krupki.by

ru RU be BE en EN

Традыцыі выпякання хлеба беражліва захоўваюць крупскія гаспадыні



Традыцыі выпякання хлеба беражліва захоўваюць крупскія гаспадыні

Автор / Общество / Суббота, 01 апреля 2023 13:23 / Просмотров: 375

Зноў нас паклікаў Крупскі раённы Дом рамёстваў. Каторы раз упэўніваюся, якія таленавітыя людзі жывуць вакол нас. Цяпер яны здзівілі майстэрствам выпякаць хлеб.

З ДАЎНІХ часоў хлеб быў гаспадаром на стале. Ні адно абрадавае свята не абыходзілася без каравая. І па сённяшні дзень хлебам-соллю сустракаюць дарагіх гасцей. Хлеб шанавалі, паважалі, з дзяцінства вучылі з трапятаннем адносіцца да яго. Нашы продкі хлеб выпякалі самі. З гэтым рамяством былі звязаны некаторыя ўяўленні і звычаі. Лічылася, што пячы хлеб павінна жанчына, гаспадыня дома. Ні ў якім разе нельга было рашчы­няць хлеб у кепскім настроі – гэта адаб’ецца на якасці. Пакласці хлеб скарынкай уніз азначала непавагу. Акраец хлеба ці хлебныя крошкі не павінны былі аказацца на падлозе. Гэта – знявага. Дарэчы, хлеб клалі ў ваду, калі ўпершыню збіраліся выкупаць дзіця. Гэта сімвалізавала багатую і шчаслівую долю. Хлебам благаслаўлялі маладых на вяселле, каб жыццё было напоўнена дабрабытам. Вобраз хлеба шчыруе ў вершах знакамітых беларускіх паэтаў.

ПАХ свежага духмянага хлеба панаваў у Доме рамёстваў – на стале ля печы сваё ганаровае месца занялі пышныя боханы, спечаныя крупскімі гаспадынямі.

– У мінулым годзе ў суседзяў у гасцях паспрабавала дамашні хлеб, – расказвае Людміла Дойлід. – Шчыра кажучы, прыйшоўся даспадобы. І я падумала: «А чаму мне не спячы свой хлеб?» Суседзі падзяліліся са мной закваскай і рэцэптам. Адразу адзначыла з добрага боку, што сярод інгрэдыентаў няма дражджэй, алею.

– Падзяліцеся сваім рэцэптам, – просіць пачынаючы пекар Алена Жызнеўская. – Хлеб ваш цудоўны!

– Бяру тры гатункі мукі, – кажа Людміла Ула­дзіміраўна. – Пшанічную, жытнюю абдзірную і пшанічную цэльназернавую. Дадаю семечкі сланечнікавыя, гарбузовыя, ільняныя. А таксама крыху шматкоў «5 злакаў», аўсянага вотруб’я, соль, цукар і закваску. Усё перамешваю, дадаю ваду.

Хлеб Людміла Дойлід пячэ раз на тыдзень, у чацвер. І ўвесь час хлеб свежы. Ёсць у майстрыхі свой сакрэт.

– Бохан дзялю на часткі, – працягвае Людміла Дойлід. – Што пакідаю есці, а што – у маразільную камеру. Медыкі раяць класці хлеб у мара­зілку, бо гэта карысна для стрававання і здароўя. А ўвогуле, водар хлеба нагадвае дзяцінства. Мы жылі ў Плавучым Галым. Там тады была свая пякарня. Уяўляеце, якія пахі панавалі ва ўсім наваколлі?! Ні з чым не параўнаць! А мама мая працавала ў сталоўцы, пякла булачкі, піражкі. А да Вялікадня вяскоўцы прыносілі маме прадукты і прасілі напекчы булак. Я таксама пяку булкі на свята. Дамашняя булка – абавязковы пасхальны атрыбут. Так я адчуваю святочны настрой.

А да хлеба ў Людмілы Дойлід прыпасена смаката – дамашнія каўбаска, паляндвічка, хрумсткія салёныя агуркі. З духмяным хлебам – што можа быць лепшае? А галоўнае, усё карыснае, асабліва для тых, хто прытрымліваецца здаровага харчавання.

ДЗЯЛІЛІСЯ гаспадыні сваімі сакрэтамі хлебапечання, рэцэптамі.

– Я пяку хлеб гадоў дзевяць, – кажа Марына Ляушына. – З таго часу, як пераехалі жыць у аграгарадок Абчуга. Пачынаючы з лістапада і па сакавік. Чаму так? Бо пяку ў печы. Зразумела, што ў цёплы час печку не палю. Хлеб пяку два разы на тыдзень. Дзяжу, дзе замешваю цеста, ніколі не мыю. Новае цеста з папярэднім змешваецца і атрымоўваецца лепшым.

– Мама мая заўсёды пякла дамашні хлеб, – успамінае Вера Лімава. – З напаленай печы выграбаліся вуглі. На скавараду мама клала крапіву ці ліст лапуха, зверху цеста. Жытнёвы хлеб атрымоўваўся вялікімі ляпёшкамі. Праз пэўны час разносіўся водар хлеба. Ды такі смачны, прыемны, духмяны! З таго часу хлеба з такім смакам я не спрабавала.

Акрамя хлебнай дэгустацыі, для майстроў клуба «Таленты Крупшчыны» Людмілай Малецка быў праведзены майстар-клас петрыкаўскага роспісу. Кожны ўдзельнік пад кіраўніцтвам мастака адчуў сябе жывапісцам – з-пад пэндзля выходзілі сапраўдныя шэдэўры.

Тэкст і фота
Іны ГАРА.

Автор

admin

admin

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.