krupki.by

ru RU be BE en EN

Да канца 1939 года працэс калектывізацыі на Крупшчыне быў у асноўным завершаны, у калгасах аб’яднаналіся 94% гаспадарак



Да канца 1939 года працэс калектывізацыі на Крупшчыне быў у асноўным завершаны, у калгасах аб’яднаналіся 94% гаспадарак

Автор / Общество / Серада, 16 Сакавік 2022 12:08 / Просмотров: 1193

«Было тады загадкава і невядома, што ж будзе з такой справы. Але відаць, што ў гэтым выратаванне ад нуды і адчаю зацягнутых у бядноту аднаасобных гаспадарак». Такое, і шмат падобных меркаванняў людзей пра калектывізацыю захавалі для нас газеты амаль 100-гадовай даўніны і архіўныя дакументы. Калі перагортваеш іх, поўнішся нейкім асаблівым пачуццём, нібы дакранаешся да гісторыі. Дзякуючы ім мы маем унікальную магчымасць даведацца пра падзеі і людзей, якія гэтую гісторыю стваралі. Каб не тыя простыя, і адначасова каштоўныя старэнькія старонкі, ці змаглі б мы сабраць звесткі пра тых, хто на досвітку стварэння нашага раёна шчыра працаваў і верыў у тое, што робіць? Пачытайце, можа сустрэнеце штосьці пра сваіх родзічаў ці знаёмых. Ітак, мы зноў пераносімся ў далёкія 30-я мінулага стагоддзя.

Да канца 1939 года працэс калектывізацыі на Крупшчыне быў у асноўным завершаны, у калгасах  аб’яднаналіся 94% гаспадарак раёна. Некалькі ўмацавалася матэрыяльная база. Калгасныя палі апрацоўвалі 2 машынна-трактарныя станцыі, якія мелі 78 трактараў. Зразумела, што гэтыя некалькі дзясяткаў маламоцных  «ХТЗ» не маглі апрацоўваць, тым больш за кароткі тэрмін, 25 тысяч гектараў калгасных палёў. У асноўным сельгас­работы праводзіліся ўручную, з прымяненнем коней, якіх у калгасах на той час налічвалася каля 5 тысяч. Пэўных поспехаў у канцы 1930-х гадоў калгаснікі дасягнулі і ў галіне жывёлагадоўлі. Па стану на 1939 год у калгасах раёна налічвалася 3 конегадоўчыя, 113 авечкагадоўчых, 103 свінагадоўчыя фермы, 114 фермаў, дзе ўтрымлівалася буйная рагатая жывёла.

Найлепшых вынікаў у сельскай гаспадарцы ў той час дабіліся працаўнікі калгасаў «Май» (в. Майскае) і «Бальшавік» (в. Худаўцы) Шэйскага, «Імя Молатава» (в. Ротань) і «Шлях Сталіна» (в. Ігрушка) Ігрушскага, імя Стаханава (Крупкі) Крупскага сельскіх Саветаў (па старому адміністратыўнаму дзяленню).

Нягледзячы на складанасці, «перагібы» ў правядзенні кале­ктывізацыі, паступова праца ў вёсках наладжвалася, праяўляліся перавагі калгасна-саўгаснай сістэмы гаспадарання, хаця заставалася і шмат недахопаў.  

Возьмем, напрыклад, калгас імя Стаханава, якім кіраваў старшыня Фёдар Аўдзеевіч Сяднёў. Пазней, у пасляваенны час, гэтая гаспадарка мела назву «Перамога».

Брыгада касцоў калгаса імя Стаханава на нарыхтоўцы кармоў. Другі справа – Фёдар СЯДНЁЎ.
Брыгада касцоў калгаса імя Стаханава на нарыхтоўцы кармоў. Другі справа – Фёдар СЯДНЁЎ.

6 студзеня 1938 года рэспуб­ліканская газета «Звязда» як істотнае дасягненне адзначала, што калгаснікі калгаса імя Стаханава атрымалі ў 1937 годзе на працадзень па 3 кг збожжавых, 9 кг бульбы, 5 кг гародніны, паўлітра малака і грашыма 1 рубель 25 капеек. На фоне іншых гаспадарак нават рэспублікі гэта былі неблагія прыбыткі. У той час, напрыклад, сярэдняя зарплата ў прамысловасці складала 2 рублі 50 капеек у дзень, прыкладна столькі, як і зарплата настаўнікаў.

Раённая газета таксама адзначала, што ў 1939 годзе «ў калгасе імя Стаханава ў сярэднім з гектара атрымана па 13-14 цэнтнераў зерневых, 4,5 цэнтнера льновалакна». Адзначым, што раней сяляне атрымлівалі на сваіх кавалках зямлі ўраджаі зерневых удвая меншыя.

Калгаснікі калгаса імя Стаханава спаборнічалі з суседзямі з ка­лгаса імя Варашылава (в. В.Слабада). Ход спаборніцтва таксама асвятляла газета «Звязда». У прыватнасці, у адным з нумароў паведамлялася, што ў калгасе імя Стаханава «план ворыва выкананы на 154%. Ворыва праведзена ў лепшыя тэрміны, якасна. Гэтаму садзейнічалі добрая арганізацыя працы, індывідуальная здзельшчына. Аб гэтым калгасе ішла размова ў артыкуле «За высокі ўраджай» і на старонках газеты «Савецкая Беларусь». У прыватнасці, адзначалася, што ў адказ на заклік перадавых калгасаў і рабочых Заслаўскай МТС у калгасе было створана 7 звёнаў, якія ўключыліся ў спаборніцтва за лепшую падрыхтоку да вясенне-палявых работ. Газета паведамляла, што «звеннявы Куляй Пётр абавязаўся атрымаць у сярэднім па 800 цэнтнераў бульбы з гектара пашы, звеннявая Доўгая Яўгенія – па 4 цэнтнеры льновалакна і 5 цэнтнераў ільносемя ў сярэднім з кожнага гектара». Гэта даволі высокія паказчыкі нават у параўнанні з сучаснымі ўраджаямі па навейшых тэхналогіях.

Яшчэ адзін прыклад. У артыкуле Я. Кручкова «Іх перамога» ішла размова аб брыгадзе льнаводаў з калгаса «Пралетарская перамога» (в. Слабада Грыцкавіцкага сельскага Савета) на чале з Аляхновічам, якая, скончыўшы ўборку льна на плошчы 81 гекатар, выйшла на дапамогу калгаснікам суседняга калгаса імя Калініна (в. Дудзінка), убраўшы больш за 20 гектараў.

Трэба адзначыць, што гэты калгас быў створаны адным з першых, у 1929 годзе. У той час з даволі вялікай вёскі Слабада падалі заяву аб уступленні толькі 13 бяднейшых гаспадарак. Як успамінаў старшыня калгаса Максім Чорны, «было тады загадкава і невядома, што ж будзе з гэтай справы. Але відаць было, што ў гэтым выратаванне ад нуды і адчаю зацягнутых у бядноту аднаасобных гаспадарак».

..Ужо ў 1930 годзе, які затым увайшоў у гісторыю як «год вялікага пералому», у калгас уступілі ўсе 103 гаспадаркі вёскі, было створана 5 брыгад.  Паступова гаспадарка мацнела, праз дзесяць гадоў яна мела даволі вялікі набор складанай сельскагаспадарчай тэхнікі, пачаў працаваць уласны маслазавод, які даваў прыбытак больш за 8 тысяч рублёў штогод. Гэта былі даволі вялікія грошы на той час у параўнанні з цэнамі.

На старонках раённай газеты неаднаразова пісалі і аб калгасе «Чырвоная зорка» Бобрскага сельсавета, які ў 1933 годзе ўзначаліў Якаў Ціханавіч Фамін. Першыя гады калектыўнай працы былі складанымі. Як пазней узгадваў Якаў Ціханавіч: «И вот я первым делом прежде всего взялся за налаживание дела животноводства, помня, что от него зависит благосостояние колхозников. Прошел год, и дела в животноводстве изменились. План 1935 года по сохранению крупного рогатого скота в 65 единиц мы перевыполнили на 25 голов, 11 бескоровных колхозников за это время были наделены молодняком. Осенью 1934 г. для скота были построены новые помещения. Планы по производству продуктов животноводства мы перевыполняем… В этом прежде всего заслуга наших колхозников». Хутка ў гаспадарцы былі створаны ўжо 5 жывёлагадоўчых ферм. Умацаванне галіны стала асновай і для паляпшэння спраў ў раслінаводстве. Перш за ўсё шляхам унясення ў глебу арганічных і мінеральных угнаенняў пачалі атрымліваць па 13 і болей цэнтнераў збожжавых у сярэднім з гектара сельгасугоддзяў. За сваю працу калгаснікі атрымлівалі на працадень па 3 і болей кілаграмаў зерня і 10 кілаграмаў бульбы, што лічылася нядрэнным для таго часу. У 1939 годзе гаспадарка была прадстаўлена на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставе ў Маскве.

Якаў Ціханавіч Фамін прайшоў вайну, пасля перамогі франтавік, узнагароджаны ордэнамі Славы, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны, зноў узначаліў калгас у роднай вёсцы. За сваю працу ўжо ў мірны час ён быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, на працягу 10 гадоў выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі.

Безумоўна,  раённая газета значную ўвагу ўдзяляла гэтым і іншым перадавым калгасам. Але таксама пісала і пра адстаючыя гаспадаркі. У гэты час адным з сельскіх карэспандэнтаў быў Рыгор Доменікаў, дарэчы, дэпутат раённага Савета, пазней удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, пасля перамогі рэдактар газеты «Камуністычны шлях», інструктар Крупскага райкама партыі. У сваіх публікацыях у перадваенныя часы ён неаднаразова пісаў аб дрэннай рабоце і безгаспадарчасці ў асобных ка­лгасах. Вось некаторыя вытрымкі з яго публікацый: «Калгас «Усход» Заборскага сельсавета з-за абязлічкі і безадказнай работы праўлення да вясны не рыхтуецца. Інвентар не рамантуецца, раскіданы». «Калгас 1-га мая» Узнацкага сельсавета падрыхтоўку да вясны паставіў на самацёк. Насенна-страхавыя фонды не створаны, інвентар увесь паламаны… Адносіны да цяглавай сілы нядбайныя, ...коні часткай зусім худыя…»

Не толькі раённая, але і цэнтральная прэса звяртала ўвагу на недахопы ў сельскагаспадарчым сектары Крупшчыны. Так, газета «Звязда» 4 студзеня 1938 года звяртала ўвагу на тое, што ў калгасах «Першае мая», «Новы шлях» Узнацкага сельсавета і ў іншых гаспадарках сельскагас­падарчы інвентар раскіданы і прыведзены ў непрыгоднасць. Да рамонту яго калгаснікі яшчэ не прыступілі. Планы завозу ў калгасы мінеральных угнаенняў таксама зрываюцца. Калгасы, якія абслугоўваюцца Халопеніцкай МТС, атрымалі толькі 9 тон мінеральных угнаенняў у той час, як 360 тон угнаенняў ляжаць на чыгуначнай станцыі і псуюцца.

У той жа газеце «Звязда» 20 студзеня 1939 года адзначалася, што «рамонт трактараў у Крупскай МТС пушчаны на самацёк. З 50 трактароў, якія патрабуюць рамонту, да гэтага часу адрамантавана толькі 7. Увесь прычапны сельскагаспадарчы інвентар знаходзіцца пад адкрытым небам, занесены снегам і нагадвае месца звалкі».

Гэта толькі асобныя, але не адзінкавыя крытычныя артыкулы. Яны сведчаць аб тым, што дарога да лепшага жыцця не была гладкай, было нямала і недахопаў, і памылак.

Хаця суцэльная калектывізацыя да канца 1930-х гадоў была ў цэлым завершана, яшчэ заставаліся гаспадаркі, не ўключаныя ў гэты працэс – «аднаасобнікі». Але і да іх даводзіліся планы продажу дзяржаве сельгаспрадукцыі: збожжа, бульбы, мяса і г.д. У кастрычніку 1938 года рэспубліканская  газета «Звязда» адзначала, напрыклад, што за аднаасобнікамі Ухвальскага сельскага Савета Крупскага раёна лічыцца 210 цэнтнераў нядоімак яшчэ за мінулы год, а яшчэ ім трэба здаць 450 цэнтнераў бульбы. У Смародзінскім сельсавеце аднаасобнікі павінны былі прадаць дзяржаве па цвёрдых цэнах 290 цэнтнераў бульбы, паставілі ж толькі 2 цэнтнеры.

XVII з’езд УКП(б) у 1937 годзе, а за ім і з’езд камуністычнай партыі Беларусі прыйшлі да высновы, што ў СССР «у асноўным пабудаваны сацыялізм». Пабудаваны не ў тым сэнсе, што ўсе людзі перавыхаваны «па-новаму», жыццё стала «па-новаму», а з нагоды таго, што тыя, хто заставаўся на старых пазіцыях, зышлі з палітычнай арэны, «кулакі», «ліквідаваны як клас», апазіцыя знішчана. Акрамя таго, эканоміка была адноўлена, пачалося даволі хуткае развіццё дзяржаўнага сектара. Адначасова ў актыўнае гаспадарчае, сацыяльнае і палітычнае жыццё ўступіла пакаленне, самасвядомасць, светапогляд якога ўжо фарміраваўся ва ўмовах савецкай рэчаіснасці, пад уплывам школьнага навучання і выхавання, сродкаў масавай інфармацыі і г.д.

Гісторыю ствараюць лю­дзі. Тады, падчас калектывізацыі, яны рабілі гэта, не маючыя дастатковага вопыту, ведаў, але са шчырым жаданнем палепшыць жыццё. Іх праца адлюстроўвалася як прыклад для іншых на старонках раённай газеты, прапагандавался рознымі спосабамі. Яны ўзнагароджваліся, праўда, больш не матэрыяльна, а праз добрае слова.

Мы ўжо адзначалі вышэй поспехі працаўнікоў калгаса імя Стаханава пад кіраўніцтвам Фёдара Сяднёва. Старшыня і сам заслугоўвае шмат добрых слоў. Ён быў ініцыятарам і арганізатарам калектыўнай гаспадаркі, адным з першых з мястэчка Крупкі ўступіў у яе, не на словах, а асабістым прыкладам вёў за сабою калгаснікаў, працуючы нараўне з усімі на полі, на сенакосе і іншых работах. У тым, што з цягам часу поспехі калгаса былі адзначаны на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставе ў Маскве, немалы і асабісты ўклад старшыні Сяднёва. Але Фёдар Аўдзеевіч не спыняўся на дасягнутым. Разумеючы, што для кіраўніка патрэбны не толькі арганізатарскія здольнасці і стараннасць, але і веды, ён адачасова працаваў і вучыўся, у прыватнасці, перыядычна павышаючы кваліфікацыю на курсах. Адначасова Сяднёў вёў актыўную работу і ў маштабах раёна, ужо як дэпутат раённага Савета. У гады Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Аўдзеевіч актыўна ўключыўся ў барацьбу з ворагам у складзе падпольнай арганізацыі і ў 1942 годзе быў расстраляны акупантамі.

Актыўную грамадскую работу ў складзе раённага Савета праводзілі і іншыя народныя выбраннікі. У прыватнасці, газета «Камуністычны шлях» знаёміла чытачоў з дэпутатамі раённага Савета Г.М.Рабцавым, М.М. Кліманскай, Б.В. Коганам, М.І. Анохіным, Р.В. Доменікавым, М.М. Казлоўскай, Ф.І. Міхайлавым, С.А. Аляксандравым, Б.Е. Гвоз­дзікам, С.К. Бярловічам, У.П. Гара, В.С. Навахрост, І.А. Залеўскім, М.М. Драніца, Р.Ц. Лучына, Т.М. Конанавай і іншымі.

Вельмі цікавыя асобы – дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР старшыня калгаса «Чырвоны май» (в. Студзёнка) Марфа Сысоеўна Якаўлева, аграном ка­лгаса «Май» (в. Майск) Міхаіл Іванавіч Бялевіч. Спынімся на іх больш падрабязна, паколькі гэтыя людзі заслугоўваюць асаб­лівай увагі.

Цяжкі лёс з маладосці выпаў на долю Якаўлевай. Нарадзілася яна і вырасла ў вёсцы Студзёнка ў сям’і бытрака Сысоя Аўдзеенкі. Разам з бацькамі працавала ў пана Семянтоўскага, затым прыслугай у купца Кандрацьева, пасля рэвалюцыі рабочай на прадзільнай фабрыцы ў Пецярбурзе. Там жа выйшла замуж за рабочага Пуцілаўскага завода Івана Якаўлева. Але на франтах грамадзянскай вайны каман­дзір роты чырвонагвардзейцаў Якаўлеў загінуў. У 1929 годзе Марфа вярнулася ў вёску Студзёнка і актыўна ўключылася ў арганізацыю калгаса. Да гэтага часу яна, яшчэ працуючы на фабрыцы, уступіла ў партыю. Спачатку працавала загадчыцай фермы, затым старшынёй ка­лгаса. Пад яе кіраўніцтвам гаспадарка стала адной з перадавых у раёне, а Марфа Сысоеўна ў 1938 годзе была выбрана дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Міхаіл Іванавіч Бялевіч спачатку працаваў участковым аграномам у некалькіх гаспадарках, затым ужо пастаянна ў калгасе «Май». Яго немалая заслуга ў тым, што калгас стаў адным з лепшым у раёне. У газеце «Звязда» быў надрукаваны артыкул пад назвай «Аграном Бялевіч». У ім рапавядалася аб жыццёвым шляху, працы Міхаіла Іванавіча. Ён рана застаўся без бацькоў, клопаты ўзяла на сябе дзяржава. З яе дапамогай юнак скончыў сямігодку, затым сельскагаспадарчы тэхнікум. У 1934 годзе пасля заканчэння навучальнай установы ён быў накіраваны ў Крупскую МТС. Малады спецыяліст шчыра ўзяўся за працу, і вынікі яе хутка далі плён. Адсюль і пашана, і давер. Амаль адначасова 3 калгасы з Крупскай выбарчай акругі ў 1938 годзе вылучылі яго кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР.

А вось што пісалі ў раённай газеце пра маладога агранома яго сучаснікі, аднавяскоўцы.

Кірыл Іванавіч Асіповіч, брыгадзір трактарнай брыгады Крупскай МТС: «З 1935 года я ведаю Мікалая Іванавіча Бялевіча. У той час я працаваў трактарыстам, а таварыш Бялевіч участковым аграномам Ігрушацкага і Нацкага сельсаветаў, з’яўляўся сакратаром пярвічнай камсамольскай арганізацыі. На працягу ўсяго часу ён клапатліва займаўся пытаннем увядзеннем агратэхнікі на калгасных палях. З гэтай мэтай па яго ініцыятыве рэгулярна працавалі гурткі агратэхнікі…»

Карп Лявонавіч Васілеўскі, старшыня калгаса «Май»: «З жніўня 1937 года тав. Бялевіч працуе ў нашым калгасе. Адразу ж па прыезду ў калгас нашы ка­лгаснікі знайшлі ў ім добрага працаўніка, чуллівага таварыша… У гэтам годзе мы атрымалі зерневых па 18 цэнтнераў з гектара, бульбы 200 цэнтнераў і льну 6 цэнтнераў… А ў гэтым вялікая заслуга належыць Бялевічу, якога мы паважаем як лепшага агранома, лепшага таварыша, змагара за сацыялістычную гаспадарку, за заможнае і радаснае жыццё калгаснікаў…»

Фёдар Антонавіч Карповіч, брыгадзір калгаса «Май»: «На працягу раду гадоў апрацоўка глебы ў нас была няправільная, якасць палявых работ дрэнная…Прыехаў працаваць у наш калгас аграном Мікалай Іванавіч Бялевіч. Не шкадуючы сіл і энергіі, ён узяўся за ўнядрэнне агратэхнікі ў калгасе…Зараз ужо не пачуеш ад старых, што, моў, дрэннае ўгнаенне, не тое і не ў той тэрмін трэба сеяць… Тав. Бялевіч вельмі многа з намі, брыгадзірамі, гаворыць. Зімой збіраў нарады і чытаў лекцыі па агратэхніцы…».

У ліпені 1938 года на старонках рэспубліканскай газеты «Звязда» быў апублікаваны артыкул «Па стаханаўску ўбяром багаты ўраджай» за подпісам старшыні калгаса «Май» Васілеўскага, брыгадзіраў Карповіча і Пятрова, калгаснікаў Дземчукова, Барысава. У ім, у прыватнасці, гаварылася: «17 мая мы добраякасна радковымі сеялкамі закончылі раннюю сяўбу. Шмат разоў рабілі праполку, тры разы падкармлівалі гнойнай жыжай, суперфасфатам і аміячнай сялітрай маладыя ўсходы. І выраслі яны на славу…А на рэкордных участках звеннявых Трафіма Вінцэсевіча Крышкаўца і Якіма Васільевіча Барысава атрымалі па 26 цэнтнераў аўса і ячменя…» За ўсімі гэтымі палявымі работамі і поспехамі  відаць старанная праца агранома.

 Нават калі яго прызвалі ў армію, дэпутат Вярхоўнага Савета Бялевіч не траціў сувязі са сваімі выбаршчыкамі. Ён не на словах, а на справе агітаваў сялян за больш сучасныя, эфектыўныя, на аснове навукі і тэхнікі, формы і метады вядзення сельскай гаспадаркі. Але такіх людзей, арганізатараў вытворчасці, не толькі адданых сваёй справе, але і маючых добрую спецыяльную падрыхтоўку, было ў даваенны час не вельмі шмат.

Нельга не сказаць і пра брыгадзіра Крупскай МТС  Кірыла Іванавіча Асіповіча. Яго немалая заслуга ў тым, што МТС лічылася адным з перадавых прадпрыемстваў раёна. Дзякуючы сістэме матэрыяльнага заахвочвання, у той меры, якая была магчыма для тых гадоў, маральнага стымулявання працы прадпрыемства паспяхова выконвала даведзеныя заданні. Кірыл Іванавіч немалую ўвагу ўдзя­ляў арганізацыі спаборніцтва сярод механізатараў, што таксама ішло на карысць агульнай справы. Ужо тое, што ён «вырас» з трактарыста да брыгадзіра трактарнай брыгады, сведчыць не толькі пра яго прафесіяналізм і стараннасць, але і пра добрыя арганізатарскія здольнасці.

13 ліпеня 1938 года бюро ЦК камсамола Беларусі зацвер­дзіла рашэнне Крупскага райкама камсамола аб занясенні на Дошку гонару пры газетах «Чырвоная змена» і «Сталинская молодежь» брыгадзіра трактарнай брыгады Крупскай МТС камсамольца Кірыла Іванавіча Асіповіча. Як адзначана ў адпаведнай пастанове Крупскага райкама камсамола, план вясенне-палявых работ брыгадай пад кіраўніцтвам Асіповіча паспяхова выкананы. Пры плане 540 гектараў апрацавана 680 гектараў, пры гэтым сэканомлена 100 кг паліва.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Асіповіч працаваў на абарону краіны, за што быў узнагаро­джаны медалём «За доблестный труд в годы Великой Отечественной войны». У першыя ж дні па­сля вызвалення Крупак Асіповічу было даручана аднавіць працу МТС. Пачаў ён з выяўлення, дзе ў вёсках засталіся трактары, якія можна адрамантаваць. Затым з дазволу райваенкамата з ліку прызыўнікоў, якіх накіроўвалі на фронт, адабралі людзей, знаёмых з тэхнікай, каля 20 чалавек. З іх дапамогай звезлі ў Крупкі астанкі трактараў, сабралі 12 спраўных машын і ўжо ў канцы лета 1944 года тэхніка выйшла ў поле. Гэта была вялікая дапамога вяскоўцам, тым больш, калі ўлічыць, што ў першую пасяўную каля 700 гектараў пашы калгаснікі ўскапалі альбо ўпрагаючы ў плугі кароў, альбо рыдлёўкамі ўручную. Пасля вайны Асіповіч скончыў Жыровіцкі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі і ўвесь час працаваў загадчыкам майстэрняў Крупскай РСХТ, затым інжынерам-майстрам, выбіраўся ў раённы Савет дэпутатаў працоўных (так раней называліся Саветы народных дэпутатаў).

Марына БАРАДАЎКА, Дзмітрый Хромчанка, кандыдат гістарычных навук.

Фотаматэрыял прадастаўлены Дзмітрыем ХРОМЧАНКАМ (друкуецца ўпершыню).

Автор

admin

admin

Актуально

26 ноября в Крупском ЦК пройдет ярмарка вакансий для граждан «серебряного» возраста и инвалидов

26 ноября с 10-00 до 13-00 часов в Крупском районном Центре культуры состоится ярмарка вакансий для граждан «серебряного» возраста и инвалидов. В ходе проведения мероприятия можно будет ознакомиться с вакансиями, предлагаемыми нанимателями, пройти собеседование, получить консультацию по вопросам трудоустройства, условиями труда, будут организованы мастер-классы по самостоятельному поиску работы (обучение навыкам работы с порталом государственной службы занятости), составлению резюме.

27 ноября можно получить консультацию врача общей практики на базе УЗ «Крупская ЦРБ»

Крупская ЦРБ информирует о возможности получить консультацию врача общей практики на базе УЗ «Крупская ЦРБ» 27 ноября.
Запись на консультативный прием предварительный, через лечащего врача.

23 ноября "прямую линию" проведет председатель районного Совета депутатов

В субботу, 23 ноября, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную линию проведет председатель Крупского районного Совета депутатов ДОМАРЁНОК Елена Александровна. Телефон 2-77-47.

27 ноября в Крупской ЦРБ пройдет консультация врача-гинеколога

Крупская ЦРБ информирует о возможности получить консультацию врача-гинеколога на базе УЗ «Крупская ЦРБ» 27 ноября. Запись на консультативный прием предварительный, через лечащего врача.

27 ноября в Крупской ЦРБ пройдет консультация хирурга-стоматолога

Крупская ЦРБ информирует о возможности получить консультацию врача хирурга-стоматолога на базе УЗ «Крупская ЦРБ» 27 ноября. Запись на консультативный прием предварительный, через лечащего врача.

22 октября ИМНС проводит день информирования по вопросом применения налога на профдоход

22 октября инспекцией Министерства по налогам и сборам Республики Беларусь по Борисовскому району для физических лиц проводится тематический день информирования по разъяснению вопросов применения налога на профессиональный доход при осуществлении видов деятельности, разрешенных для осуществления в качестве самостоятельной профессиональной деятельности, определенной приложением 2 к постановлению Совета Министров Республики Беларусь от 28.06.2024 № 457 «О видах индивидуальной предпринимательской деятельности». Обращаться в отдел информационно-разъяснительной работы инспекции по тел. (0177) 73-93-27.

Please publish modules in offcanvas position.