БЯЛЯЕЎ Якаў Дзмітрыевіч (15.3.1918 – 6.7.1941)
Удзельнік баёў супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (31.8.1941).
Нарадзіўся ў в. Піхалёва Кінешэмскага раёна Іванаўскай вобласці. Кандыдат у члены КПСС. У Чырвонай Арміі з 1938 года. Удзельнік савецка-фінляндскай вайны 1939–40 гадоў. У гады Вялікай Айчыннай вайны на фронце з чэрвеня 1941 года. Камандзір бронемашыны сяржант Я.Д. Бяляеў асабліва вызначыўся ў абарончых баях у Беларусі. У чэрвені 1941 года у в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага раёна з экіпажам машыны падбіў варожы танк і 3 матацыклы. 6.7.1941 г. бой разгарэўся ля вёсак Гібайлавічы і Сомры Крупскага раёна, дзе гітлераўцы спрабавалі адрэзаць шлях адыходу 100-й стралковай дывізіі. Савецкія воіны на чале з Я.Д. Бяляевым знішчылі 4 аўтамашыны з пяхотай праціўніка. Ён працягваў весці агонь і тады, калі загарэлася яго машына, разам з экіпажам уступіў у рукапашную схватку з ворагам. Загінуў у гэтым баі. Пахаваны ў г. Крупкі, на магіле пастаўлены абеліск.
Імем Якава Дзмітрыевіча Бяляева названа вуліца ў г. Крупкі.