krupki.by

ru RU be BE en EN

У Красноўцы правялі свята вёскі (фота)



У Красноўцы правялі свята вёскі (фота)

Автор / Общество / Пятніца, 31 Жнівень 2018 10:22 / Просмотров: 2465

У Красноўцы вяскоўцам і сонца здаецца святлейшым, тут больш радасней вясна, адчувальней водар кветак, гучней спявае салавей, лагодней летні вятрыска. Вёска, вёска... Усё на гэтай зямлі самае дарагое, самае блізкае. І куды б цябе не закінуў лёс, ніколі з ёй не парываецца духоўная сувязь. Прамое пацвярджэнне таму – цёплая сяброўская сустрэча «Мая вёска – ты песня і легенда», якая прайшла ў мінулую суботу ў вёсцы Красноўка Бобрскага сельсавета.

У гэты населены пункт мы прыехалі загадзя. Відавочна, што многія з вяскоўцаў хацелі паказаць сябе, як кажуць, ва ўсёй красе. Увагу прыцягвала выстава падзелак і вышыванак, на асобным століку былі прадстаўлены вырашчаныя на ўласных агародах сапраўдныя веліканы-агуркі, памідоры, гарбузы, рыхтаваліся да дэгустацыі сыры з малака коз. Многія спыняліся ля імправізаванай рэтра-фотавыставы «Мая малая радзіма – Красноўка», а таксама стэнда з каляровымі фотакарткамі «Лепшыя падвор’і вёскі». І гэта яшчэ не ўсё. Па наваколлі разносіўся водар юшкі, дыміў самавар, у якім для гарбаты заварваліся розныя лекавыя травы. Асобна рыхтаваліся артысты. Усё гэта дзеянне суправаджала музыка. Па вуліцы вёскі Красноўка ў вызначанае месца ішлі і ішлі самі вяскоўцы, шматлікія запрошаныя госці. Некаторыя час ад часу пад’язджалі на машынах.

– Менавіта вам, нашы шаноўныя землякі, госці і суседзі, прысвячаецца сённяшняе свята, – гаварыла яго вядучая дырэктар Бобрскага ГпДК Ірына Ярмоленка. – І перад яго пачаткам хацелася б адзначыць ветэранаў працы былога калгаса «Бобр». Гэта – Ніна Сцяпанаўна Лукашэвіч, Ядзвіга Рыгораўна Багданоўская, Валянціна Арсенцьеўна Каліноўская, Зінаіда Антонаўна Каравацкая, Вольга Маісееўна Бязмозгая. Гэтыя гучныя апладысменты вам, нашы шчырыя працаўнікі!

Намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Вольга Ермаловіч адрасавала сардэчныя словы ўсім прысутным на свяце, яшчэ раз нагадала, што сёлетні год – Год малой радзімы, дзякавала ўсім за вернасць і адданасць сваёй вёсачцы, за зроблены  ўклад у развіццё роднай гаспадаркі. Вельмі сардэчна віталі ўсіх са святам вёскі Красноўка старшыня Бобрскага сельскага выканаўчага камітэта Сяргей Гур і дырэктар ААТ «Кляновічы» Аляксандр Свірыдаў. Яны адзначалі стараннасць і ўвішнасць жыхароў, зычылі ім здароўя, поспехаў ва ўсіх справах, бадзёрасці і доўгіх гадоў жыцця. А ветэранам працы, прозвішчы якіх былі названы вышэй, былі ўручаны кветкі і падарункі.

Падчас свята я сустрэлася з Валянцінай Арсенцьеўнай Каліноўскай, якая ў свой час неаднаразова выбіралася дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў і толькі-толькі здала паўнамоцтвы старасты вёскі. Карэнная жыхарка ведае пра ўсіх, хто тут калісьці жыў і працаваў. А што значыць з 1971 па 1993 гады адпрацаваць брыгадзірам комплекснай брыгады?!

– Зямля трымалася і трымаецца на шчырых і працавітых людзях, – распавядала Валянціна Арсенцьеўна, якая сёлета адзначыць сваё 80-годдзе. – І асабіста мне пашанцавала менавіта на такіх. Я і сёння з удзячнасцю ўспамінаю Васіля Іванавіча Пятрушына, Мікалая Аляксеевіча Фралова, Аркадзя Ільіча Шынкарова, Яўгена Лявонцьевіча Бараболю. Ведала, калі ім даручыш якую-небудзь справу, можна не правяраць, бо зроблена яна будзе добрасумленна.

Да месца адзначыць, што праца і названых механізатараў, і брыгадзіра саўгаса «Бобр» высока адзначана дзяржавай. Усе яны – ардэнаносцы. А за атрыманую ўраджайнасць бульбы – звыш 300 цэнтнераў з гектара – Валянціна Арсенцьеўна была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

...Свята працягвалася. Ушаноўваліся і ўзнагароджваліся тыя, хто імкнецца зрабіць Красноўку яшчэ дыхтоўней і прыгажэй. У прыватнасці, самабытнай сядзібай прызнана падвор’е Андрэя і Наталлі Машковых. Узорнай сядзібай – Валянціны Губінай, а ў намінацыі «Кветкавы вернісаж» пераможцай выйшла Тамара Данькова. За сваё ўменне і старанне ўсе яны атрымалі граматы і падарункі, якія ім уручыў старшыня сельвыканкама Сяргей Гур.

Вельмі кранальна і сардэчна адрасаваў свае словы ўсім прысутным сённяшні стараста вёскі Красноўка Андрэй Машкоў, які тут нарадзіўся і які вярнуўся на сваю малую радзіму разам з жонкай Наталляй. Андрэй назваў прозвішчы вяскоўцаў, якіх засталося зусім мала і якім у любую хвіліну ён гатовы прыйсці на дапамогу. На прыканцы Андрэй зазначыў: «Я люблю вас усіх. Рады, што лёс накіраваў мяне на малую радзіму. Менавіта тут я знайшоў сваё шчасце, свой клопат і сваё натхненне. Азірніцеся! Якая цудоўная навокал прыгажосць! Упэўнены, што кожны з вас пагадзіцца са мной, што лепшага кутка, чым наша Красноўка, а ёй, дарэчы, сёлета спаўняецца 110 гадоў, і на ўсім свеце няма!»

На працягу ўсяго свята гучалі музыка і песні. Дарылі іх шматлікім гасцям, і непасрэдна жыхарам Красноўкі і навакольных вёсак, самадзейныя артысты Каласоўскага СДК – Ігар Сініцын, Юліана Сініцына, Яўгенія Дзем’яновіч, Валерый Янель і Бобрскага ГпДК – Ірына Ярмоленка, Ліза Конанава, Іна  Бараўцова, Лідзія Вішнеўская.

Можна смела сказаць, што літаральна ўсе красноўцы заслугоўваюць паважлівых слоў за сваю працу, за любоў да роднага кутка з яго салаўінымі спевамі і клёкатам буслоў, з журавіннымі балотамі і бруснічнымі барамі, з меднастволымі соснамі і курчавымі бярозамі. Нездарма ж ураджэнка Красноўкі, а зараз жыхарка паўночнага Мурманска, Валянціна Рудная час ад часу дасылае ў рэдакцыю пісьмы з такімі прыгожымі словамі, адрасаванымі любай і мілай вёсачцы: «Я прыеду! Я абавязкова прыеду! Мне трэба прайсці па травах, лясах, папіць гаючай вады з крыніц вёсачкі Красноўка, пастаяць ля магіл і памаўчаць...

Мая Белая, Белая Русь,
Мне б прызначыць з табою спатканне...
Дзе сунічнікам вецер прапах...»

Пагадзіцеся, хто можа сказаць так кранальна, як не чалавек, які тут нарадзіўся і вырас?

...На свяце ўсе прысутныя спрабавалі пірагі, якія прывёз з сабой дырэктар ААТ «Кляновічы» Аляксандр Свірыдаў, дэгуставалі сыры, прыгатаваныя Наталляй Машковай, пілі гарбату, ласаваліся грушамі і яблыкамі... І ў той цудоўны жнівеньскі дзень ніхто не хацеў разыходзіцца: над наваколлем яшчэ доўга-доўга луналі песні, а ўжо ўспамінам і размовам не было канца.

Автор

Татьяна Толкачева

Татьяна Толкачева

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.