Ужо летам 1941 года на Крупшчыне пачаўся рух супраціўлення. Вось што пісаў пра братоў Ясінскіх, Мікалая Антонавіча і Восіпа Антонавіча, адзін з удзельнікаў крупскага падполля Архіп Сцяпанавіч Філонаў: «Ужо ў кастрычніку 1941 года на Крупшчыне пачалі дзейнічаць першыя групы супраціўлення. Адну з іх узначальваў Мікалай Антонавіч Ясінскі, 1920 года нараджэння. Пазнаёміўся я з ім у Паўла Іларыёнавіча Юркевіча з вёскі Тапарышча. Юркевіч і Ясінскі былі пакінуты райкамам партыі для падпольнай работы. Акрамя нас, у групу ўвайшлі брат Ясінскага Восіп, настаўніца Еўдакія Барсукова, Сазонаў Антон Іванавіч, пазней Філіпаў Сцяпан Давыдавіч… Мікалай Ясінскі звязаўся з падпольнай групай Пятрайціса, якая дзейнічала ў саміх Крупках. Пятрайціс, былы настаўнік Крупскай школы, Сяліцкі, Імшанецкі працавалі ў акупацыйным органе ўлады – Крупскай зямельнай управе…Група мела радыёпрыёмнік. Усе яны былі пазней расстраляны».
Звернем увагу на тое, што Мікалай Ясінскі спачатку дзейнічаў самастойна. Па ўспамінах былога камандзіра партызанскага атрада Ц.Н. Кавецкага, у жніўні 1941 года Мікалай Ясінскі, Дзмітрый і Мікалай Мядзведзевы зрабілі засаду недалёка ад Дакучына, забілі 8 гітлераўцаў, забралі іхнюю зброю. Фашысты былі ў лютасці. 25 верасня 1941 года яны сагналі 45 жыхароў Дакучына і расстралялі».
Вядома, што Мікалай сустракаўся з сакратаром Крупскага райкама партыі Камаровым, які знаходзіўся ў лясах недалёка ад вёскі Ухвала. Па словах А.С. Філонава «Па даручэнні Камарова Ясінскі наладзіў сувязь з лесніком з вёскі Папарнае, камсамолкай з Дзянісавіч Ганнай Казлоўскай, урачом Крупскай лячэбніцы Арсенам Чайкіным». Але і Камароў таксама загінуў у 1941 годзе. Пасля гэтага, як было адзначана ў анкеце па ўліку партызанскіх кадраў Беларускага штаба партызанскага руху, браты Ясінскія з мая 1942 года былі звязаны з партызанскім атрадам Сяргея (С.Р. Жуніна). Вось што піша ў сваёй кнізе «Ад Дняпра да Буга» Жунін: «Пазней, ужо ў маі 1942 года ў раёне вёскі Папарнае ў атрад «Сяргея» прыбыў камсамолец Ясінскі, які, па яго словах, шукаў райкамаўскіх работнікаў». Але падпольная дзейнасць Мікалая была нядоўгай. Крыху больш чым за месяц пазней ён быў схоплены падчас выканання баявога задання і 25 чэрвеня гэтага ж года расстраляны.
Брату ж яго, Восіпу, калі пачалася вайна, споўнілася толькі 16 гадоў. Але, як і Мікалай, ён не застаўся ў баку ад барацьбы з акупантамі. Разам з братам юнак пачаў дзейнічаць у падполлі па заданнях партызан. Як адзначана ў яго асабістым лістку па ўліку партызанскіх кадраў, «налаживал постоянную связь с железнодорожной станцией Крупки, был проводником партизан в районе железнодорожной станции Крупки. Был схвачен немцами и расстрелян 25 июня 1942 года».
Камсамолка Ганна Казлоўская ў пачатку нямецкай акупацыі пачала дапамагаць партызанам, трымала сувязь з загадчыкам Дзянісавіцкага медпункта Рыгорам Бураковым, перадавала партызанам медыкаменты. Адной з аперацый партызан, у якой ўдзельнічала Ганна, быў разгром Дзянісавіцкага гарнізона. Менавіта яна па даручэнні Жуніна выходзіла на сувязь з начальнікам гарнізона Міхаілам Сокалавым, з дапамогай якога і быў ліквідаваны гэты нямецкі апорны пункт. Па разведвальных звестках Казлоўскай была праведзена аперацыя па разгрому 28 жніўня 1942 года чыгуначнай станцыі Слаўнае, пра якую стала вядома нават у Берліне. Гэта была адна з важнейшых, але не адзіная дапамога Казлоўскай партызанам. Пра Ганну Емельянаўну згадвае ў сваёй кнізе Жунін. Як адзначалася ва ўзнагародным лісце «в качестве разведчика штаба участвовала в формировании и организации деятельности партизанских подразделений, находящихся в пяти районах дислокации». Акрамя разведвальнай дзейнасці, працавала санітаркай у партызанскім шпіталі, а ў час блакады выратавала параненага камандзіра. Удзельнічала ў 6 засадных баях, дыверсіі на чыгунцы, калі быў пушчаны пад адхон варожы эшалон. Казлоўская была ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём «Партызану Айчыннай вайны». Ва ўзнагародным лісце адзначалася: «Неоднократно проявляла мужество и смелость при выполнении заданий по разведке. Доставляла точные сведения, по которым бригада успешно совершала боевые операции».
Дарэчы, ў партызанскім атрадзе «Гвардзеец» брыгады імя Панамарэнкі ваявала і сястра Ганны – Паўла Казлоўская. Вось такая партызанская сям’я.
(Працяг будзе).
Дзмітрый ХРОМЧАНКА, кандыдат гістарычных навук.