Адказы на гэтыя і іншыя пытанні вы знойдзеце ў матэрыяле, што стаў стартавым для новага праекта. Крупскі раён быў утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складаных умовах пачатку ХХ стагоддзя. У наступным годзе мы адзначым яго 95-годдзе. А сёлетні год юбілейны для нашага горада. Крупкам – 425 гадоў. Гэтыя даты натхнілі нас на стварэнне новага спецпраекту «Паралелі часу», дзе будзем згадваць самыя яскравыя і адметныя старонкі гісторыі горада, пасёлкаў і вёсак нашага раёна і пабачым, якімі яны былі, як змяняліся і якімі сталі. Нездарма эпіграфам для праекта абраны запавет «Ведаць свае карані». Мы будзем праводзіць пэўныя паралелі часу, а таксама чытачы змогуць зрабіць гэта самі... Запрашаем да творчага супрацоўніцтва ўсіх, каму неабыякава наша гісторыя і каму ёсць што сказаць. Праект стартуе пад знакам Года малой радзімы.
«Вытокі. Станаўленне» – так называецца, бадай, адзіная кніга, дзе сабраны, сістэматызаваны і цікава выкладзены падзеі на досвітку стварэння нашага раёна – з дакументамі, вытрымкамі з газет і ўспамінамі сведкаў. Яе напісаў кандыдат гістарычных навук Дзмітрый Хромчанка. Мы ўжо знаёмілі нашых чытачоў з асобнымі часткамі, і вось зараз самы час зноў звярнуцца да гэтай грунтоўнай працы пра гісторыю і асобы таго часу.
Ітак, перагорнем яе некалькі старонак.
…Па рашэнні 2-й сесіі ЦВК БССР 6-га склікання17 ліпеня 1924 года на тэрыторыі Беларусі ліквідаваліся воласці, паветы і губерніі, і замест іх ствараліся сельскія саветы, раёны і акругі. Да гэтага частка населеных пунктаў Крупшчыны ўваходзіла ў Барысаўскі павет Мінскай губерніі, частка – ў Сенненскі павет Віцебскай губерніі. Пасля раяніравання большая частка ўвайшла ў Крупскі раён Барысаўскай акругі, астатнія – у Халопеніцкі раён Барысаўскай акругі і Чарэйскі раён Аршанскай акругі.
На той час Крупскі раён складаўся з 11 сельскіх саветаў: Крупскі, Бобрскі, Шэйкаўскі, Ігрушкаўскі, Сакалавіцкі, Нацкі, Малажабярыцкі, Выдрыцкі, Ухвальскі, Стараслабадскі, Шынкаўскі. Усяго 174 населеныя пункты, 35 тысяч насельніцтва. І гэта яшчэ без Халопеніцкага, Узнацкага, Грыцкавіцкага, Хацюхоўскага, што былі ў Халопеніцкім раёне, і Вялікахальнявіцкага, Дуброўскага, Заборскага, Абчугскага і Смародзінскага сельскіх саветаў, што на той час былі ў Чарэйскім раёне, але ў 1931 годзе зноў уліліся ў Крупскі. Дарэчы, у вініку насельніцва нашага раёна праз гэта складала 73 тысячы чалавек і ён быў адным з буйнейшых у рэспубліцы!
Калі ўгледзецца ў гэты адміністратыўна-тэрытарыяльны падзел, то робіцца зразумелым, дзе, у якіх вёсках былі самыя буйныя і ажыўленыя цэнтры, дзе найбольш віравала тагачаснае няпростае жыццё.
Натуральна, што пры ўтварэнні раёна паўстала пытанне пра яго назву. Выбар быў паміж двума мястэчкамі – Бабром і Крупкамі. Дарэчы, першапачаткова перавага была аддадзена Бабру – досыць буйны населены пункт, каля 2,5 тысячы насельніцтва, школа, паштовае аддзяленне, урачэбная амбулаторыя, спіртзавод (былая ўласнасць памешчыка Барталамея). Але супраць гэтага актыўна выступілі рабочыя Крупскай запалкавай фабрыкі «Саломка» (на нашай памяці гэта дрэваапрацоўчы камбінат, якога не стала не так даўно). На той час гэта быў найбольш арганізаваны і дастаткова буйны працоўны калектыў. Нагадаем, што фабрыка «Саломка» даўней належыла памешчыку Свяцкаму. Пасля працяглага перапынку ў 1924 годзе ўзнавіла работу, атрымаўшы да сваёй назвы дадатак «Імя Сцяпана Халтурына» (вядомага тады анархіста-рэвалюцыянера). 25 мая 1924 года на агульным сходзе працаўнікі прынялі рэзалюцыю, на падставе якой у Савет Народных Камісараў накіравалі ліст з прапановай вызначыць цэнтрам раёна мястэчка Крупкі. Матывавалі тым, што колькасць насельніцтва прыкладна роўная, але Крупкі з’яўляюцца больш развітым прамысловым цэнтрам. Акрамя фабрыкі «Саломка» былі і іншыя прадпрыемствы і арцелі: ганчарна-посудавая вытворчасць, смалакурны і маслабойны заводы, швейная арцель. Адпаведна, тут больш моцная рабочая праслойка, чым у Бабры, дзе пераважна займаліся гандлем. Даводзіўся і слушны аргумент пра тое, што недалёка ад Крупак ёсць чыгунка. У выніку рашэнне было прынята на карысць гэтага мястэчка. Праўда, крыху пазней, 23 ліпеня 1925 года, на пасяджэнні райвыканкама зноў паўстала пытанне пра перанос цэнтра ў Бобр і перайменаванні раёна. Але большасць гэта не падтрымала.
Канчаткова вызначыўшыся з райцэнтрам, райвыканкам заняўся пераўтварэннямі ўжо ў самім мястэчку, перш за ўсё перайменавалі вуліцы. Так, 15 снежня 1925 года было прынята рашэнне, у адпаведнасці з якім вуліца Паштовая стала Савецкай, Шырневіцкая – Інтэрнацыянальнай, Банная – Камсамольскай, Казіная – Набярэжнай, Барысаўская – Леніна.
Але вернемся зноў да самага вытоку. Пасля прыняцця рашэння аб раяніраванні распачалася работа па фарміраванні мясцовых органаў улады: апарата райкама партыі, райвыканкама, мясцовых кіраўнічых структур на ўзроўні сельскіх саветаў. Спачатку было створана часовае бюро ў складзе сакратара райкама партыі Івана Іванавіча Гордзіна, старшыні райвыканкама Аляксея Якаўлевіча Стулава, сакратара райкама камсамола Гурына і прадстаўніка ад рабочых – сакратара партыйнай ячэйкі фабрыкі «Саломка» Локшына. Па першасці часовае бюро праводзіла адзіныя пасяджэнні. У жніўні органы ўлады былі ўкамплектаваны кадрамі. Асноўную частку кіруючага саставу раёна склалі супрацоўнікі былых павятовага, чатырох валасных камітэтаў, тым самым захаваўшы пераемнасць.
28 жніўня 1924 года адбылася першая раённая партыйная канферэнцыя, дзе прысутнічалі 39 дэлегатаў. Праўда, на тыя часы ў раёне было ўсяго паўсотні камуністаў. Пасля справаздачы аб міжнародным становішчы, якая, дарэчы, асаблівай рэакцыі ў прысутных не выклікала, пачалося ажыўленае абмеркаванне пытанняў пра стварэнне сялянскіх камітэтаў узаемадапамогі і пра сельскагаспадарчы падатак. На канферэнцыі быў абраны раённы камітэт у складзе 5 чалавек, а назаўтра, на першым пасяджэнні, – бюро ў складзе двух чалавек і сакратара райкама партыі.
Да 1 верасня Крупскі райвыканкам таксама цалкам прыступіў да кіраўніцтва раёнам. А 7 снежня 1924 года прайшоў першы раённы з’езд Саветаў, дзе абмеркавалі землеўпарадкаванне, кааперацыю насельніцтва, кадравыя пытанні. Газета «Звязда» 12 снежня напісала пра гэта так: «На з’езд прыйшлі дэлегаты з самых аддаленых куткоў… З’езд ухваліў усе мерапрыемствы Савецкай улады, ажыўленна абмяркоўваліся пытанні аб кааперацыі. Прапаноўвалася забраць мельніцы і іншыя падобныя прадпрыемствы з рук прыватных арандатараў і ўласнікаў».
Дарэчы, сведчыцца, што напачатку з’езда ўлады прымянілі псіхалагічны прыём, які вельмі ўразіў прысутных. Упершыню ў Крупках у зале былога панскага дома, дзе праходзіў з’езд, было ўключана электрычнае асвятленне. Дэлегаты з вёсак, дзе вечары праводзілі з лучынай ці ў лепшым выпадку газавай лямпай, упершыню пабачылі «лямпачкі Ільіча».
З’езд зацвердзіў кіруючыя кадры райвыканкама – 11 чалавек, з іх адна жанчына. Асноўны крытэрый падбору – класавы: сацыяльнае паходжанне і адданасць Савецкай уладзе. Трэба прызнаць, што іх адукацыйны і прафесійны ўзроўні былі вельмі нізкімі. Не лепшым было становішча і з партыйнымі кадрамі.
Адначасова былі ўтвораны раённы камітэт камсамола і раённая піянерская арганізацыя. Натуральна, што найбольш буйной была камсамольская структура на фабрыцы «Саломка». Цікава чытаць пратакол пасяджэння дзіцячага бюро Барысаўскага акружкама ЛКСМБ. Там сведчыцца, што былі намечаны мерапрыемствы да Міжнароднага дзіцячага тыдня, да Дня Канстытуцыі і г.д. А таксама прадугледжвалася аказанне дапамогі безнаглядным дзецям, павелічэнне колькасці гадзін для непісьменных у хаце-чытальні, працяг працы на гародзе, аказанне дапамогі беднякам у апрацоўцы зямлі, уборцы ўраджаю і г.д. Колькасць камсамольцаў і піянераў хутка расла, і ўжо ў наступным годзе піянерскія атрады былі створаны ва ўсіх сямігадовых школах раёна.
Пасля ўкамплектавання раённых органаў улады пачалося фарміраванне нізавых структур, перш за ўсё, сельскіх саветаў.
Захаваліся ўспаміны Уладзіміра Дзямідавіча Шылава з вёскі Нача. Вось што ён бачыў падлеткам:
– Па вёсцы пранеслася вестка: прыехалі ўпаўнаважаныя з раёна, будуць ствараць сельскі савет. Народу сабралася шмат, бо ў 1924 годзе ў вёсцы было каля 300 двароў. Сход праходзіў бурна, спрачаліся, прапаноўвалі розныя кандыдатуры. Урэшце рэшт вырашылі, што ў савет трэба абраць не толькі паважаных, але і адукаваных людзей.
Увогуле праблем, што патрабавалі неадкладнага вырашэння, было тым часам шмат. Становішча ў рэгіёне заставалася складаным. Працягваліся ўзброеныя выступленні супраць Савецкай улады. Ва ўсіх на слыху былі прозвішчы Семенюка, Моніча, Букаткіна, Рабцэвіча, Курты, Заковіча, Акаловіча, якія камандавалі атрадамі бандытаў.
Яшчэ не забыліся на дзёрзкі напад атрада Семенюка на аддзяленне міліцыі на станцыі Крупкі. У сакавіку стала вядома пра арганізацыю монічаўцамі крушэння хуткаснага цягніка «Стоўбцы-Маньчжурыя» каля Прыяміна, калі аграбілі пасажыраў, сярод якіх былі і інастранцы.
–У той смутны час было нямала банд, – успамінаў жыхар вёскі Вялікі Камянец Т.З. Макоўскі, – за золата яны забівалі людзей. Днямі бандыты жылі па хатах, а начамі збіраліся і нападалі на хутары і вёскі.
Мясцовых сіл для барацьбы з узброенымі фарміраваннямі не хапала. Найперш да гэтага прыцягвалі камуністаў і камсамольцаў, іх уключалі ў атрады ЧАН (часцей асобага назначэння) і ўзбройвалі для самаабароны.
Галоўнай праблемай заставалася неабходнасць узнімаць разбураную гаспадарку, наладзіць эканоміку і палепшыць жыццёвы ўзровень людзей. Аснову эканомікі складала сельская гаспадарка. Нягледзячы на тое, што дзяржава перадала сельскім жыхарам большую палову памешчыцкіх зямель, а гэта каля 2 тыс. га пашы і 500 га сенакосаў, праблема малазямелля была досыць вострай.
Па выніках першага пасля ўтварэння раёна сельскагаспадарчага года ў Крупках і Халопенічах былі праведзены сельскагаспадарчыя выставы. Газета «Звязда» 23 кастрычніка 1924 года так апісала падзеі ў Халопенічах: «Ужо з раніцы ў пасёлку было ажыўлена. Выстава тут у навіну, настрой у сялян нейкі па-асабліваму прыўзняты. За лепшыя экспанаты раздадзены прэміі: 10 плугоў, косы, сярпы і шмат іншых рэчаў».
Вось якое было жыццё ля вытокаў нашага раёна – нялёгкае, нясытае, нярэдка небяспечнае. Але людзі працавалі, жылі з верай у тое, што яны будуюць лепшае, сваё жыццё.