічу, што яно мне шмат дало для выпрацоўкі ўласнай творчай манеры. На Украіне былі добрыя сувязі з мастацкім інстытутам. Вучылішча, дзе я выкладаў, мела цудоўныя традыцыі, там мы нават стварылі мастацкі музей. Памятаю, як творча працавалі разам з двума студэнтамі над вялізнай дыярамай. Я ў іх быў не толькі кансультантам, у кожную вольную хвілінку браў пэндзаль і спяшаўся працаваць. 

У сваіх работах Яўген Людзвігавіч занатоўваў, усхваляў і ўзвялічваў гераізм савецкіх воінаў. Гэтая тэма прайшла праз яго сэрца. Да яе ён ставіўся дакладна як гісторык і ваенны, эмацыянальна як патрыёт і чалавек творчы. Але сталася так, што асобныя з гэтых палотнаў засталіся на яго сэрцы рубцамі.

– Я напісаў для навучальнай установы, дзе працаваў, вялікую карціну. Справа ў тым, што ў свой час мяне вельмі ўразіў расказ пра подзвіг легендарнага ўзвода гвардзейцаў-шыронінцаў. На пачатку сакавіка 1943 года ўзвод з 25 чалавек пад камандаваннем гвардыі лейтэнанта Пятра Шыроніна змагаўся з пераўзыходзячымі сіламі варожай пяхоты, якую падтрымлівалі 35 танкаў ля чыгуначнага пераезда на паўднёвым ускрайку сяла Таранаўка, што ў Харкаўскай вобласці на Украіне. Задача – не падпусціць ворага да Харкава. Адзіная 45-мілімятровая гармата была знішчана ў першым жа баі. Байцы агнём з супрацьтанкавых ружжаў, гранатамі і бутэлькамі з запальваючай сумессю знішчылі 16 танкаў праціўніка і звыш сотні гітлераўцаў. Фашысты так і не змаглі ўзяць чыгуначны пераезд. Усім 25 гвардзейцам было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, 18 – пасмяротна. Пра жудасныя падзеі тых дзён я чуў ад відавочцаў – камандзіра палка генерала Каржэнкі і гвардыі старшага сяржанта Івана Вернігарэнкі. Яны расказвалі, як лютавалі немцы, як яны ішлі, знішчаючы ўсё жывое на сваім шляху, прасуючы танкамі мірных жыхароў, хворых і параненых у шпіталі. Як мужна змагаліся савецкія воіны. З іх расказаў я нібы перажыў усё сам. Гэтыя падзеі я паклаў на палатно. Пэўны час яно займала пачэснае месца, але затым знікла – у ліхія 90-я гады. А на маё пытанне так і адказалі: «Ведаеш, час мяняецца…» А мне вось не зразумела, як можна здрадзіць сваім ідэям! І ў школе спалілі мае карціны. У той час руйнавалі ўсё. Я прыйшоў у райкам Маскоўскага раёна Харкава, там на падлозе валялася мая ўліковая картка, я забраў яе і захоўваю дагэтуль.

Карціны Яўгена Марцінкевіча мелі высокую адзнаку ў прафесійным асяроддзі. Яны экспанаваліся на Усесаюзнай выставе ваенных мастакоў, а сам аўтар узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік культурнага шэфства над Узброенымі Сіламі СССР» і вельмі гэтым ганарыцца.

– Бачыце, тут кніга, ліра і палітра, – паказвае ён. – Калі мне яго ўручылі, я пачаў лічыць сябе мастаком.

Кожная карціна для аўтара – гэта частка яго душы. Таму і неабыякавы ён да іх лёсу. Але, на жаль, не ўсё падуладна чалавечай волі.

– Я люблю свае карціны, як дзяцей, – з пачуццём гаворыць Яўген Людзвігавіч. – У іх трэба ўкласці столькі працы, розуму, любові! На жаль, лёс многіх маіх палотнаў сумны. І тых, пра якія я расказаў, і тых, што згарэлі ў бацькоўскім доме ў Барысаве, якраз напярэдадні майго вяртання. А многія я проста раздаў, калі пераязджалі – нам далі невялікі кантэйнер, хоць бы самыя неабходныя рэчы ўмясціліся, куды ўжо там карціны! Спадзяюся, што яны трапілі ў добрыя рукі. Канечне, ёсць палотны і з удалым лёсам.

Жыццё наша непрадказальнае. Яно ўвесь час выпрабоўвае чалавека на трываласць. І Яўген Людзвігавіч, як сапраўдны ваенны, з выпраўкай ідзе наперад. Адбудавалі ў Барысаве дом, дзе і зараз шчасліва жывуць з жонкай.

– Неяк дачка мне параіла: «Тата, трэба напісаць некалькі карцін», – расказвае мастак. – І сапраўды, іх жа амаль не засталося. Я зрабіў. Зноў жа з доччынай парады паказалі іх у мастацкай галерэі «З’ява», што ў Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Каладзеева. Там іх ухвалілі, але для самастойнай экспазіцыі трэба, каб было не менш як 25. І літаральна за год на ўздыме нейкага асаблівага натхнення я стварыў 20 палотнаў.

Сапраўды, уражвае! Дарэчы, ваенна-гістарычныя тэма – гэта толькі частка творчасці Яўгена Людзвігавіча. У яго цудоўныя лірычныя пейзажы і нацюрморты. Іх аматары жывапісу і маглі пабачыць на выставе. Мы спыніліся ля палатна, дзе на фоне магутных пушчанскіх дрэў ідуць велічныя зубры. Яны нібыта жывыя, і ўся карціна ўспрымаецца як жывая, здаецца, што яна дыхае летнім лясным цёплым водарам. Асабліва заварожвае сонечнае святло, яно нібы пранікае праз выяву лесу, і ад гэтага ўся карціна свеціцца.

– Спачатку я раблю цёмны тон, затым высвятляю, – убачыў маю зацікаўленасць мастак. – Атрымліваецца, што святло нібы праяўляецца. Розныя тэхналогіі ёсць. Трэба спрабаваць, трэба эксперыментаваць.

Пытаюся ў Яўгена Людзвігавіча, як ён працуе над палотнамі?

–  З натуры можна пісаць толькі нацюрморт, – адказвае ён. – Усе карціны – гэта творчасць мастака, яны нараджаюцца ў майстэрнях. Толькі вялікія, як Шышкін, мог выйсці і адразу напісаць, і эцюд рабіўся паўнавартаснай карцінай. Мастак павінен убачыць галоўнае. Вось, напрыклад, тут я напісаў манастыр у Талачыне, на радзіме маёй жонкі. Насамрэч ля яго зараз – даволі шчыльная забудова. Але для ўспрыняцця галоўнага гэтыя дамы лішнія, таму на палатне іх няма. Карціна – гэта не толькі занатаваны пейзаж, гэта лагічная мысленне мастака.

Мы аглядаем экспазіцыю далей і бачым знаёмыя краявіды. Вось рака Нача, а вось Бобр. У сюжэтах шмат вады, заварожвае ўменне мастака ствараць адлюстраванне – дрэвы, аблокі нібы любуюцца сабой у чыстым люстры ракі, возера або невялікай запруды.

Калі размова ідзе пра прыроду, Яўген Людзвігавіч літаральна пераўтвараецца. У вачах свеціцца такое замілаванне, ад яго зыходзіць такая станоўчая энергія, цяпло, улюбёнасць, што гэта не можа не перадацца суразмоўцу. Напэўна, уменне шчыра захапляцца прыгажосцю і з’яўляецца тым эмацыянальным падмуркам, на якім ствараецца жывапіснае цуда.

– Памятаю, стаяла такая цудоўная зіма! – расказвае мастак. – Лес увесь быў у далікатных карунках з інею. Яны зіхацелі на сонцы ўсімі колерамі вясёлкі. Я быў настолькі ўзрушаны той прыгажосцю, што не мог утрымацца, каб зараз жа не ўзяцца за пэндзаль! І напісаў карціну так, як я адчуў тую пару. Яна ўдалася!

Усё ж такі, незвычайная гэта рэч – талент. І калі ўжо чалавек надзелены гэтым шчодрым дарам, то не тварыць ён проста не можа – хто б ні быў па прафесіі. 

– Не той мастак, хто атрымаў дыплом, а той, хто бачыць характар, прыгажосць і можа перадаць яе ў фарбах, – зноў папярэдзіў маё пытанне мастак. – Я шмат вучыўся ў прызнаных майстроў, рабіў копіі Шышкіна, Айвазоўскага, Пярова, Паленава, Саўрасава, Васняцова. Некалі, калі яшчэ служыў на Урале, зрабіў копію з партрэта Крамскога «Невядомая», атрымалася вельмі ўдала. Пісаў і на рэлігійныя тэмы, і зараз у дачкі вісіць карціна, дзе Ісус Хрыстос. Многія нават здзіўляюцца.

Проста ўражвае, наколькі рознабаковымі могуць быць людзі. Здаецца, размаўляць з Яўгенам Людзвігавічам можна бясконца. А расказаць яму, сапраўды, ёсць што. 

– У мяне ёсць задума нават напісаць кнігу, – дзеліцца ён. – Сабраць нашу радаслоўную. У мяне ў родзе ёсць шмат цікавых людзей. Напрыклад, дзядуля – поўны георгіеўскі кавалер. У свой час ён працаваў у Піцеры на Охцінскім парахавым заводзе. А бабуля служыла ў сям’і дырэктара. Дарэчы, гаспадыня хрысціла майго бацьку і дала яму імя. Вось чаму я Людзвігавіч. А маміна бабуля была фрэйлінай. Шмат цікавага можна ўспамінаць і з нашага роду, і з майго ўласнага жыцця.

Адразу відаць, з якой любоўю гэты чалавек гаворыць пра сваю сям’ю, пра сваіх продкаў. Думаецца, што і кніга ў яго атрымаецца абавязкова змястоўная, цікавая, бо яе будзе пісаць сапраўды творчы чалавек. Напэўна, вось такое эмацыянальнае багацце і дазваляе кадраваму ваеннаму быць мастаком і пранікнёным лірыкам, які ўмее тонка адчуваць прыгажосць.

 

Таццяна КАВАЛЕНКА

Прырода – самы лепшы наш настаўнік.

Мастак старанна вучыцца ў яе.

Яна – прычал і родны наш прыстанак.

Натхненне сэрцу творчаму дае!

І нельга ў любую пару года

Пейзаж знаёмы гэты не любіць

І нашу беларускую прыроду,

Бо тут Радзіма наша, тут нам жыць.

Мастак. Ён па прафесіі ваенны,

Нясуць яго палотны мір, спакой.

Народа веліч услаўляе ён нязменна.

Жыве з любоўю да зямлі сваёй.

І нездарма асілкі тыя – зубры –

Упадабалі беларускі край.

Ён запаведны, добры, мудры

Яго ты шчырым сэрцам сагравай! 

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Please publish modules in offcanvas position.