Беларускі філолаг Фёдар Янкоўскі вызначыў паміж беларускай і рускай мовамі 43 марфалагічныя адрозненні, 27 фанетычных і больш за два дзясяткі сінтаксічных. І гэта без лексічных, якіх вялікае мноства. Таму адназначна – наша мова самастойная.
Наш славуты зямляк пісьменнік Адам Міцкевіч надта любіў і цаніў родную мову. У сваёй лекцыі ў Парыжы ён назваў яе самай гарманічнай і з усіх славянскіх моў найбольш захаванай.
Даследванні ЮНЕСКА сведчаць, што беларуская мова з’яўляецца самай мілагучнай пасля італьянскай. Мілагучнасць у многім абумоўлена мяккасцю, якая перадаецца ад суседніх гукаў. Напрыклад, у словах пес[с’]ня ці пе[н’]сія. Плаўную музычнасць мове надае вялікая колькасць адкрытых складоў. Павышае мілагучнасць мовы адметны санорны гук «ў», які ўжываецца ў самых розных формах слоў: зрабіў, аўторак, заўтрашні, за ўсё, паўсюль. А наколькі прыемныя слыху падоўжаныя л’, н’, з’, с’, дз’, ц’! Толькі прыслухайцеся: адцен-н-не, шматгалос-с-се, завугол-л-ле…
Беларуская мова – адна з самых багатых у свеце. На тэрыторыі Беларусі існуюць сотні гаворак. Што цікава, часам адрозніваюцца гаворкі не толькі суседніх вёсак, але і двух канцоў адной вёскі! Напрыклад, у пачатку вёскі могуць казаць «шапа», «пляшка»,. «лаўка», а праз колькі хат – «шафа», «бутэлька» «крама». І калі ў літаратурнай мове налічваецца 250-500 тысяч слоў, то ў дыялектнай – каля двух мільёнаў!
Беларуская мова і адна з самых жывых моў. Калі ў мове беларусу чаго не хапае – ён дадае, калі, наадварот, штосьці перашкаджае – адбірае.
Мілагучная, багатая, жывая, песенная і старажытная… Беларуская мова заслугоўвае таго, каб яе любілі і на ёй гаварылі.