На абарону Радзімы ўзнялася велізарная колькасць савецкіх грамадзян. На жаль, не ўсе змаглі трымаць у руках зброю, каб змагацца з ненавісным ворагам. Дзеці, жанчыны, старыя... Менавіта ім выпала перажыць жахлівы час, які называўся акупацыяй. І сёння ёсць жывыя сведкі тых падзей, якія помняць усё да дробязей. Іх учэпістая дзіцячая памяць перагортвае адну за другой старонкі, напамінае аб ваенным ліхалецці.
Васіль Уладзіміравіч ШЭЛЕПЕНЬ, в. Старая Пярэсіка:
– Я 1938 года нараджэння, і на пачатак вайны мне было толькі тры гады. Але ўсе далейшыя ваенныя падзеі, што адбываліся ў вёсцы, у мяне і сёння перад вачыма. Нас, дзяцей, у сям’і было пяцёра. У 1941 годзе немцы ў ліку адзінаццаці іншых вяскоўцаў расстралялі і нашага бацьку. З першых дзён ліпеня 1941 года Старая Пярэсіка была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Неяк немцы прыйшлі ў хату і загадалі маці аддаць два кажухі. А яна яшчэ загадзя схавала іх у суседзяў. Дык і нас, дзяцей, і маці вывелі на агарод прама на снег і пачалі страляць над галовамі... І перасталі гэта рабіць толькі пасля таго, як маці аддала ім кажухі.
У вёсцы размяшчаўся нямецкі гарнізон, на які адзін раз партызанамі быў зроблены напад, і ён быў разбіты. А ў другі раз з Халопенічаў прыехалі паліцаі на чале з Юзафам – тоўстым немцам, і хацелі спаліць вёску. Але якраз з Лядоў прыскакала конніца і ля вёскі Батуры перарэзала ім дарогу. Прывезлі таго немца ў Пярэсіку і забілі. Тут жа пад яблыняй і закапалі. У той раз мы ўсе засталіся жывымі.
Але ў сакавіку 1944 года акупанты ўсё ж часткова спалілі нашу вёску і загубілі 12 мірных жыхароў. Наогул, на франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі і прапалі без вестак 28 жыхароў Старой Пярэсікі. Прапаў без вестак і мой старэйшы брат Ягор. Сястра Люба была вывезена ў Германію на прымусовыя работы. Пасля вызвалення амерыканцамі ў красавіку 1945 года дамоў вярнулася позняй восенню, ужо снег ляжаў.
Усяго хапіла, але моцныя духам нашы людзі ўсё вытрымалі і выстаялі. І сёння мы паўтараем зноў і зноў: ніхто не забыты, нішто не забыта.