Такая акалічнасць надае яшчэ большай актыўнасці, натхняе на творчую дзейнасць. А гэта значыць толькі адно – іх колькасць прыхільнікаў павялічваецца з кожным выступленнем.
Толькі за апошні месяц самадзейны калектыў "Гасцінец" выступаў двойчы на шматлюдных канцэртных пляцоўках – на святах населеных пунктаў у вёсцы Грыцкавічы і ў саміх Халопенічах.
Там мы з імі і сустрэліся, пазнаёміліся. Даведаліся, што тры з чатырох спявачак «Гасцінца» працуюць у адным калектыве – у Халопеніцкім сельскім выканкаме. Святлана Сыцік – упраўляючы справамі, Галіна Маскалёва – спецыяліст, Кацярына Собаль – тэхнічны работнік сельвыканкама. І чацвёртая ў квартэце – Таццяна Асташка – загадчык Халопеніцкага пасялковага Дома культуры.
Напярэдадні падрыхтоўкі да святаў рэпетыруюць спявачкі-красуні амаль штодня. Пераважна падчас перапынкаў на абед. Ці дакладней – замест іх. Жартуюць, што так і трымаюць сябе ў форме. А інакш работаць над рэпертуарам не атрымліваецца: Галіна Маскалёва штодня на работу ў Холопенічы дабіраецца са Слабады (Эсса). А таму жанчыны імкнуцца, каб усім было зручна і нічога не перашкаджала ахвоце да творчасці.
Культарганізатар установы культуры Галіна Краснякова адзначыла, што назву калектыву самадзейныя артысты абралі з-за шматзначнасці тлумачэння слова «Гасцінец», якое выкарыстоўваецца пры абазначэнні «падарунка» і «шляху».
– Я ў захапленні ад пастаяннай актыўнасці гэтых дзяўчат, – падкрэслівае Галіна Віктараўна. – Дзейнасць калектыву – гэта не толькі спевы. Але і падбор рэпертуара. Узгадненне і шыццё сцэнічных касцюмаў. І на ўсё неабходны час. Неабходна энергія неабыякавых людзей.